Мільгацяць спіцы ў руках вязальшчыцы, толькі паспявае паварочвацца клубок, пасылаючы танюсенькую нітку ў работу – і нараджаецца шэдэўр. Мудрагелісты ўзор (і як гэта яго вывязваюць уручную!) з акуратных лісцейкаў ці кветак уражвае. Мяне заўсёды зачароўвала гэта творчае дзейства – нараджэнне вязанай рэчы. Як гэта, думалася, атрымліваецца ў майстрыхі адначасова ствараць цуд, весці размову з тымі, хто побач, ды яшчэ глядзець тэлевізар!
– Я ўсе гэтыя рэчы якраз і звязала, калі глядзела серыялы, – смяецца, паказваючы на рознакаляровыя ажурныя паланціны, шалікі, пончы і настольнікі віляйчанка Ніна Сялюн. – Не па мне проста глядзець тэлевізар, трэба рабіць гэта з карысцю.
Разглядаем далікатныя рэчы, створаныя Нінай Анатольеўнай, накідаем на плечы. Хоць і лёгенькія, а ўсё ж адчуваецца цяпло. Гэта, відаць, ад нястомных рук майстрыхі.
У Ніны Анатольеўны адказная і клопатная пасада – яна намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Рамонты жылля, дарожныя работы, будаўніцтва – гэта тыя пытанні, з якімі жанчына сутыкаецца штодня. І з людзьмі самымі рознымі, з якімі ўмее знаходзіць агульную мову. Можна ўявіць, як нялёгка рабіць гэта ў сённяшні няпросты час, звычайна не атрымліваецца выкінуць з галавы вытворчыя праблемы, вярнуўшыся ўвечары дадому. Мусіць, таму і папрасіла жаночая душа такой вось прыгожай творчай разрадкі – вязання.
Першыя яго спробы ў маёй гераіні былі яшчэ ў школьныя гады. Ды гэта, смяецца Ніна Анатольеўна, была проста дзіцячая забава. А сур’ёзна захапілася вязаннем ужо пазней, калі выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Шкарпэтачкі, камізэлькі, світаркі ад мамы яны насілі з задавальненнем, а цяпер вось і ўнучак фарсіць у такіх прыгожых абновах.
І ўсё ж асаблівая цяга ў вязальшчыцы да прыгожых жаночых рэчаў. І дапамагае ёй ствараць далікатныя шалікі, накідкі, пончы інтэрнэт, з якім Ніна Анатольеўна даўно на «ты». Рэчы, звязаныя ёй, носяць ужо блізкія ёй людзі, сябры. А ці ёсць час звязаць абнову для сябе?
– Не заўсёды, – шчыра прызналася майстрыха. – Як той абутнік без ботаў… Праўда, шалікі ёсць сваёй работы, нядаўна прыгожы блакітны світар сабе звязала. Пакуль і дастаткова. Намнога прыемней, калі бачыш, што мая рэч стварае добры настрой іншаму чалавеку, упрыгожвае яго… І, што вельмі важна для жанчын, робіць іх непаўторнымі, арыгінальнымі, жаноцкімі.
Паглядзіце на гэтыя прыгожыя рэчы. Праўда, цудоўна? Згодна. Такая рэч не будзе лішняй у гардэробе любой жанчыны.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: Ніна Сялюн у шаліку сваёй работы; вязаны шэдэўр ад майстрыхі.
Фота Алены ЦІМАФЕЕНКІ




