Для Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Надзея ХХІ стагоддзе», што ў Будзішчы, гэта асаблівая і сумная дата. Менавіта ў цэнтры на працягу ўсяго года знаходзяцца на аздараўленні дзеткі з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі. Дзякуючы падтрымцы нямецкіх і японскіх партнёраў, тут для гэтага створаны ўсе ўмовы. Дваццаць шостага красавіка 2011 года дзеці, педагогі і госці «Надзеі» сабраліся на мітынг-рэквіем у памяць пра тых, хто дваццаць шостага красавіка 1986 года бясстрашна ступіў ў самае пекла – у імя будучага жыцця. Пад гукі хранометра схіліся галовы людзей усіх узростаў, хвіліна маўчання… Потым перад прысутнымі выступілі Ірэна Несцяровіч, намеснік дырэктара цэнтра па медыцынскай рабоце, Наталія Радзевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Ігар Сцяшко, удзельнік ліквідацыі наступстваў трагедыі, Мікалай Іваненка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце другой гімназіі і сам ураджэнец Брагінскага раёна, Арцём Асмалоўскі, дванаццацігадовы жыхар Гомеля, Ігар Прылепскі, настаяцель храма ў Касуце. Усе, хто выступаў, выказалі адно жаданне – каб не паўтаралася больш ніколі такіх трагедый, каб зямля і дары яе былі для жыцця, а не супраць яго. Запомніліся словы айца Ігара: няма такой тэхнікі, якая б была поўнасцю бяспечнай, усё залежыць ад чалавека, яго адказнасці перад людзьмі і перад самім сабой. Сёння зло, ілжывасць, двудушша ўсё болей займаюць пазіцыі ў сэрцах людзей, а з імі трэба змагацца – у імя нашага будучага. Мітынг-рэквіем завяршыўся песняй «Прабач, лес» і словамі вядучых: «Паветра – бацька, вада – маці, зямля – дом. Дзеці зямлі павінны быць здаровымі і шчаслівымі!»
Апошнюю фразу сцвердзіў конкурс малюнка на асфальце «Зберажом жыццё на планеце». Кожны яго ўдзельнік з дапамогай розных колераў змог выказаць сваё стаўленне да трагедыі, да будаўніцтва электрастанцый і стасункаў чалавецтва з прыродай. Для гасцей «Надзеі» была арганізавана экскурсія па тэрыторыі цэнтра, якая завяршылася пасадкай дрэваў і кустарнікаў – сімвалаў таго, што жыццё працягваецца. Абвугленай пясчынкай застаецца памяць, якую трэба захоўваць, каб не дапускаць трагічных памылак у будучым.
А пасля ўсіх сабраў канцэрт. Гучалі цудоўныя песні, якія выконвалі дзеці з розных груп, што знаходзяцца зараз на аздараўленні ў цэнтры, госці з другой гімназіі горада Вілейкі, педагог-арганізатар «Надзеі» Людміла Ластачкіна. «Не бывае неба лепшага», «Дзецям Чарнобыля», «Малітва», «Неба», «Ветрык», «А дзесьці сонца» – ці пералічыш усе назвы песень, ці перадасі ў назвах іх гучанне? Іх трэба слухаць. Фінальную песню «Сонца над маёй Беларуссю» дружнымі апладысментамі падтрымалі ўсе. А пасля адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу малюнкаў на асфальце – усе яны атрымалі дыпломы.
«Надзея» не толькі дорыць надзею, яна западае ў сэрца і памяць. Некаторыя з дзяцей, хто зараз там адпачывае, робяць гэта не ў першы (і не ў апошні – па гарачым запэўніванні хлопчыкаў з Чачэрскага раёна) раз. Выпадкова пачула словы з тэлефоннай размовы адной дзяўчынкі з мамай: «Мама, мне тут так падабаецца, тут так прыгожа! А фантан увечары нават падсвечваецца! І шмат канцэртаў…» Працяг размовы не чула, але зрабіла вывад, што добрыя ўражанні, станоўчыя эмоцыі таксама лечаць. І хай болей не паўторыцца тое, што было дваццаць пяць год таму. Няўжо Беларусь гэтага не заслужыла?
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара
Сонца над маёй Беларуссю
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов