Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Святаслаў Клямячыц: «Успамінаецца толькі добрае»

Дынастыя педагогаў Клямячыцаў на Вілейшчыне (ды і не толькі тут) добра вядомая. Ля яе вытокаў стаіць Святаслаў Іванавіч, колішні дырэктар першай гарадской школы. Яму, ветэрану педагагічнай нівы, некалькі пытанняў:
? Што ўспамінаецца вам, ветэрану педагагічнай працы зараз?
– Перш за ўсё добрае, бо станоўчага, пазітыўнага было значна болей у нялёгкай настаўніцкай працы і жыцці. А ўспамінаць ёсць аб чым. Амаль трыццацігадовая дырэктарская праца шмат чаму навучыла, дала пэўны прафесійны і жыццёвы вопыт. А ўспамінаюцца перш за ўсе тысячы вучняў, іх бацькоў, сотні настаўнікаў, з якімі давялося працаваць у Заброддзеўскай васьмігадовай, Іжанскай сярэдняй, гарадскіх СШ №2 і СШ №1. Успамінаецца будоўля і добраўпарадкаванне гэтых школ. Колькі энтузіязму было ў будаўнікоў, настаўнікаў, бацькоў і вучняў у той час. Успамінаецца, што СШ №2 усяго за паўгода была поўнасцю абсталявана навучальнымі кабінетамі і перайшла на кабінетную сістэму навучання. А які цудоўны атрымаўся рэспубліканскі семінар на тэму: «Сувязь школы, сям’і і грамадскасці», дзе для міністэрскіх работнікаў, загадчыкаў усіх абласных аддзелаў адукацыі, рэктараў бацькаўскіх педуніверсітэтаў была паказана работа нашага бацькоўскага ўніверсітэта. Успамінаюцца не толькі ўрокі, школьныя мерапрыемствы, але працоўныя будні нашых вучняў. Палову бульбяных палеткаў саўгаса «Любань», а гэта 100 гектараў, убіралася менавіта імі.
А колькі цудоўных экскурсій па вялікім і магутным СССР зрабілі нашы вучні, настаўнікі. Біяграфія іх такая: Мінск, Масква, Рыга, Вільнюс, Ленінград, Кіеў, Адэса…
Запамінальнай для нашых настаўнікаў стала экскурсійная паездка па маршруту Мінск-Вільнюс-Рыга-Пярну-Нарва-Таллін.
А выезд настаўніцкага калектыву СШ №1 на Браслаўскія, Блакітныя азёры, Нарач. Мастацкая самадзейнасць, Дні ведаў, першы і апошні званок – усё гэта і многае іншае заўсёды стаіць перад вачыма зараз. Далёкая Манголія, дзе прыйшлося выконваць інтэрнацыянальны доўг – яшчэ адна старонка маёй біяграфіі.
? Чым займаецеся зараз? Якое хобі знайшлі для сябе і жонкі Людмілы Яфімаўны?
– Земляробствам, дачнымі справамі. Збіраем грыбы, ягады, кансервуем, марынуем, нарыхтоўваем карысную вітамінную прадукцыю. Вядзём дзённік – хроніку сельскагаспадарчага года пенсіянераў-дачнікаў.
А яшчэ займаюся аматарскім пісьменніцтвам. Самвыдатам выйшаў зборнік мініяцюр, гумарэсак, абразкоў «Усміхнёмся па-добраму», а таксама напісаў хроніка-дакументальны летапіс «Жыццё, праца, успаміны, думкі і разважанні саўковага настаўніка на памежжы XX і XXI стагоддзяў».
Чытаем перыёдыку, у сям’ю ідзе чатыры падпісныя выданні. А яшчэ мы – актыўныя тэлегледачы, асабліва навінных і спартыўных праграм.
? Раскажыце крыху, Святаслаў Іванавіч, пра сям’ю, настаўніцкую дынастыю.
– Жонка – Людміла Яфімаўна. За мной – як нітка за іголкай: Заброддзе–Іжа–Вілейка–Улан-Батар–Вілейка. Апошнія 30 гадоў адпрацавала у Вілейскім ПТВ-48 (зараз прафесійна-тэхнічны каледж).
Старэйшая дачка Святлана – дырэктар Вілейскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Малодшая – Аксана, жыве і працуе ў Маладзечне, таксама педагог, у СШ №14 выкладае англійскую мову. Зяць Яўгеній – дырэктар ДРБУ-49 у Маладзечна. У гэтым годзе стаў пяцікласнікам гімназіі-каледжа мастацтваў унук Даніла. Сваімі дзецьмі ганарымся і ўважліва сочым за іх жыццём, прафесійным ростам, працоўнай дзейнасцю. Дарэчы, настаўніцамі працавалі і працуюць сёстры жонкі, Алена Яфімаўна Якжык і Марына Яфімаўна Літвін, дзве пляменніцы, жонка брата. Так што ў радні ёсць педагагічная жылка, якую маладыя развіваюць год ад года. А гэта, бадай, самае галоўнае ў педагагічнай працы. Свайму ўнуку прысвячаю першую кніжачку мініяцюр «Усміхнёмся па-добраму». Думаю, што з цікавасцю для сябе прачытае і кнігу маіх мемуараў і што-небудзь возьме для сябе з успамінаў дзеда.
? Хутка Дзень настаўніка. Гэта і Ваша, Святаслаў Іванавіч, свята, і свята многіх і многіх Вашых калег. Думаю, Вам прыемна будзе іх павіншаваць праз газету…
– Безумоўна. Ад усёй сваёй сям’і сардэчна віншуем з Днём настаўніка педагогаў Вілейшчыны. Гэта свята – адно з самых значных у нашай краіне, дзе веды і адукацыя заўсёды высока запатрабаваны нашым грамадствам. Хочацца пажадаць усім школьнікам настойлівасці і поспехаў у вучобе, дастойных адзнак, верных сяброў, цікавага і насычанага школьнага жыцця. Няхай гэты навучальны год будзе паспяховым, а кожны дзень вучобы і працы прынясе радасць творчасці.
Бацькам і настаўнікам – радасці за сваіх дзяцей і вучняў, мудрасці, цярпення, прызнання і павагі.
Добрага ўсім здароўя, шчасця і радасці блізкім, аптымізму і веры ў лепшае будучае, душэўнай цеплыні ў чалавечых адносінах.
– Шчыра дзякую Вам, Святаслаў Іванавіч, за цікавы аповяд. Прыміце і Вы, і ўсе Вашы блізкія сардэчныя віншаванні з прафесійным святам і пажаданні ўсяго найлепшага ў жыцці.
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО
Фота з сямейнага архіву сям’і Клямячыц

Святаслаў Клямячыц

Фота з сямейнага архіву сям’і Клямячыц

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries