Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сусветна вядомы акадэмік мастацтваў і мазаікі з Цынцавіч

Да 100-годдзя са дня смерці мастака Нікадзіма Юр’евіча Сілівановіча.

На радзіме ў вёсцы Цынцавічы, непадалёку ад павятовага горада Вілейка, 21 мая 1919 года на 85-м годзе жыцця завяршыў свой зямны шлях акадэмік Санкт-Пецярбургскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў, цітулярны саветнік са старшынством, Яго Высакароддзе Нікадзім Юр’евіч Сілівановіч.
У гэты дзень не было ўжо ні Расійскай імперыі, ні імператарскай акадэміі. Для вяскоўцаў ён быў старым, напэўна, хворым, чалавекам, якому дзіўным чынам, у вельмі паважаным узросце, пашчасціла ў такі цяжкі і небяспечны час дабрацца да малой радзімы і сярод сваякоў завяршыць свой працяглы жыццёвы шлях. Гэтаму многія маглі б пазайздросціць у тыя часы войн і ліхалецця.

З біяграфіі мастака, напісанай сынам Юзафам, вядомы апошнія гады жыцця Нікадзіма Сілівановіча, год і месца яго смерці. У літоўскіх і нашых публікацыях сцвярджаецца, што месца пахавання пакуль невядома. Напэўна, у аўтараў артыкулаў была надзея, што недзе адшукаецца вялікі гранітны надмагільны помнік, годны акадэміка. Гэта мары мастацтвазнаўцаў, рэальная гісторыя паказвае адваротнае.

Спачатку паспрабуем высветліць прычыну ад’езду 80-гадовага мастака ў Санкт-Пецярбург, пазней у «родную Вілейку»– у Цынцавічы. Пачалася Першая сусветная вайна, у 1915 годзе фронт набліжаўся да Прэн, дзе ён жыў з сынам Юзафам, пагражала акупацыя германскімі войскамі. Упэўнены, справа ў персанальнай пенсіі, дадзенай асабіста Імператарам (1468 рублей 20 капеек). У германскай акупацыі пенсію не плацілі б – і Сілівановіч паехаў у Санкт-Пецярбург. Восенню 1917 года ўжо ў Петраградзе ўладу захапілі бальшавікі, стары акадэмік канчаткова застаўся без пенсіі, без сродкаў існавання. Прэны былі за лініяй фронту, даехаць туды было немагчыма. Адзіным месцам, дзе яму маглі даць прытулак, былі Цынцавічы. Даехаць туды магчыма было толькі вайсковым эшалонам. Упэўнены, акадэмік Сілівановіч меў знаёмых сярод высокапастаўленых вайскоўцаў і яго даставілі ў Вілейку, а потым – у самі Цынцавічы.

Пасля адыходу з жыцця у маі 1919 года, безумоўна, ён быў пахаваны на новых вясковых могілках, дзе ў Сілівановічаў была асобная пляцоўка – яны былі католікамі. Там былі пахаваны яго бацькі і іншыя родзічы. Застаецца, мачыма, апошняе пытанне: чаму няма надмагільнага помніка, годнага Акадэміка? Каб знайсці адказ на гэта пытанне, маем магчымасць даведацца, што адбывалася ў тых мясцінах вясной і летам таго ж года, з занатаваных успамінаў відавочцаў і ўдзельнікаў тагачасных падзей.

Першая сусветная скончылася, Германія пераможана, немцаў замянілі польскія войскі, вайна прадоўжылася, але грамадзянская. У красавіку 1919 года палякі захапілі Вільню і рушылі праз Вілейку на Полацк. Вось як успамінаў падзеі тых часоў жыхар в. Більцавічы, удзельнік грамадзянскай вайны М. Гатоўскі: «23 гады было мне, калі Беларусь тапталі польскія акупанты ў 1919 годзе. Якраз служыў у Вілейцы ў эскадроне 1-га кавалерыйскага дывізіёна. У вёсцы Бараўцы стаяў узвод нашай пяхоты, у Порсе – дзве батарэі, а ў Любані знаходзіліся штаб і рота. Памятаю, летам неяк паступіла ўказанне быць у поўнай баявой гатоўнасці! А на наступны дзень прыскакаў запылены веставы з Бараўцаў з весткай, што палякі зайшлі з тылу і забралі ўзвод пяхоты. Ускочылі на коней. Нас чалавек 30 было. Выскачылі ў Вілейцы з-за могільніка і адразу ж убачылі ўдалечыні шматлікую варожую пяхоту. Не было сэнсу прымаць бой. Рашылі хутчэй паведаміць у Порсу, каб адкрылі агонь па ворагу з гармат. Паслалі казака. Але і тут напаткала няўдача: Порсу ў абыход захапілі ўланы. Пасланы казак ледзь не трапіў у варожыя рукі. Толькі звычайная цывільная вопратка дапамагла яму павярнуць каня на Каловічы ды прыпусціць на ўсю выцяжку ў Любань, каб паведаміць аб усім у штаб. Самі ж пачалі адступаць на Куранец…».

Тыя ж падзеі прыводзяцца ў «Нарысе ваеннай гісторыі польскіх палкоў 1919-1920 гг.», толькі вачамі палякаў. Калі коратка – «…батальён пад камандаваннем маёра Дуб-Бернацкага ад Залесся ноччу падышоў і захапіў фальварак Тэклінполь і Шылавічы. Затым частка батальёна рушыла на Вілейку, астатнія праз Цынцавічы выйшлі на Куранец…». Існуе яшчэ летапіс Нарочскай Свята-Ільінскай царквы, складзены протаіерэем Паўлам Сасноўскім, у якім можна ўбачыць агульнае становішча жыцця насельніцтва ў тыя гады… 1918 год. Вясной у прыходзе пачалася галадоўка, таксама і ў суседніх прыходах; пуд хлеба даходзіў да 200 рублёў – народ збяднеў і моцна бедававаў, увосень людзі паміралі ад інфлуэнцы па некалькі душ у дзень. 1919 год. Бедствы вайны ў нашым прыходзе прадоўжыліся і ў гэтым годзе. Пасля адыходу германцаў да нас прыйшлі рускія войскі, затым прыйшлі польскія войскі; у нашым прыходзе былі невялікія вайсковыя сутычкі, з забітымі і раненымі. Голад вясной быў моцны, народ збяднеў, нават былі выпадкі смерці ад голаду. Пуд хлеба даходзіў да 500 рублёў. Кошт папяровых грошай зваліўся да таго, што адзін крэдытны білет раўняецца 1/100 і нават 1/200 срэбранага ці залатога рубля. 1920 год. І ў гэтым годзе ў нашым прыходзе прадаўжаліся бедствы вайны…».

Зыходзячы з вышэй прыведзеных фактаў гісторыі, становіцца зразумелым, што ў такіх абставінах мелася магчымасць паставіць над магілай мастака толькі драўляны крыж і пакласці невялікі камень. Крыж з часам разваліўся, а камень ляжыць сярод іншых камянёў каля магілы яго бацькі – Юркі Сілівановіча. Пашанцуе, калі на адным з камянёў знойдзецца якая-небудзь метка ці літары. Спадзяюся, што ніхто не супраць, калі з цягам часу на могілках у Цынцавічах дзіўным чынам з’явіцца гранітны надмагільны помнік, годны нашага вядомага земляка, акадэміка Санкт-Пецярбургскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў Нікадзіма Юр’евіча Сілівановіча.

Анатоль КАПЦЮГ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 27 queries