Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спецвыпуски

Летам 1944 года партызанскі атрад «За Радзіму» брыгады імя Фрунзе назаўжды пакінуў лясныя масівы, каб працягваць змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але ўжо ў вайсковых фарміраваннях Чырвонай Арміі. Яна вызваліла Беларусь і з баямі імкліва рухалася на Захад. Адным з тых, хто быў не толькі сведкам названых падзей, а і непасрэдным удзельнікам, з’яўляецца жыхар вёскі Ілья Супрон Антон Іосіфавіч. Яму ўжо 85 гадоў. Даўно хацелася з ім паразмаўляць пра ягоную баявую маладосць, з першых вуснаў пачуць адказ-аповяд аб жахлівай праўдзе ваенных ліхалеццяў. Пытанні свае я «прывязваю» да біяграфіі суразмоўцы, каб яму, пажылому ветэрану, лягчэй было ўзгадваць падзеі далёкай мінуўшчыны:– Напярэдадні вайны з фашысцкай Германіяй Вам, Антон Іосіфавіч, было 16 гадоў. Тагачасны вясковы юнак. Паспрабуйце – параўнайце сябе, маладога, ну, напрыклад, са сваімі ўнукамі.
– Я быў не вельмі граматны хлопец, але працавіты. У перадваенныя гады ў вёсцы на палітычныя тэмы людзі дыскусій не вялі, баяліся сказаць што лішняе. Ды і асабліва не было калі языком пляскаць, бо працы хапала і старым, і малым. Я нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Дзяніскі на Лагойшчыне ў сялянскай сям’і. Сям’я мнагадзетная: маці, бацька, сёстры – Марыя, Соня, Зіна, брат Васіль і я. Зямля, падзеленая на шнуры, перайшла ў спадчыну ад дзеда, хоць меў бацька і каня, і карову – але сям’я жыла бедна. Ураджаі былі нізкія. Але ў калгас мае бацькі не спяшаліся. За гэта бацька расквітаўся жыццём. «Прышылі» яму спекуляцыю і адправілі ў Гулаг на 5 гадоў, дзе ён, хворы на язву, і памёр. Такі вось падарунак ад рабоча-сялянскай улады атрымала наша сям’я. Напалоханая маці ўступіла ў калгас, даглядала свіней і я часта ёй дапамагаў.
– Але атрымліваць адукацыю вы магчымасць мелі?
– Так, скончыў у 1940 годзе сямігодку ў вёсцы Бясяды – гэта за чатыры кіламетры ад маёй роднай вёскі. Мясцовасць – своеасаблівая, бо побач савецка-польская мяжа. Недалёка і застава. У верасні 1939 года польскія жаўнеры-пагранічнікі спрабавалі аказаць супраціўленне чырвонаармейцам, якім загадалі наступаць. На заставе загінулі двое чырвонаармейцаў. Мы, школьнікі, удзельнічалі ў пахаванні гэтых вайскоўцаў, не здагадваючыся нават, што лёс суседкі-Польшчы даўно ўжо быў вырашаны. Я ўпершыню бачыў дзве нявінныя ахвяры вайны. І не згадаваўся – а колькі ж яшчэ давядзецца мне іх пабачыць.
– Ці «ўрэзаўся» якімі-небудзь дэталямі ў вашу памяць дзень 22 чэрвеня 1941 года? – спрабую вярнуць Антона Іосіфавіча да ўспамінаў.
– Ні радыё, ні электрычнасці ў нашай вёсцы не было. Я, школьнік-камсамолец, выконваў грамадскае даручэнне – насіў з пошты газеты і пісьмы ў свае Дзяніскі. Так што пра вайну даведаўся ад людзей, сталі гаварыць усе пра жахлівую навіну. Рухнулі і мае планы. 28 чэрвеня я павінен быў ехаць у Мінск на вучобу праз сістэму фабрычна-заводскага навучання. Хацеў атрымаць рабочую прафесію. Калгасу трэба было набыць, такім як я, абмундзіраванне… Мары-летуценні, наперадзе вучоба, жыццё ў сталіцы і раптам – усяму гэтаму канец… Трэба было помсціць крыўдзіцелям.

Адказы на наступныя пытанні ў №2 на стар.3:

Ваша гарачае маладое сэрца рвалася ў бой. Я думаю Вы шукалі сувязі з партызанамі?

Як склаўся Ваш лёс пасля вызвалення Беларусі?


Ружы ля касцёла Святой Ганны

9 снежня памёр ксёндз Юзаф Булька. З кім бы не падзялілася гэтай сумнай навіной, ніхто лішніх пытанняў не задаваў. Імя каталіцкага святара, які на працягу многіх год нёс службу ў вядомым Мосарскім прыходзе на Віцебшчыне, шырока вядомае не толькі сярод вернікаў. Не кожнаму выпала шчасце асабістай сустрэчы з бескарыслівым сейбітам духоўнай нівы, якая лунае над матэрыяльнай рэальнасцю беларускай зямлі. Хоць, шчыра кажучы, ён шліфаваў чалавечую свядомасць, адначасова ўдасканальваючы рэчаіснасць, ствараючы і для першага, і другога спрыяльнае рэчышча развіцця. Нібыта ў іншай прасторы і іншым вымярэнні. Мосарскаму касцёлу Святой Ганны – 200 год. Мясцоваму дэндрапарку чуць не ў дзесяць разоў – меней. Прыкасцёльны ландшафт створаны рукамі і сэрцам Юзафа Булькі. Нават супрацоўнікі мінскага батанічнага сада былі ўражаны, сустрэўшы ў дэндрапарку такія расліны, аб якіх яны мелі толькі цьмянае ўяўленне, бо ў пошуку саджанцаў і насення ксёндз аб’ездзіў батанічныя сады ўсёй некалі вялікай краіны пад назваю Савецкі Саюз.DSCN2911
Наўрад ці задумваўся святар над асноўным філасофскім пытаннем, ствараючы раўнавагу паміж быццём і свядомасцю. Інтуітыўна ён разумеў: прыгажосць уратуе. Ад дрэнных учынкаў, ад шэрасці думак, ад спажывецкага пагляду на падораны чалавеку свет. Сёння многія СМІ падкрэсліваюць падзвіжніцкі характар дзейнасці свяшчэнаслужыцеля ў напрамку барацьбы з найвялікшаю заганай, уласцівай чалавечаму роду. Гэта сапраўды так. На тэрыторыі вёскі Мосар і ўсяго Удзялаўскага сельсавета на Глыбоччыне ксёндз сумеў стварыць зоны цвярозасці. Дзесяткі год ён ішоў да гэтага. Шляхам пераконваючых індывідуальных гутарак, дзе ролю пуцяводнай зоркі ў цемры непрыняцця мела слова Боскае. Алея цвярозасці, пазначаная пошукам ісціны і знойдзенымі яе высновамі, антыалкагольны музей пры касцёле, адзіны ў краіне. Крынічкі з гаючай вадой, дзе наталяюць духоўную і фізічную смагу ўсе, хто пазначаны верай. Галгофа – пакутны шлях узыходжання Пана Езуса да варот вечнасці. Копія славутай віленскай брамы Маткі Боскай Вострабрамскай…
Мы, супрацоўнікі рэдакцыі, паспелі наведаць гэты райскі куток беларускай зямлі яшчэ пры жыцці яго неардынарнага стваральніка. Мне выпала вялікае шчасце асабістага знаёмства з Юзафам Булькам. Сёння, праз многа год, я, здаецца зусім па іншаму пачынаю асэнсоўваць радасць той мімалётнай сустрэчы ў дэндрапарку, якую арганізаваў для мяне і яшчэ дзвюх жанчын-парафіянак былы настаяцель вілейскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа, ксёндз-дэкан Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.
На маім гадзінніку – адзінаццаць. Мосар развітваецца са сваім духоўным настаўнікам, верным служыцелем гэтай зямлі і яе насельнікаў. Ён перажыў радасць прызнання, атрымаўшы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь медаль Францыка Скарыны і прэмію за духоўнае адраджэнне. Юзаф Булька прыйшоў да нас з чужыны, але стаў сваім на гэтай зямлі. Ружы, якія ён высадзіў ля касцёла Святой Ганны, не толькі лашчылі, але і калолі яго ногі. Давялося перажыць людскую зайздросць, паклёпніцкія наветы – усё, што можа супрацьпаставіць самадастатковай асобе зайздросны свет. Калі той, хто ў гэтым вінаваты, сёння пакутуе мукамі сумлення, значыць, зямля не страчана для любві.
Сыпле над Мосарам снежная замець, замятаючы людскія сляды на зямлі і выразна акрэсліваючы ў вечнасці шлях таго, хто пазначаны Богам. Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries