Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Светлай ноччу ўлетку мы шукалі папараць-кветку

Папараць-кветка – гэта, безумоўна, вобраз, легенда, прыгожая выдумка усхваляваных высокімі пачуццямі людзей, якія імкнуцца да шчасця. А гэтыя «высокія пачуцці» можна набыць, апанавацца імі, напоўніць сваё сэрца, тым самым як бы ўзгадаваць у сваёй істоце сваю папараць-кветку. Мне здаецца, многія з прысутных на свяце «Купалле» ў Ільі змаглі перажыць такія імгненні. Менавіта такую мэту і ставілі перад сабой работнікі Ільянскага СКД, калі рыхтаваліся да свята «Купалле».
Змястоўным прадстаўленнем, галоўнымі дзеючымі асобамі якога былі Купаліш (Мігуцкі Валерый) і Купалінка (Крывенькая Вера), русалкі (Шымановіч Ірына, Івашанка Ганна, Завацкая Валерыя), нячысцікі і ведьма (вучні мясцовай школы) і іншыя, дзеяй-забавай, карагодамі-песнямі, гульнямі-скокамі, цудоўнымі касцюмамі, зробленымі з фантазіяй і густам сваімі рукамі, работнікі культуры змаглі закрануць сэрца кожнага, хто быў на свяце.
А пачыналася Купалле ў Ільі яшчэ задоўга да прадстаўлення. Вядзьмарскі воз (кіроўца Корсак Яўген і чараўніца-зёлачніца Івашанка Ірына) разам з падлеткамі ў купальскіх вяночках нетаропка аб’язджалі падвор’і: віншавалі гаспадароў, запрашалі іх на свята, раздавалі купальскія зёлкі, збіралі непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы для купальскага вогнішча.
Што ні кажы, людзей багата
Купальскае сабрала свята.
Радавалі прысутных песнямі самадзейныя артысты гуртоў «Домісолькі» і «Медуніца» і іх кіраўнікі Антаніна Галубовіч і Вераніка Шымановіч.
Сваю падтрымку Ільянскаму СДК аказалі і суседзі – Абадоўскі сельскі клуб (Анфіса і Давід Дуровічы), Селішчанскі сельскі клуб (Наталля і Ірына Шымановічы), а таксама госця з Вілейкі Наталля Блізнюк, «залаты голас» якой быў нядаўна адзначаны першай прэміяй на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля».
Гарэла, асвятляючы наваколле, купальскае вогнішча. Дзяўчаты пускалі вяночкі па рацэ Ілля і, вядома ж, моладзь цэлую ноч шукала папараць-кветку, сваю кветку шчасця. Спадзяюся, што многім гэта ўдалося.
Галіна КУТАС, кіраўнік народнага калектыву «Імпэт» Ільянскага СДК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries