Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Салодкая» справа стала прафесіяй

Дзяўчаты ў белых халатах і каўпаках спрытна робяць сваю справу: адна ў імгненне вока «апранае» падрыхтаваныя каржы ў крэмавую «вопратку», другая хуценька абсыпае бакі шакаладнай пасыпкай, трэцяя спрактыкаванай рукой упрыгожвае верх… І вось ён, гатовы торт, ужо зручна размясціўся ва ўпакоўцы і чакае адпраўкі ў магазін. Свежы, што называецца, з пылу з жару. Каштуйце, ацэньвайце, ласуны, каб затым прыйсці за ім яшчэ і яшчэ.

Для кандытара хлебазавода Наталлі Валхонскай «салодкая» справа стала прафесіяй. Так склалася, што на прадпрыемства, дзе калісьці працавала прыбіральшчыцай яе мама, Наталля прыйшла юнай у далёкім ужо 1985-ым. Пачынала таксама прыбіральшчыцай. Ды ўжо тады, у самым пачатку, старэйшыя калегі і кіраўніцтва адзначылі творчую натуру Наталлі, яе адмысловае бачанне перспектывы і прыроджаны густ. Не, вырашылі на заводзе, такога перспектыўнага кандытара губляць нельга і ўжо праз два гады пасля працаўладкавання даверылі Наталлі «салодкую» справу. Пачынала з самага простага, выконвала напачатку дапаможныя аперацыі. І паступова расла ў творчым плане.
– Сёння Наталля Аляксандраўна адна з самых вопытных кандытараў, – расказвае начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Таццяна Балаш. – Мае чацвёрты разрад. Умее практычна ўсё, ад замесу паўфабрыкатаў да аддзелкі. Дарэчы, яна валодае сучасным метадам аддзелкі тортаў і пірожных – ёй падуладны выдуўка і адліўка вырабаў з карамелі, тэхніка работы з шакаладам, англійская тэхніка, выраб кветкавых кампазіцый з цукровых мас.
У 2008 годзе Наталля Валхонская праходзіла навучанне па праграме «Сучасныя тэхнікі і тэхналогіі кандытарскай вытворчасці» ў Маскве ў Міжнароднай прамысловай акадэміі. У тым жа годзе вілейскія кандытары ўдзельнічалі ў Міжнароднай канферэнцыі «Торты і пірожныя-2008», якая праходзіла ў сталіцы Расіі. Прадукцыя Валхонскай адзначана па выніках канферэнцыі сярэбраным і бронзавым медалямі. У 2009 і 2011 гадах кандытар прымала ўдзел у рэспубліканскіх аглядах-конкурсах кандытарскага майстэрства Дэпартамента па хлебапрадуктах і прывезла адтуль Дыпломы трэцяй і другой ступеняў.
Сёння побач з Наталляй Аляксандраўнай працуюць і маладыя кандытары. Прыглядаюцца навічкі да кожнага руху спрактыкаванага майстра, ловяць кожнае яе слова, стараюцца не прапусціць таго, дзякуючы чаму чалавек становіцца майстрам сваёй справы. Думаецца, і ў кожнай з гэтых дзяўчат усё атрымаецца, бо для поспеху ў іх ёсць самае неабходнае: творчы падыход да справы, жаданне, акуратнасць, веды і добры настаўнік побач – Наталля Валхонская.
Ірына БУДЗЬКО
На здымках: кандытар Наталля Валхонская; тварэнне яе рук.
Фота аўтара і прадастаўлены хлебазаводам

/a

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries