Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Святлана Спадар: «Кожная мудрая бабуліна парада спатрэбілася ў жыцці, і сёння ўспамінаецца многае…»

Вайна ў лёсе чалавека… Страшэннае спалучэнне слоў, калі ўглыбіцца
ў іх сэнс. Людзям, што прайшлі праз жахі вайны і выжылі, да апошняй хвіліны не давала спакою перажытае і ўбачанае.

«Каб тады разумела, наколькі каштоўныя гэтыя ўспаміны, запісвала б кожнае бабуліна слова», – стрымліваючы няпрошаныя слязінкі ўзмахамі веек, гаворыць Святлана Спадар, унучка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ганны Сямёнаўны Андрэевай.

Бабуля навучыла трываласці і працалюбству, паўплывала на выбар прафесіі, навучыла ніколі не здавацца і не схіляць галаву перад цяжкасцямі – за гэта Святлана Мікалаеўна ёй вельмі ўдзячна.
«А яшчэ яна навучыла мяне любіць жыццё і пакінула ў душы часцінку зарада сваёй баявой энергіі. Кожная мудрая бабуліна парада спатрэбілася ў жыцці, і сёння ўспамінаецца многае… Пра вайну яна расказвала не вельмі шмат, а можа мы, унукі, не цікавіліся тады гэтай тэмай, як маглі б зараз», – разважае Святлана Спадар і расказвае пра жыццёвы шлях роднага чалавека.
Ганна Сямёнаўна Андрэева­Кашыцкая нарадзілася 21 мая 1923 года ў вёсцы Лутава-Сяльцо на Ушаччыне. Ушацкую сямігодку скончыла ў 1938 годзе і адразу паступіла ў Лепельскае педвучылішча. У 1941 годзе яна вучылася на трэцім курсе…


«Мы ў чэрвені здавалі дзяржэкзамены. І ў нядзелю, 22 чэрвеня, рыхтаваліся да здачы чарговага экзамену. Радыё выключылі – каб не перашкаджала. А першай гадзіне ў нас перапынак. Мы з дзяўчатамі, суседкамі па пакоі, выйшлі ў горад, каб адпачыць. Ідзём па парку і бачым, што бягуць людзі, бягуць і салдаты, якія былі адпушчаныя ў горад. Мітусня нейкая. Чуем – «вайна», «вайна». Што і дзе – не разумеем. Бяжым да вучылішча. Уключылі радыё. А там дыктар па некалькі разоў паўтарае: «Без усялякіх прычын, без аб’яўлення вайны… салдаты Германіі перайшлі нашу дзяржаўную граніцу» – і гэтак далей. Заставалася здаць яшчэ два экзамены. У панядзелак мы здалі адзін, а 25 чэрвеня – другі. 26 чэрвеня нам выпісалі атэстаты і адправілі па хатах. Дадому мы ішлі са сваімі чамаданамі з сяброўкай у накірунку да Ушачаў. Нямецкія самалёты лёталі так нізка над намі, што мы бачылі вялікія чорныя крыжы на іх крылах, на корпусе. Па дарозе ехаў воз, самалёт адкрыў па ім агонь. Мы схаваліся ў кустах. Потым пайшлі далей. Так для мяне пачалася вайна…»

Гэта – вытрымка з успамінаў Ганны Сямёнаўны, якія беражліва захоўвае яе ўнучка.
Вёска знаходзілася па прамой у 11 кіламетрах ад граніцы 1939 года. Немцы там з’явіліся хутка. Першыя ўвайшлі ў вёску з крыкамі «Камуністам, камсамольцам капут». Лавілі курэй, душылі іх. Прама на вуліцы распальвалі вогнішчы і варылі курэй. Усе жыхары баяліся, што яны спаляць вёску. Але першыя часткі надоўга не затрымліваліся – хутка ішлі на Полацк.

