Вельмі важна, калі чалавек – кім бы ён ні быў і якую б пасаду ні займаў – трымае сваё слова. У любой жыццёвай сітуацыі гэта цэніцца і выклікае павагу да гаспадара свайго слова.
На днях у рэдакцыю звярнуўся віляйчанін Васілій Мікалаевіч Занкавіч, які жыве ў горадзе на вуліцы Някрасава. Ён напісаў пра тое, як важна трымаць слова, якое даеш людзям. Вось што расказаў Васілій Мікалаевіч:
«Доўгі час вуліцы Някрасава, Волкава і Зубовіча, дзе мы пражываем, не добраўпарадкоўваліся пасля работ па падвядзенні цэнтральнай каналізацыі ў нашы прыватныя дамы. Пытанне гэта мы не адзін раз падымалі, аднак яно ніяк не вырашалася. І тады мы звярнуліся са сваёй праблемай да старшыні раённага выканаўчага камітэта Алега Бегунца, які ўважліва выслухаў, пагутарыў з людзьмі. І пасля гэтага ў нас з’явілася ўпэўненасць, што ўсё будзе добра.
Так яно і атрымалася. І сёння праз наша раённае выданне хочацца шчыра падзякаваць Алегу Паўлавічу за тое, што ён пачуў нас, паабяцаў дапамагчы і стрымаў дадзенае людзям слова. Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць і кіраўніку арганізацыі, якая непасрэдна выконвала работы – начальніку ДРБУ162 Аляксандру Майстровічу. Зычым ім моцнага здароўя, поспехаў у нялёгкай, але такой неабходнай людзям дзейнасці, сямейнага дабрабыту, здзяйснення многіх добрых і важных для людзей спраў, ажыццяўлення планаў і мар».
Добрыя словы і цёплыя пераднавагоднія пажаданні, да якіх хочацца далучыцца.
Ірына БУДЗЬКО