Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спечаны бохан хлеба пахне бацькоўскаю хатаю…

Прадукцыя Вілейскага хлебазавода вядома і высока ацэнена не толькі жыхарамі нашага раёна. З задавальненнем спажываюць яе і ў іншых раёнах і нават у сталіцы. Падзякі за якасць прадукцыі – нярэдкая для вілейскіх хлебапёкаў з’ява.
Галоўны інжынер прадпрыемства Дзмітрый Лях адзначае, што на заводзе зроблена многае для таго, каб нарошчваць аб’ёмы выпуску высакаякаснай прадукцыі. Так, у мінулым годзе закончана рэканструкцыя лініі па выпуску хлеба падавых гатункаў і батонаў. Поўнасцю заменена тэхналагічная лінія, мадэрнізавана печ з павелічэннем вытворчасці ў два разы. Дзякуючы гэтаму павысілася якасць хлеба і яго знешні выгляд.
– Сёння нельга спыняцца і таптацца на месцы – трэба развівацца, – такой думкі прытрымліваецца Дзмітрый Лях. – Гэта мы і робім.
У бягучым годзе на прадпрыемстве многае зроблена для кандытарскай вытворчасці. У прыватнасці, набыты аўтаматычная мыечная машына, кацёл для ўварвання сіропаў, заменена абсталяванне для ўзбівання крэмаў, цестадзялільная машына.
– Асартымент прадукцыі, якая выпускаецца прадпрыемствам, даволі шырокі, – дзеліцца начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Таццяна Балаш. – Гэта жытнёва-пшанічныя масавыя , заварныя па складанай тэхналогіі, бяздражджавыя. Мы радуем спажыўцоў багатым выбарам булачных вырабаў. Асаблівае значэнне надаецца дыетычным. На сённяшні дзень выпускаецца восем найменаванняў прадукцыі для здаровага харчавання. Высока ацэнены хлябец «Раніца» з вітамінамі групы В, прыйшоўся даспадобы хлеб «Краснасельскі» з фітакампазіцыяй «Дабрадзея», ахвотна спажываюць людзі «Губернскі дыябетычны» і «Бялковы з фруктозай». Акрамя таго, прадпрыемства выпускае торт і пірожныя для дыябетыкаў. А ўвогуле, мы і надалей будзем трымацца гэтага накірунку – выпускаць прадукцыю для людзей з тымі ці іншымі захворваннямі.
Будзе пашырацца асартымент прадукцыі для дзяцей. Так, у наступным годзе ў продажы з’явяцца два новыя торты без кансервантаў і фарбавальнікаў – «Мішка-таптыжка» і «Тыграня Петры». Зробленыя ў выглядзе забаўных мордачак звяркоў, яны, безумоўна, спадабаюцца ласунам.
Выпускаць разнастайную, смачную і карысную прадукцыю – гэтым кіруюцца ў сваёй працы вілейскія хлебапёкі. А для гэтага трэба шукаць спосабы далейшага развіцця, новыя рынкі збыту і працаваць, працаваць. Іншага проста не дадзена.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries