Начальнік Вілейскага раённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення фонда сацыяльнай абароны Тамара Дземчукова характарызуе сябе лаканічна: рэвізор па адукацыі і па жыцці. У свой час атрымаўчы ў сельгасакадэміі гэту прафесію, яна звязана з ёй па сённяшні дзень. У кагосьці адно слова «рэвізор» выклікае страх і нежаданне з ім сутыкацца, будзе, маўляў, вышукваць штосьці, штрафаваць. Тамара Васільеўна на гэты конт мае свой пункт погляду:
– Я – дзяржаўны служачы, пастаўлена на гэта месца, каб выконваць справу належным чынам. Так і раблю.
Кіраваць калектывам заўсёды нялёгка і адказна. Гэтаму аддаецца столькі сіл і часу! А калі на такой пасадзе жанчына, якая мае сям’ю, то можна ўявіць, як няпроста ёй даводзіцца.
Тамара Дземчукова не з тых, хто палохаецца цяжкасцей. У дружнай сялянскай сям’і, дзе яна была чацвёртым дзіцем, бацькі выхоўвалі не беларучак ды маміных сыночкаў і дачушак, а людзей адказных, працавітых і самастойных.
– Мама працавала загадчыцай жывёлагадоўчай фермы, – расказвае Тамара Васільеўна, – а тата быў знакамітым механізатарам. Дастаткова сказаць, што самаадданая праца бацькі адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі : ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Леніна. Гэта пра многае гаворыць.
У іх гасціннай хаце ў вёсачцы Хвойна, што на Магілёўшчыне, заўсёды было людна – прыязджалі шматлікія бацькавы сваякі, заходзілі вяскоўцы.
– Мяне заўсёды здзіўляла, як гасцінна сустракала кожнага, хто заходзіць, наша мама, – дзеліцца Тамара Васільеўна. – Заўсёды ў клопатах, у нялёгкай працы, а вось жа не губляла дабрыні, спагады.
Менавіта мама стала для дачкі прыкладам жаночай мудрасці і цярпення. Ніводнага разу, прыгадвае Тамара Васільеўна, не чула, каб маці хваліла сваіх дзяцей, а нешта дрэннае гаварыла пра зяцёў і нявестак. Наадварот, спадарожнікаў жыцця сваіх дзяцей яна лічыць самымі лепшымі.
– Стараемся як мага часцей наведвацца да бацькоў, – гаворыць мая субяседніца. – На чатыры святы – Новы год, Вялікдзень, Радуніцу і Кастрычніцкія – збіраемся ўсе абавязкова. Прыязджае сястра з Масквы, прыходзяць браты, якія жывуць недалёка ад бацькоў. Так хораша бывае ў такія хвіліны! Ад таты і мамы да нас усіх адно патрабаванне: каб усе прыязджалі разам, бо якая ж гэта сям’я, калі хто дзе?
Так атрымалася, што свая сям’я ў Тамары ўтварылася яшчэ ў студэнцкія гады. Муж, Яраслаў Васільевіч, таксама вучыўся ў сельгасакадэміі. Маладой сям’і далі пакойчык у інтэрнаце, пачалі паціхеньку абжывацца. Калі Тамара рыхтавалася да здачы дзяржаўных экзаменаў, нарадзілася Віка. Як было няпроста і вучыцца, і даглядаць дзіцятка!
– Памятаю, абараняла дыпломную работу, а дачушцы было тры месяцы, – узгадвае жанчына. – Дык сястра мая старэйшая забірала дзіцятка.
Праз год пасля Вікі нарадзіўся Сярожка. Двое дзетак, муж-студэнт… Можна ўявіць, як цяжка было маладой сям’і. Каб цяпер, прызнаецца Тамара Васільеўна, дык і ці вытрымала б…
Пасля заканчэння акадэміі Яраслаў Дземчукоў атрымаў размеркаванне ў Вілейку. Сюды і прыехала маладая сям’я. Некалькі часу Тамара Васільеўна была беспрацоўнай, а ў 1993 годзе ўладкавалася ў райаддзел Мінскага абласнога ўпраўлення фонда сацыяльнай абароны.
– Уяўляеце, з таго часу ні аднаго разу не была на бальнічным, хоць і дзеткі былі малыя, – расказвае мая субяседніца. – Неяк абыходзілася.
Ад інспектара да начальніка райаддзела – такі шлях прайшла Тамара Васільеўна. Сёння яна кіруе адказнай і вельмі важнай службай. Акрамя прафесіянальных абавязкаў, на яе плячах сур’ёзная адміністратыўная работа. Ніколі не чураецца Тамара Васільеўна і грамадскіх абавязкаў.
– Цяпер лягчэй, дзеці ўжо дарослыя, – усміхаецца кіраўнік-мама. – Вікторыя вучыцца на трэцім курсе Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, абрала біаэкалагічны факультэт. Актывістка, стараецца ўсюды паспець, многае зрабіць. Радуе, што не чураецца і грамадскай работы. Плануем у гэтыя святочныя дні ўсёй сям’ёй з’ездзіць да яе, паглядзець, як жыве наша студэнтачка. Сын, закончыўшы каледж, пайшоў працаваць вадзіцелем у жыллёва-камунальную гаспадарку. Аднак пра далейшую вучобу марыць.
Як і кожная мама, Тамара Васільеўна захоўвае тыя дзіцячыя віншаванкі, якія ёй рыхтавалі да жаночага свята сын і дачка ў дзяцінстве. Цяпер, зазначае яна, сын ужо пры сваіх грашах, можа дазволіць сабе і багаты букет для мамы. А яна так любіць кветкі!
– І яны мяне любяць, – усміхаецца жанчына і паказвае на жывую прыгажосць у сваім рабочым кабінеце. – Бачыце, як растуць. Нават мае любімыя архідэі цвітуць доўга-доўга.
Яна з любоўю, як да жывой істоты, датыкнулася да цнатліва-белай кветачкі. І тая, здаецца, адгукнулася на цяпло рукі і яшчэ болей расправіла пялёсткі.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: кіраўнік і мама Тамара Дземчукова
Фота аўтара


