Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Стараста, які вышывае

Што ў гэтым доме жыве вясковы стараста, можна здагадацца адразу: старанна выкашана, нібыта паголена, тэрыторыя ад вуліцы, гэтак жа акуратна – без непатрэбнай травінкі – і ў двары.

– А як жа інакш? – усміхнуўся на маю рэпліку гаспадар дома Юрый Кандратовіч, стараста Рабуні. – Трэба прыклад іншым паказваць. Інакш які гэта стараста, калі нават на сваім падворку не можа парадак навесці…
Праходзячы да дома, міжволі падумала, што ўлетку, калі рознакаляровымі астраўкамі будуць цешыць вока ўсе высаджаныя тут кветкі, падворак будзе выглядаць вельмі прыгожа. Звярнула ўвагу, што ўсё тут прадумана, няма таго нагрувашчвання, якое іншы раз назіраецца, калі людзі ствараюць прыгажосць свайго падворка па прынцыпу: абы болей фарбаў, абы ў дастатку розных там фігурак ды прадметаў, з-за якіх іншы раз не ступіць нагой. У Кандратовічаў жа адчуваецца эстэтычны густ – тут і свабода, і,разам з тым, прыгажосць. А галоўнае, тут вельмі лёгка і прывольна адпачываць гарадскім дзецям, любімай унучачцы.
Юрый Іванавіч запрасіў у дом, дзе нас сустрэла гаспадыня Марына Іванаўна. Прайшлі ў пакой, які можна назваць своеасаблівай творчай майстэрняй гаспадара. Мноства вышытых крыжыкам карцін, ікон упрыгожваюць сцены. І ўсе яны – праца мужчыны. Так-так, не здзіўляйцеся, паважаныя чытачы, гэта ён, Юрый Іванавіч, доўгімі зімовымі вечарамі схіляецца над вышыўкай,цярпліва – сцяжок за сцяжком – ствараючы карціну.
– Гадоў з дзесяць назад пачаў вышываць вось так грунтоўна, – расказвае мужчына пра сваё захапленне і паказвае на невялічкую карціну: – Першая мая работа. Забаўны сабачка, праўда? А вунь тыя карціны, з жывёламі, вышыў для Марыны – у падарунак да 8 Сакавіка. Яна ў мяне вельмі любіць коцікаў-сабачак. Вось так, паступова ўскладняючы работы, пачаў вышываць і іконы. Ведаеце, гэта не мной заўважана, што вышыванне супакойвае, дае чалавеку станоўчыя эмоцыі. Так яно і ёсць, на сабе праверана.
Бываючы на рынках, Юрый Іванавіч абавязкова падыходзіць да палатак, дзе прадаюцца наборы для вышывання. І няхай сабе нятанна яны каштуюць (тысяч за шэсцьдзясят за адзін) ды яшчэ і пра рамачку для карціны прыкладна за такую ж цану трэба падумаць, купляе набор-другі. І ў вольны час бярэцца за іголку…
– Свае карціны не прадаю, – дзеліцца мужчына. – Яны ў мяне дома, у маіх дзяцей.
Разгаварыліся пра жыццё-быццё. Юрый Кандратовіч нарадзіўся на Гомельшчыне. Адслужыўшы ў арміі, паступіў вучыцца на інжынера-механіка ў тагачасны БІМСГ. У адной з ім групе вучылася і Марына, якая вырасла тут, у Рабуні. Маладыя пакахалі адно аднаго, пажаніліся, яшчэ студэнтамі нарадзілі свайго першынца Дзяніса. Калі закончылі вучобу, час быў паслячарнобыльскі, таму на радзіму мужа не паехалі. Выбралі Рабунь, аб чым ніколі не шкадуюць.
– Адразу працавалі ў мясцовым калгасе, – узгадаў Юрый Іванавіч. – Пасля пачаліся нялёгкія дзевяностыя. Я знайшоў больш аплачваемую работу на «Буддэталях» – ездзіў вахтамі валіць лес. Бывала, на тыдзень паеду, а Марына з дзецьмі застаецца адна. І работа, і гаспадарка – дзве каровы, свінні – на ёй. Няпроста было, але ж трэба было падымаць дзяцей, вучыць. Іншы раз, бывала, хто і цікавіўся: чаго гэта ты, чалавек з вышэйшай адукацыяй, не знойдзеш лягчэйшую працу? А я на гэта ніколі не звяртаў увагі, галоўнае, каб сям’я жыла ў дастатку… Каля дзясяці гадоў працаваў на «Буддэталях». Цяпер у мяне ўжо іншае рабочае месца – на помпавай станцыі.
Кандратовічы вывучылі дзяцей, якія цяпер жывуць і працуюць у сталіцы. Сын ужо мае сваю сям’ю. Вельмі цёпла гаварылі мае суразмоўцы пра нявестачку Алену, унучачку Ганначку. Гэта – вялікая радасць і ўцеха бацькоў. Як і ў свой час сын, выбрала тэхналагічны ўніверсітэт і дачка Каця, якая ў чэрвені ўжо атрымлівае дыплом. Фотаздымкі дзяцей і ўнучкі на сценах бацькі паказвалі з гонарам і любоўю.
Кандратовічы – людзі творчыя, нераўнадушныя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У свой час выступалі ў розных раённых спаборніцтвах (а Юрый Іванавіч – заўзяты футбаліст), займалі першае месца ў конкурсе «Тата, мама, я – спартыўная сям’я», а ў вобласці былі трэцімі.
– Цікава нам гэта, – прызнаўся гаспадар. – Вось і цяпер,падчас правядзення ў Мінску чэмпіяната свету па хакеі, мы з жонкай пабывалі на адным з матчаў. І пабалелі, і на спартыўныя збудаванні з такой цікавасцю паглядзелі. Любім мы такія сямейныя паездкі. Колькі іх было за гады сумеснага жыцця! Як-ніяк увосень трыццацігоддзе сям’і адзначаем.
Слухала сваіх цікавых субяседнікаў і захаплялася іх няўрымслівасцю, юначым запалам, маладосцю (не толькі душэўнай, але і знешняй). А галоўнае – нераўнадушшам, з якім яны ідуць па жыцці. Менавіта за гэта, мусіць, і даверылі рабунцы Юрыю Іванавічу быць старастам. І ён апраўдвае гэта давер’е, з’яўляючыся першым памочнікам мясцовай уладзе ва ўсіх пытаннях. Перад Вялікаднем ён загадзя напісаў аб’яву аб правядзенні добраўпарадкавання могілак. Сабралася многа людзей. Папрацавалі ад душы, затое парадак на месцы спачынку блізкіх навялі. Пазней гэтак жа плённа папрацавалі і на старым могільніку.
Неабыякавы стараста пільна сочыць за парадкам на вуліцах і ў дварах. Калі бачыць, што недзе зарастае травою падвор’е, абавязкова нагадае гаспадару, што час брацца за касу. Калі ж у доме жыве нямоглы пенсіянер, то Юрый Іванавіч не палічыць за цяжкасць абкасіць гэты падворак. Разумее, што старасць і адзінота – гэта не радасць. Вось і сваю маці, Варвару Міхайлаўну, у свой час перавёз з Гомельшчыны сюды, у Рабунь. Тут бабуля ў звыклай абстаноўцы – на агародзе, каля курэй, а галоўнае – не адна, а з блізкімі людзьмі. І ёй камфортна.
Ніколі не задумвалася, наколькі глыбокі сэнс схаваны ў слове «сапраўдны»… Дык вось Юрый Кандратовіч – сапраўдны: чалавек, сын, муж, бацька, стараста.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries