Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сімвал малой радзімы і падтрымка ў жыцці…

21 век – век прагрэсу, дзе важнейшай каштоўнасцю сучаснага грамадства з’яўляецца інфармацыя. З яе дапамогай дзяржава ўплывае на грамадства, праз яе фарміруецца пэўны вобраз паводзін людзей, выпрацоўваецца правасвядомасць. Яна падштурхоўвае нас да здзяйснення пэўных дзеянняў. Інфармацыйнае забеспячэнне насельніцтва і органаў улады неабходнымі звесткамі аб сацыяльна-палітычных і прыродных падзеях, сітуацыях, з’явах – гэта функцыя, якую выконваюць сродкі масавай інфармацыі, сярод якіх важнае месца займаюць газеты. Калі звярнуцца да этымалогіі слова, то «газета» – гэта выданне, якое выходзiць праз непрацяглыя iнтэрвалы часу, змяшчае афiцыйныя матэрыялы, аператыўную iнфармацыю i артыкулы па актуальных грамадска-палiтычных, навуковых, вытворчых i іншых пытаннях, а таксама лiтаратурныя творы i рэкламу. Правобразам газеты лічуцца старажытныя рукапісныя зводкі навін, напрыклад, рымскія газеты – гліняныя дошчачкі з запісам хронікі падзей.