Дзяўчаты-падлеткі хаваліся, апраналіся ў лахманы, бруднае адзенне. Баяліся трапіць у рукі фашыс­таў – у суседняй вёсцы дзяўчыну схапілі і болей яе не бачылі…

Хутка прайшло лета. Зімою ўсе рыхтаваліся пайсці ў лес. Прыйшла вясна, пачалі шукаць па лясах партызанаў.

«У сярэдзіне чэрвеня ўся наша камсамольская арганізацыя – восем хлопцаў і тры дзяўчыны – далучыліся да партызанскай брыгады імя Мельнікава. Мяне накіравалі ў 2-гі атрад. У жніўні выклікалі ў штаб брыгады. Сабралі 25 чалавек, з іх – пяць дзяўчат: дзве медсястры, дзве настаўніцы і адна – толькі скончыла 9 класаў. Нас накіравалі на баявое заданне. Як потым стала зразумела, куды б ні накіроўвалі, называлася «па баявым заданні». Так мы апынуліся ў савецкім тыле – у вёсцы Барлова Калінінскай вобласці. Там была наладжана падрыхтоўка падрыўнікоў-дыверсантаў, праводзіліся тэарэтычныя і практычныя заняткі па падрыўной справе. Потым групы адна за адной адпраўляліся на заданні. Мне трэба было прымаць залікі ў курсантаў па стральбе і дыверсійнай справе. 10 кастрычніка 1942-га быў створаны дыверсійны атрад з 99 чалавек, які быў накіраваны ў глыбокі варожы тыл у Заходняй вобласці Беларусі для развіцця партызанскага руху. Я стала разведчыцай. Ішлі ў Вілейскую вобласць.

Потым праводзілі баявыя аперацыі па ўсёй яе тэрыторыі», – гэтымі фактамі працягваецца нізка ўспамінаў.

Такімі былі маладыя гады бабулі Святланы Спадар – замест мірнай настаўніцкай працы дзяўчына займалася разведчыцкай дзейнасцю. Напэўна, не трэба тлумачыць, якая рызыка суправаджала яе пры гэтым. 2 жніўня 1943-га падчас чарговага задання «рэйкавай вайны» двое яе таварышаў былі забіты, а яе кантузіла.

З ліпеня 1944 па сакавік 1945 года Ганна Сямёнаўна была сакратаром Куранецкага райкама камсамола. Яго, дарэчы, узначальваў яе будучы муж – Сяргей Андрэеў. З сакавіка 1945 па студзень 1948-га працавала намеснікам начальніка аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі. Да студзеня 1951 года была старшынёю планавай камісіі Вілейскага гарвыканкама, затым –намеснікам старшыні райвыканкама.

З 1951 года па снежань 1955-га ўзначальвала аддзел прапаганды і агітацыі Вілейскага гаркама партыі. З 1955 па верасень 1966 года працавала настаўніцай у сярэдняй школе №2, а з 1966-га і да выхаду на пенсію ў 1985 годзе была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе №3. У сухіх радках біяграфіі – жыццё, якое вайна не развучыла любіць гэту невысокую, але з моцным характарам, жанчыну.

Два ордэна Вялікай Айчыннай вайны І ступені, ордэн «За адвагу», медалі Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені, медаль Жукава і яшчэ 14 медалёў – баявыя ўзнагароды. Значок «Выдатнік народнай асветы», ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР», шматлікія ганаровыя граматы – узнагароды мірнага часу. І гэта для ўнукаў Ганны Андрэеўны – падстава да гонару за сваю гераічную бабулю.

Бабуля заўсёды ахвотна ішла на сустрэчы са школьнікамі і моладдзю, удзельнічала ў святкаванні памятных дат – 9 мая і Дня Незалежнасці, успамінае Святлана Спадар. І нават калі здароўе давала збой, Ганна Сямёнаўна заўсёды мабілізоўвалася і насуперак узросту і хваробам, падцягнутая, актыўная, жыццялюбівая, была ў страі. Гэты вобраз няскоранай вайною жанчыны застаўся ў памяці родных і ўсіх, хто ведаў яе, і сёння.

 

Таццяна ШАРШНЁВА/фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries