Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сакрэт даўгалецця

Кажуць, у шчаслівым шлюбе заключаецца сакрэт доўгага жыцця чалавека. І гэта ўжо даказана навукоўцамі, якія прыйшлі да высновы, што шлюб робіць людзей не толькі шчаслівымі, але і доўгажыхарамі.
Па меркаваннях навукоўцаў, мужчына і жанчына, якія знаходзяцца ў шлюбе, у сярэднім жывуць на тры гады больш, чым іх аднагодкі-халасцякі. Яны сцвярджаюць, што сумеснае пражыванне спрыяльна ўплывае на стан здароўя мужа і жонкі
Яскравы прыклад гэтага – жыхары вёскі Сцешыцы Тадэвуш Уладзіміравіч і Ядзвіга Карлаўна Навойчыкі. Жывуць яны разам ужо 65 гадоў. Будучыя муж і жонка ведалі адзін аднаго з дзяцінства, разам жылі ў невялікай вёсцы Калодкі.З цягам часу дзіцячае сяброўства перайшло ў каханне. Тадэвуш і Ядзвіга сталі мужам і жонкай.
На пачатку свайго сямейнага жыцця маладыя жылі ў бацькоўскай хаце. Але ў хуткім часе яны пабудавалі ўласную. А захацеўшы памяняць месца жыхарства, перавезлі яе ў вёску Сцешыцы, у якой жывуць па сённяшні час.
Усё сваё жыццё Тадэвуш Уладзіміравіч і Ядзвіга Карлаўна працавалі ў калгасе, гадавалі дзяцей, нажывалі гаспадарку. Як і ва ўсіх людзей, у іх жыцці былі цяжкія хвіліны, але разам, падтрымліваючы адзін аднаго, яны пераадолелі іх, нягледзячы ні на што, засталіся поруч. Пранеслі сваё каханне праз усе нягоды і выпрабаванні.
Зараз абодвум ужо за 80.У іх вялікая дружная сям’я: дзве дачкі, пяцёра ўнукаў і тры праўнукі. Усе часта збіраюцца ў бацькоўскай хаце.
Не перашкода для Тадэвуша Уладзіміравіча і Ядзвігі Карлаўны іх узрост. Разам яны яшчэ трымаюць вялікі агарод, кожную нядзелю наведваюць касцёл, а Тадэвуш Уладзіміравіч яшчэ знаходзіць сілы схадзіць у грыбы і ягады.
Назіраючы за імі, нельга не згадзіцца, што шлюб – гэта сапраўды сакрэт доўгага і шчаслівага жыцця.
Ганна СВЯТОХА,
студэнтка педуніверсітэта імя М.Танка

Тадэвуш і Ядзвіга Навойчыкі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries