Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын правеў сустрэчу з фермерамі Міншчыны

Ці есць будучыня за прыватнымі сельгасвытворцамі? Ці працуюць механізмы
дзяржпадтрымкі на месцах для фермерскіх гаспадарак? Пра гэта і многае іншае
гаварылі на сустрэчы старшыні Мінскага аблвыканкама з актывам фермерскага руху рэгіёна. Прадстаўнікі Вілейскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Бегунцом таксама прынялі ўдзел у пасяджэнні.

«Фермерскія гаспадаркі Мінскай вобласці ў сярэднетэрміновай перспектыве могуць стаць адной з кропак росту эканомікі рэгіёну”, – гэта меркаванне выказаў Аляксандр Турчын

На сёння чвэрць прадукцыі раслінаводства ўсяго АПК краіны вырабляецца ў Мінскай вобласці, каля паловы ад гэтай прадукцыі – вынік працы фермерскіх гаспадарак. Па статыстычных дадзенных у Мінскай вобласці больш за 2,5 тыс. работнікаў працуюць у сферы аграпрамысловага комплексу. На Міншчыне налічваецца 785 фермерскіх гаспадарак, 49 з якіх адкрылася ў мінулым годзе.

«Фермерскія гаспадаркі Мінскай вобласці ў сярэднетэрміновай перспектыве могуць стаць адной з кропак росту эканомікі рэгіёну. Гэта можа паўплываць на паляпшэнне якасці жыцця і камфорту насельніцтва», – такое меркаванне выказаў Аляксандр Турчын падчас адкрыцця пасяджэння па пытанні развіцця фермерскіх гаспадарак вобласці.

Звяртаючыся да фермераў, глава рэгіёну акцэнтаваў увагу, што ў аблвыканкаме прыступілі да распрацоўкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Міншчыны на новую пяцігодку.

Галоўная яе мэта – павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. «Мы ўпэўненыя, што сельскае прадпрымальніцтва паспрыяе развіццю сельскіх тэрыторый, павышэнню даходаў насельніцтва, павелічэнню падатковых паступленняў і вырашэнню праблемы занятасці на вёсцы. У Мінскай вобласці большасць фермерскіх гаспадарак спецыялізуецца на прадукцыі раслінаводства. Таму і тэма арганічнага земляробства мае вялікі патэнцыял для развіцця гэтага віду вытворчасці на Міншчыне», – агучыў сваю пазіцыю Аляксандр Турчын. З самага пачатку ён заклікаў фермераў адкрыта пагаварыць аб праблемах і агучыць сваё бачанне перспектыў развіцця сельскага прадпрымальніцтва.

Першым слова ўзяў старшыня Мінскай абласной Асацыяцыі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак Мікалай Сілін.

– Валавую прадукцыю, якую даюць фермеры сёння, можна павялічыць як мінімум удвая, а то і ўтрая. Але мы зайшлі ў тупік з выдзяленнем зямлі. Гэтае пытанне стаіць вельмі востра. Тэхніку можна купіць, ўгнаенні і насенне таксама можна купіць, а калі няма зямлі, то нічога не зробіш. Пры ўмове свабоднага выдзялення зямлі, фермерскія гаспадаркі за 30 гадоў змаглі б выйсці на значна вышэйшы ўзровень, – адзначыў Мікалай Сілін.

– Фермераў сёння трэба разглядаць як інвестараў. Так, яны не вельмі буйныя і ў іх няма вялікіх капіталаў, але яны гатовыя ўкладаць у зямлю сваю працу, веды і фінансы. І не на адзін дзень, а на ўсё жыццё, – лічыць кіраўнік сялянскай гаспадаркі з Маладзечанскага раёна Ігар Пакуш. – Нейкіх вострых праблем і цяжкасцей у нас няма, але мы ўсе разумеем, што фермерскія гаспадаркі ўжо перараслі стадыю эксперыменту, які пачаўся ў 1990х. Мы набраліся сіл і занялі пэўную нішу. Цяпер фермерскія гаспадаркі могуць стаць выдатным падмуркам, на якім у далейшым зможа фарміравацца ўся сельская гаспадарка. Гэта дапаможа замацаваць людзей у вёсцы, што з’яўляецца немалаважнай задачай.

Агульная плошча ворных зямель у фермерскіх гаспадарках Міншчыны цяпер складае 49,6 тыс. га. За апошнія пяць гадоў гэты паказчык павялічыўся на 24,6%. Тым не менш, за тры гады, па інфармацыі аблвыканкама, з 54 зваротаў кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак вялікая частка тычылася менавіта выдзялення зямельных участкаў. Менавіта па гэтым пытанні старшыня Мінаблвыканкама распарадзіўся ў бліжэйшы час правесці аналагічныя сустрэчы з фермерамі на раённым узроўні і дэталёва разабрацца ў рэаліях і перспектывах супрацоўніцтва.

– Старшыні райвыканкамаў ведаюць усіх кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, выразна бачаць, як працуе на зямлі фермер. Калі чалавек паспяхова развіваецца, можа, варта яму і стратны калгас аддаць. Толькі без лішніх абцяжаранняў: не дыктаваць, што сеяць ці будаваць. Галоўнае, каб эфектыўна працавала зямля, а людзі мелі стабільны і годны прыбытак, – падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Падчас сустрэчы фермеры таксама падымалі пытанні аб немагчымасці застрахаваць свой ўраджай, аб рэалізацыі вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі, аб няроўных умовах з іншымі сельгасвытворцамі і многае іншае. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёну распарадзіўся высветліць нюансы кожнага пытання і падобных практык, а таксама давесці іх вынікі да заяўнікоў.

Сустрэчы з фермерамі ў такім «нефармальным» фармаце Аляксандр Турчын прапанаваў зрабіць рэгулярнымі.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 27 queries