Гісторыя сведчыць, што бум газет прыходзіўся на ХІХ век, у XX-ым веку газеты прадаўжалі імкліва развівацца, а ў пачатку ХХІ веку загаварылі пра нейкі «крызіс» газет. Маўляў, тэлебачанне,тэлефоны,інтэрнэт… Як чалавек, які пражыў больш за восем дзясяткаў гадоў, маючы пэўны жыццёвы вопыт і адпрацаваўшы больш за сорак гадоў на педагагічнай ніве, дазволю не згадзіцца з гэтымі высновамі. Не газеты ў надрукаваным выглядзе губляюць актуальнасць! Гэта мы губляемся ў жыццёвым патоку і віхуры інфармацыі!
Згодзен, што сродкаў атрымання інфармацыі сёння вельмі шмат, асабліва для моладзі,але інфармацыю пра жыццё сваёй роднай вёскі,горада,пра дасягненні землякоў можна атрымаць толькі з раённай газеты. Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць ў душы вялікі гонар. Дзе, як не ў мясцовым выданні, раённай газеце, можна знайсці інфармацыю пра гэта?
На жаль, прыйшлося сутыкнуцца і з такімі поглядамі: а я не ведаю, а мне не цікава,я жыву сваім жыццём… Сапраўды, кожны з нас жыве сваім жыццём, але жыць і не цікавіцца жыццём грамадства, сваёй малой радзімы сучаснаму чалавеку нельга. Інакш сучасным і лічыць сябе не дапушчальна… Асабіста я лічу, што мясцовае выданне павінна быць у дамах кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў, работнікаў, адказных за ідэалагічную работу. Бо толькі ведаючы праблемы сваіх работнікаў, можна рабіць іх жыццё лепшым, а, значыць, і дзяржаўныя задачы вырашаць эфектыўней. Павінна быць газета пад рукой і ў настаўнікаў, бо нельга прывіваць любоў да малой радзімы, не ведаючы, чым яна жыве, як развіваецца. Не будзе лішняй раёнка і для маладых спецыялістаў, асабліва прыехаўшых на Вілейшчыну ўпершыню. Бо, каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі і дабіцца поспехаў у жыцці і прафесіі, трэба цікавіцца гісторый і сённяшнім жыццём раёна, вёскі,горада, дасягненнямі віляйчан. Думаецца, яны, маладыя спецыялісты, палюбяць наш край і застануцца тут назаўсёды. Неабходна газета і пенсіянерам, бо імклівая частка нашага жыцця ўжо пройдзена, але застаецца яшчэ нейкі адрэзак гэтага шляху і яго трэба пражыць, а не дажыць. Трэба цікавіцца жыццём маладых, дасягненнямі працаўнікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці, культуры і спорту. Было прыемна даведацца, што ў краязнаўчым музеі Вілейкі знаходзіцца карціна, якая пабывала ў космасе, што ёсць сярод землякоў свае Ціміразевы, якія вырошчваюць персікі ў нашых умовах і многае-многае іншае…
Паколькі я сам пенсіянер, то дазволю на тэму «пенсіянер і раёнка» паразважаць некалькі падрабязней. Але пачну з маладосці. Калі быў дырэктарам школы, мы з жонкай-настаўніцай выпісвалі шмат выданняў. Хацелася расці і прафесійна, і развівацца ўсебакова. Што тычыцца арганізацыі падпіскі ў школе, то мы з жонкай у падпісным лісце былі першымі. На мой погляд, так павінна быць – кіраўнік паказвае прыклад сваімі паводзінамі і ўчынкамі.
Прыход паштальёна ў вёсцы – гэта была падзея: газету чакалі, хваляваліся, калі была якая-небудзь затрымка. Не прыхарошваю, але першай з прынесеных друкаваных інфармацыйных сродкаў у рукі браў «Шлях перамогі», бо хацелася ведаць, як ідуць сяўба, жніво, чым жыве адукацыя, культура раёна. Потым і ў калектыве, і з суседам абмеркаваць…
Пасля выхаду на пенсію і пераезду ў Вілейку спіс выданняў, якія мы атрымоўвалі, скараціўся, але «Шлях перамогі» была першай сярод выпісваемых газет. Была… Не была, а застаецца… Нягледзячы на тое, што на сённяшні дзень я поўнасцю згубіў зрок і большую частку часу праводжу ў дачкі ў Мінску, сувязь з раённай газетай трымаю трывалую. Ведаю, што выходзіць газета ў сераду і суботу. Пасля гэтага сваякі (вялікае дзякуй пляменніцы Ляшкевіч Тамары Фёдараўне і яе дачцэ Іне Уладзіміраўне) і знаёмыя па тэлефоне інфармуюць мяне пра галоўныя падзеі, пра якія напісана ў свежым нумары. На душы становіцца прыемна, калі зачытваюць звесткі пра тое, што Вілейка з кожным днём становіцца ўсё прыгажэйшай, што ў аграгарадках і вёсках наводзіцца парадак, адкрываюцца помнікі, святкуюцца святы, ушаноўваецца памяць ветэранаў. Адразу разумееш – улада клапоціцца аб людзях, людзі самі імкнуцца да лепшага. Чаму ж пра гэта не чытаць? Трэба чытаць.
На мой погляд, патрымаць у руках аркуш – гэта таксама азначае датыкнуцца да апісваемых падзей. Інтэрнэтаўскія рэсурсы (хоць я і не хачу выглядаць патрыярхальным праціўнікам навацый!) не даюць такіх пачуццяў прыналежнасці, дачынення да таго, пра што паведамляецца, паведамлялася. Прыемна паказаць унукам аркуш 60-70-80-х, дзе штосьці добрае пісалася пра дзеда, бабулю. І гэтак у кожнай сям’і – бабулі і дзядулі,мамы і таты асабістым прыкладам могуць прывучаць дзяцей да таго , каб цікавіцца жыццём сваёй малой радзімы,ведаць яе дасягненні, а ў рэшце рэшт і самім далучацца да спраў па яе росквіту.
Напрыканцы хацелася б звярнуцца і да паштальёнаў: любіце сваю працу і актыўней працуйце са сваёй патэнцыяльнай аўдыторыяй. Людзі нашы вельмі добразычлівыя і спагадлівыя, але з імі трэба больш размаўляць, тлумачыць, наладжваць дыялог. Вось я, пенсіянер 82-гадовага ўзросту, падтрымліваю сваю цікаўнасць да жыцця праз інфармацыю, у першую чаргу, пра сваю малую радзіму, і ганаруся, што яна становіцца ўсё прыгажэйшай. Лічу сваім грамадзянскім абавязкам час ад часу падзяліцца нататкамі свайго жыццёвага вопыту і з улікам яго заклікаю: «Выпісвайце раённую газету, яна нас не толькі інфармуе, але і аб’ядноўвае ў прасторах часу і падзей!»
Мікалай ШАЛУХА, пенсіянер, былы дырэктар Абадоўскай школы

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries