Бываюць у нашым жыцці моманты, якія словамі перадаць складана. Прысутнасць на ўрачыстасці з нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі – адзін з такіх. Было ўнутранае адчуванне хвалявання, калі ён паклаў руку на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і вымавіў тыя 30 слоў, якіх чакала ад яго краіна. Кіраўнікі дзяржаўных структур, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці яшчэ раз пераканаліся, што Беларусь захоўвае курс на паступальнае развіццё, без ператрусаў і рызыкоўных сацыяльных эксперыментаў.
Дарэчы, сацыяльная тэма ў розных ракурсах гучала і ў выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падчас цырымоніі прынясення прысягі. Увага была акцэнтавана на пытаннях развіцця адукацыі, сістэмы аховы здароўя. Гэта тое, чым мы паслядоўна займаемся ў рэгіёнах, надаючы сваім бюджэтам сацыяльны накірунак.
Зразумелая трывога кіраўніка дзяржавы ў адносінах ідэй вокамгненных перамен, непрадуманых рэформ. Тых, што могуць негатыўна спрацаваць у адносінах якасці жыццезабеспячэння грамадзян. Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды шчыра і недвухсэнсоўна, выказаўся па гэтаму пытанню.
Ты не павінен здрадзіць свайму народу, – гэтымі словамі, звернутымі да сябе асабіста, Прэзідэнт завяршыў сваё выступленне. І кожны з прысутных, я ўпэўнена ў гэтым, паверыў, што менавіта так і будзе.
Святлана ДЗЯРУГА, намеснік старшыні райвыканкама
Мне пашчасціла прысутнічаць на канцэрце ў Палацы Рэспублікі і сядзець у першых радах гледачоў. Праграма захапляла, стварала ўзнёслы эмацыянальны настрой, нейкі асаблівы стан душы. Магчыма, гэта быў водгаласак лёсавызначальнай для краіны падзеі, якая толькі што адбылася ў Палацы Незалежнасці – цырымоніі інаўгурацыі, стаўшай свайго роду вынікам кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усяго некалькі прывітальных слоў прамовіў Прэзідэнт са сцэны Палаца Рэспублікі пад дружныя апладысменты залы. А пасля разам з усімі глядзеў святочны канцэрт.
У праграме былі шырока прадстаўлены мастацкія калектывы з усіх рэгіёнаў краіны. Алена Ланская, Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Юрый Антонаў… Гучалі творы ў выкананні папулярных артыстаў эстрады, творчых калектываў «Сябры», «Песняры», удзельнікаў Еўрабачання.
Дзень, распачаты ўрачыстасцю інаўгурацыі, меў варты свой працяг.
Вольга ШЫРОЧЫНА, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў


