Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Школа № 1. Сустрэчу выпускнікоў наведаў прафесар музыкі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор вядомага ў краіне Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча Міхаіл Казінец

Як бы там ні было, але прысутнасць знакамітых, крэатыўных асоб, імёны якіх на самой справе «гучаць», вызначае аўру любой аўдыторыі. Не выключэнне і тая, што сабралася ў мінулую суботу ў актавай зале сярэдняй  школы № 1. Традыцыйную сустрэчу выпускнікоў наведаў, і не ўпершыню, прафесар музыкі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор вядомага ў краіне Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча Міхаіл Казінец. Наш зямляк, хлопец з Цынцавіч, выхадзец са сціплай сялянскай сям’і, дасягнуў вышынь у музычным мастацтве. І школа, якую  ён закончыў 60 год таму, ганарыцца сваім выпускніком. Ганарыцца ўсімі тымі, хто выйшаў з гэтых сцен у вялікае жыццё, несучы ў сэрцы глыбокую пашану і ўдзячнасць. Да ўсяго, што  меў тут, што набыў за час вучобы, што лягло ў скарбонку дзейснай памяці. Той, што вымушае на пошук, здзяйсненні і адкрыцці.

Знаходзячы сябе, настаўнікаў і сяброў на фотастэндах у экспазіцыі школьнага музея, госці не саромеліся слёз. Успамін, калі ён нават радасны, заўсёды з лёгкім прысмакам смутку. Менавіта з-за незваротнасці таго, што некалі наталяла жыццё асаблівым зместам – рамантыкай маладосці, лірызмам далікатных юнацкіх пачуццяў. Яны і сёння, праз дзясяткі гадоў, грэюць чалавечыя сэрцы. Так стоены ў прыску вугольчык пачынае лёгка палымнець пад жменькай сухой сасновай ігліцы. Успаміны разаграюць уяўленне, даюць стымул вяртанню. І адбываецца дзіўнае пераўвасабленне чалавека. А назіраць гэты працэс можна было на вечары сустрэчы. Калі былыя выпускнікі, скінуўшы з сябе бярэмя гадоў, набывалі абліччы гарэзлівых падлеткаў і з захапленнем абмяркоўвалі сюжэты, засмужаныя завесай часу.
– Мы нават не чакалі столькіх гасцей, – дзеліцца дырэктар навучальнай установы Іна Крышкоўская. – І былі прыемна ўражаны, што на сустрэчу прыйшлі выпускнікі, якія скончылі школу 60, 50, 40, 30… гадоў таму. Тэлефанавалі сваім старэнькім, любімым настаўніцам Марыі Сямёнаўне Рынкевіч і Кацярыне Анатольеўне Мількота. Абедзвюм ужо за дзевяноста. Гэта ж колькі трэба было прыкласці душэўных сіл, каб так адбіцца ў памяці сваіх вучняў…
Апошнім часам у школе шмат чаго памянялася. Пасля рамонту абнавіліся класныя пакоі, калідоры, сталовая. Вучні-старшакласнікі, якія дзяжурылі на вечары, з гонарам дэманстравалі ўсё гэта гасцям.
Доўга яшчэ за кубкам гарбаты ішла размова. І Міхаіл Казінец, маэстра з сусветна вядомым імем, успамінаў, як па суботах іграў на сваім гармоніку танцы. І ў спартыўнай зале школы кружыліся пары. Шэсцьдзесят год прайшло, але мелодыя школьнага вальса па-маладому хвалюе сэрцы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА, выпускніка СШ № 1 1966 года

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 28 queries