Сустрэчы Марыны і Аляксандра, пра якія хочацца расказаць, верагодней за ўсё, і не адбылося б. Каб не страшная навала – чарнобыльская трагедыя, з-за якой родная вёска Аляксандра ў Хойніцкім раёне трапіла пад высяленне. Так у 1989 годзе сям’я пераехала на Вілейшчыну, у Крывое Сяло. Тут Саша Данец заканчваў школу, адсюль паступіў на вучобу ў тэхнікум, а затым пайшоў у армію. Служыў, а ў Вілейцы чакала прыгожая дзяўчына, без якой і не ўяўляў жыцця. Ледзь споўнілася Марыне васямнаццаць, маладыя пажаніліся.
– З таго часу прайшло ўжо вунь колькі гадоў, – усміхаецца Марына Данец. – У нашай сям’і падрастаюць дзве дачушкі – Жанна і Дыяна, мае памочніцы па гаспадарцы. Старэйшай ужо чатырнаццаты год.
Дзяўчынкі, як і мама, вельмі любяць кухарыць. А ў Марыны гэта, відаць, ад яе бабулі ды ад суседкі, якая славілася ўменнем рыхтаваць цудоўныя сталы да розных святаў. Яшчэ падлеткам Марына старанна збірала рэцэпты розных страў і спрабавала сілы ў іх прыгатаванні. Закончыўшы пасля школы вучылішча і атрымаўшы прафесію прадаўца, дзяўчына ўжо ў той час іншы раз задумвалася пра перспектыву адкрыць сваю ўстанову, у якой людзі змогуць з задавальненнем падсілкавацца ўмела прыгатаванымі стравамі. Ды ў тыя гады пра такое можна было хіба толькі марыць…
Ішоў час, і толькі ў гэтым годзе Марына асмелілася ажыццявіць сваю запаветную мару. Вядома ж, пры падтрымцы Аляксандра і ўсіх родных. Жанчына адчувала, што вопыту (працоўны шлях ад прадаўца да загадчыцы магазіна, была старшым бармэнам) і жадання ў яе хапае, стрымлівала фінансавае пытанне.
– Што і казаць, на пачатковым этапе нас падтрымалі, – расказвае Марына. – Ад цэнтра занятасці мы атрымалі субсідыю на развіццё бізнесу, супрацоўнікі сектара гандлю райвыканкама далі кансультацыі, якія вельмі прыгадзіліся. Знайшлі агульную мову і падтрымку ў кіраўніцтваў аўтобуснага парка і камбікормавага завода, у якіх зараз арандуем памяшканні пад нашы кафэ. Дзякуй і начальніку аўтавакзала Людміле Давідовіч, з якой вельмі добра суседнічаем.
Сваю справу Марына Данец адкрыла зусім нядаўна, толькі-толькі пачынаюць станавіцца на ногі яе кафэ. Аднак за гэты кароткі час ужо сфарміраваўся ў гэтым прыватным прадпрыемстве цудоўны калектыў адказных і працавітых людзей.
– Прыемна, што і я маю дачыненне да працаўладкавання людзей, – кажа Марына. – Дзвюх дзяўчат мы ўзялі са службы занятасці, а ў перспектыве плануем прадаставіць і яшчэ некалькі рабочых месцаў спецыялістам грамадскага харчавання.
Ствараць людзям добры настрой – такім прынцыпам кіруецца Марына Данец. Дапусцім, тлумачыць яна, сабраўся чалавек адзначыць юбілей, запрасіў гасцей, а сам, што называецца, пад потам: адно трэба купіць, другім запасціся, накрыць стол ды яшчэ правесці мерапрыемства ў кватэры… Хіба гэта свята? А можна запрасіць сваіх сяброў у кафэ, культурна, за добрым сталом, правесці вечар. Гэта, напэўна, стане сапраўдным святам і надоўга запомніцца.
У Асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады сказана, што прадпрымальніцтва стане асновай развіцця эканомікі як яе найбольш гібкая , інавацыйна актыўная і хутка рэагуючая на змяненні знешніх фактараў састаўляючая. У гэтай сферы і будзе працаваць Марына Данец.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Анатоля ЗАНКАВІЧА
Ствараць людзям свята…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


