Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Секрет успеха вилейчанина Георгия Мороза

Да Дня аўтамабіліста і дарожніка чарговай узнагароды – нагруднага знака Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь «Ганаровы дарожнік Беларусі» I ступені – удастоены трактарыст дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №63 Георгій Мароз.

Працаваць у дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне Георгій Аркадзьевіч прыйшоў у пачатку далёкіх 80-ых. Вядома, на той час малады чалавек не думаў пра тое, каб хутчэй уліцца ў кагорту перадавікоў, заслужыць сваёй працай высокія ўзнагароды. Не, ён проста рабіў і робіць сваю справу так, як прывык з дзяцінства – сумленна, адказна, па-гаспадарску. Такія адносіны да працы Георгій Аркадзьевіч узяў ад бацькоў, працавітых вяскоўцаў з невялічкай вёсачкі Путрычы, што ў Крывасельскім сельсавеце. Тут ён нара­дзіўся і рос, адсюль выйшаў на самастойную жыццёвую дарогу. Зараз у вёсачцы з яго блізкіх ужо нікога няма – пайшлі ў свет іншы бацькі, а на месцы, дзе некалі была родная хата, растуць маладыя бярозкі. Але жыве памяць, і Георгій Аркадзьевіч не прамінае ў вольныя хвіліны наведацца на бацькаўшчыну.

У такія моманты заўсёды прыгадвае яркія моманты з дзяцінства, клопатныя будні і запамінальныя святы. Дарэчы, родныя Георгія Аркадзьевіча – таленавітыя людзі, добра спявалі, ігралі на розных інструментах. Вось і сам ён віртуозна іграе на баяне, чым заўсёды радуе блізкіх і сяброў у час сямейных святаў і сяброўскіх сустрэч.

У Георгія Арка­дзьевіча – моцная сям’я, надзейны тыл, куды ён заўсёды спяшаецца пасля кожнага працоўнага дня. З жонкай Раісай Яўгеньеўнай яны выгадавалі цудоўнага сына, які, як і маці, выбраў прафесію настаўніка. Бацькоў радуе, што і ў сына моцная і дружная сям’я, што ў ёй пад­растаюць дзве ўнучачкі, іх радасць і ўцеха.

Трактарыст ДЭУ № 63 Георгій Мароз з высокай узнагародай – нагрудным
знакам Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь
«Ганаровы дарожнік Беларусі» I ступені.

Без малога сорак гадоў працуе Георгій Аркадзьевіч у ДЭУ №63. Немалы адрэзак часу, а праляцеў ён неяк непрыкметна. Вось ужо і на заслужаны адпачынак неўзабаве выходзіць, а, здаецца, зусім нядаўна прыйшоў сюды маладым. Прыйшоў і на дзесяцігоддзі застаўся. За гэты час стаў высокакваліфікаваным спецыялістам сваёй справы, за што неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам. Акрамя грамат і падзяк, мае нагрудны знак «Ганаровы дарожнік Беларусі» II ступені. А цяпер вось – і высокага звання ганаровага дарожніка Беларусі першай ступені заслужыў. Прыемна, канешне, але ж і да многага абавязвае.

Трэба апраўдваць высокі давер кіраўніцтва, адпавядаць ганароваму званню. А для гэтага трэба сумленна і плённа працаваць, што Георгій Аркадзьевіч і робіць усе дзесяцігоддзі ў дарожным упраўленні. Вось і ўвесь сакрэт яго поспеху.

Ірына БУДЗЬКО/фота Алены ЦІМАФЕЕНКА

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 150 queries