Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сям’я Ляшковічаў з Даўгінава – у ліку пераможцаў абласнога праекта «Уладар сяла-2024»

Абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага проекта «Уладар сяла-2024» 21 чэрвеня сабраў у Крупках 18 сямей з усёй вобласці. Праходзіў конкурс на базе зоны адпачынку «Камсамольскі бераг». Папярэднічалі абласному раённыя этапы, падчас якіх найбольшую актыўнасць праявіла Вілейшчына – у конкурсе ўдзельнічала аж дзесяць сямей.


І вось ён – абласны этап, на якім наш раён прадстаўляла сям’я Алены і Паўла Ляшковічаў і іх шасцёра дзетак. У праграму мерапрыемстваў уваходзілі творчыя конкурсы, у ходзе якіх сем’і дэманстравалі свае захапленні і таленты, а таксама практычныя, у якіх трэба было паказаць свой спрыт у нейкіх штодзённых справах. Так, напрыклад, цікава было паглядзець, як таты ўмеюць спавіваць дзетак. І ведаеце, умеюць. Часам не горш за матуляў. А як умела манеўравалі вяскоўцы з садовымі тачкамі! Альбо як спрытна пілавалі дровы, збіралі яблыкі, вязалі венікі і рабілі яшчэ многа спраў! Адразу відаць, сапраўдныя гаспадары на сваёй зямельцы, якія, дарэчы, не толькі ў працы майстры, але і ў прыгатаванні страў. Вунь як спраўна смажылі дранікі на калодзе, і атрымалася такая смаката!


Адбылося цудоўнае мерапры­емства, якое яшчэ раз паказала, як многа ў нас працавітых, таленавітых і творчых сельскіх сямей. Няпроста, вядома, было выбраць з іх самых дастойных і ўсё ж прыйшлося. Першае месца кампетэнтнае журы аддало сям’і Шыла з Барысаўскага раёна, на другім – сям’я Сударавых са Старадарожчыны, а трэцяе – у нашых землякоў, сям’і Ляшковічаў з Даўгінава.


– Было, канешне ж, адказна і нялёгка, – падзялілася ўражаннямі ад конкурсу Алена Ляшковіч. – Хваляваліся. Але вельмі дапамагала падтрымка людзей, якія ў гэты адказны дзень былі з намі на конкурсе. А гэта нашы блізкія, дзяўчаты з райкама БРСМ. Нават старшыня Даўгінаўскага сельсавета Эдуард Яцкевіч быў у нашай групе падтрымкі. Канешне ж, гэта да многага абавязвала, давала сілы прадэманстраваць усё, што ўмеем і ведаем. Мы стараліся.
І недарэмна – усё ў Ляшковічаў атрымалася. Ганаровае трэцяе месца і сертыфікат у аквапарк у якасці падарунка – гэта спаўна імі заслужана. Віншуем і ганарымся!


Ірына БУДЗЬКО. Фота прадастаўлена Дар’яй ЛЯШКЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries