Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Снягурка з рамонтнага

– Мамачка, глядзі, – сапраўдная Снягурка. Здзіўлены малы, узрост якога аднак ужо дазваляў яму сумнявацца ў рэальнасці казачных сюжэтаў, на гэты раз паверыў.
– Снягурка, – паўтараў ён, спрабуючы дацягнуцца да светлых пасмаў, рассыпаных па плячах танюсенькай і лёгкай, бы снегавая пушынка, дзяўчыны. Раіса Уладзіміраўна Данілевіч як адклала некалі ў памяці эпізод з таго далёкага навагодняга ранішніка, так і ўзнаўляе яго для сябе, калі хочацца пазбыцца маркоты і падарыць пяшчотную ўсмешку сваёй маладосці.

А юнацтва яе і сталенне, радасці бязмерныя і непазбежны жыццёвы перажытак – усё звязана з рамонтным заводам. Хутка споўніцца 45 год з таго часу, як яна рашуча адчыніла дзверы заводскага аддзела кадраў. І атрымала працоўную кніжку, першы запіс у якой сведчыў, што прынята яна на прадпрыемства вучаніцай токара. Тады, у шасцідзясятыя гады ўжо мінулага стагоддзя, рабочыя спецыяльнасці былі папулярнымі ў моладзі. Па радыё гучалі песні пра вясну на Зарэчнай вуліцы, пра заводскія гудкі. І кінаэкраны запаўнялі героі ў рабочых спяцоўках. Тагачасная ідэалогія стварала для маладых арыенціры, запатрабаваныя грамадскім развіццём,і дасягала ў гэтым бачнага поспеху.
Прыйшоўшы ў інструментальны цэх буйнейшага тады ў горадзе прадпрыемства, Раіса ніколечкі не разгубілася. Тым больш, што не адна яна была тут прадстаўніцай слабай палавіны. Дзяўчатам давяралі выточваць маленькія дэталькі, патрабуючыя скрупулёзнай дакладнасці ў захаванні памераў. І, дзякуючы жаночаму спрыту, акуратнасці, дзяўчаты з такой работай спраўляліся.
– Мы табе, Раечка, пад цябе маленькі станочак купім, – любіў пажартаваць колішні дырэктар завода па прозвішчу Лешукоў, назіраючы, як віртуозна, з нейкім незразумелым захапленнем, выконвае дзяўчына сваю ўвогуле аднастайную работу.
А Раечка не толькі працавала творча. Гэтак жа захоплена ўдзельнічала яна ў заводскай мастацкай самадзейнасці, якая тады ў літаральным сэнсе грымела на ўсё наваколле. Яна спявала ў хоры, ім у свой час кіраваў таленавіты музыка і мясцовы кампазітар Міхаіл Мельнік. Была незаменнай Снягуркай і на заводскх ранішніках, і на гарадскіх святах. Са зразумелай настальгіяй успамінае сёння Раіса Уладзіміраўна часы сапраўднага росквіту прадпрыемства, калі і прадукцыя была запатрабаваная, і заказчыкаў хапала, і з камплектуючымі не мелі праблем. Сёння, яна разумее, – рынак, канкурэнцыя, абмежаванасць у сродках. І радуецца кожнай добрай змене, якая дазваляе скарэкціраваць новы курс прадпрыемства ў напрамку стабільнасці. На яе памяці змянілася некалькі кіраўнікоў. І кожны пакінуў свой след. І на заводзе, і ў яе ўласным сэрцы. Ніводзін не аддаляўся ад людзей, не трымаў дыстанцыю. Гэтага стылю, лічыць яна, прытрымліваецца і цяперашні дырэктар рамонтнага завода Аляксандр Рабшціна. Вось і яе, старэйшую сваю работніцу, з бачным сумам выпраўляе на заслужаны адпачынак. Бо ўсё жыццё яе, а Раіса Уладзіміраўна не дзеліць яго на працоўнае і асабістае, – дзейсны прыклад для маладых. Ды і як дзяліць, калі тут да яе прыйшло каханне. З будучым мужам сваім, Аляксандрам, пазнаёміліся прама ў цэху. Пасля яна яго чакала, пакуль той служыў тэрміновую. Расказваў Саша, як кпілі з яго саслужыўцы, убачыўшы фотаздымак выбранніцы:
– Каб такая краля ды адна была. Не дачакаецца яна цябе.
Усё склалася з дакладнасцю да наадварот. І дачакалася. І вяселле згулялі, і двух сыноў нарадзілі. А на завод штораніцы спяшаліся як у родны дом. З цягам часу Раіса перайшла ў камплектоўшчыцы, затым стала працаваць кладаўшчыцай. Хто прыязджаў на склад, дзівіліся, як тонка разбіраецца жанчына ў безлічы дэталяў, іх назвах, памерах, прызначэннях. Самым дапытлівым Раіса Уладзіміраўна прызнавалася, што працавала некалі токарам, адсюль і здзіўляючая кліентаў дасведчанасць.
Яна – цікавы суразмоўца. Бо сама неардынарна ўспрымае свет і імкнецца быць саўдзельніцай усіх тых вялікіх і малых падзей, якімі ён штодня напаўняе чалавечае жыццё.
– Вось Вы спявалі і ў хоры, і ў вакальнай групе, і дуэтам. А ёсць песня – Ваша, любімая, тая, што ў сэрцы жыве?
– «Нет без тревог ни сна, ни дня. Где-то жалейка плачет…», ціха завяла Раіса Уладзіміраўна шчымлівы матыў. У ім – гісторыя іх з Аляксандрам кахання, абарванага з яго адыходам у вечнасць, як недапетая песня. Толькі жыццё працягваецца – і новыя яго мелодыі сплятаюцца ў далікатнае палатно жаночага лёсу.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

На здымку: Дырэктар завода Аляксандр Рабшціна і кадравік Аксана Паўловіч хутка правядуць ветэрана
на заслужаны адпачынак

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries