Аляксандр Дзік, насунуўшы на твар ахоўную сетку, адчыняў вулей, вынімаючы з яго аблепленыя вашчынаю рамкі. Гасцей не запрашаў, таму насцярожана назіраў за нашым набліжэннем, прадбачачы непажаданую сустрэчу дапытлівых візіцёраў са сваімі неспакойнымі падапечнымі. Пчолы, растурханыя ад спячкі сонцам, дружна таўкліся над вуллямі, пагрозліва дзынкаючы і раз-пораз пашыраючы траекторыю свайго палёту.
– Стойце, дзе стаялі, – заўважыўшы яўную пагрозу нашай бяспецы, зрабіў папераджальны жэст пчаляр. Мае спадарожнікі падпарадкаваліся, а я, падагнаная журналісцкай дапытлівасцю, працягвала паціху пасоўвацца да вулляў. Аб’ектыў фотаапарата нацэліўся на неспакойных стварэнняў, якія пагрозліва кружылі ўжо над маёй галавой, намагаючыся заблытацца ў валасах. Прызнаюся, не хацелася стаць ахвярай маленькай, агрэсіўнай істоты, якая інстынктыўна стала на абарону сваёй жыццёвай прасторы.
– Смелая Вы, –сцягнуў з твару сетку Аляксандр Дзік. І мы расслаблена засмяяліся. Напружанасць першых хвілін знаёмства знялася. Разгаварыліся, нібы даўно знаёмыя людзі. Аляксандр расказаў, што пчолы – яго спадчынны інтарэс. Некалі імі займаўся бацька, меўшы ўласную пасеку. Сын дапамагаў, адначасова спасцігаючы гэту далікатную сялянскую навуку. Жыццё панесла ў іншым рэчышчы. Служба ў арміі, пасля – рамяство, далёкае ад пчалярства. Займаўся апрацоўкай каменя, у тым ліку, і для рытуальных мэт. А надарылася так, што раптоўна памёр саўгасны пчаляр. І мясцовае кіраўніцтва папрасіла Аляксандра ўзяць шэфства над пчоламі. Адмовіць не змог, паколькі ў просьбе гэтай улавіў своеасаблівы кліч крыві, абавязак геннай памяці свайго роду.
Толькі спецыялісту дадзена спасцігнуць нораў пчалінага сямейства, які ў кожным вуллі – свой, і дзе заўсёды аднак пануе матрыярхат. У сакавіку-красавіку пчаляр адчыняе вулей, каб прасачыць ці ёсць корм у лічынак, апрацаваць домікі супраць кляшча, сапраўднай навалы для маленькіх і такіх неўтаймаваных працаўнікоў. Істотнай ролі ў эканоміцы гаспадаркі пчалапасека не адыграе, – разумее Аляксандр Дзік. І ўсё ж гэта напаўзабытая галіна для яе, як мярэжкавае абрамленне да ўзору любой тканіны. У ёй – своеасаблівы каларыт. І Сяргей Красоўскі, сённяшні кіраўнік ужо ўзбуйненай «Новай Віліі», не мінае клопатам пчалярства, што разам з былой гаспадаркай перайшло да яго ў спадчыну.
…Не згледзеўшы пагрозы іх існаванню, пчолкі супакоіліся, планіруючы на рукавы рабочага адзення свайго апекуна. А на палетку, за бярэзнікам, загудзеў пасяўны агрэгат. Хутка пяшчотна-ружовыя суквецці загойдаюць у сваіх сутоннях нектар – прыродны прадукт для салодкага мёду «Новай Віліі».
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара
Салодкі мёд для «Новай Віліі»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов



