Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

С Крещением Господним!

19 студзеня ўсе праваслаўныя хрысціяне сустрэлі Святое Богаяўленне, Вадохрышча. Асвячоная ў гэты дзень вада спрадвеку вядомая сваімі цудоўнымі гаючымі ўласцівасцямі, а таксама здольнасцю захоўваць чысціню і свежасць на працягу значнага часу.

З раніцы праваслаўныя веруючыя Вілейшчыны ішлі да храмаў, каб малітоўна звярнуцца да Усявышняга з прашэннем аб здароўі родных і блізкіх і каб набраць асвячонай вады. Па традыцыі прыхода храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы горада Вілейкі пасля святочнага богаслужэння прыхаджане храма на чале з настаяцелем пратаіерэем Вячаславам Вабішчэвічам хросным ходам накіроўваюцца да берага Вілейскага вадасховішча, дзе бацюшка асвячае ваду падрыхтаванай купелі. Акунацца на Вадохрышча ў палонку для многіх веруючых застаецца папулярнай і старажытнай традыцыяй. У Вілейскім раёне ўсіх ахвотных ачысціцца цялесна і духоўна сустракалі шмат купеляў і ў святой крыніцы ў Даманава, і на Віліі, і на Банным возеры, і на рацэ Ілья і шмат дзе па раёне.

Айцец Вячаслаў правёў традыцыйнае набажэнства, асвяціўшы воды Вілейскага вадасховішча, адзначыў:

– Кожны год бачым значную колькасць жадаючых ва ўсёй паўнаце адчуць дотык да асвячонай вады. Я малюся, каб моц святой вады спадарожнічала па жыцці ўсім, хто будзе тут акунацца, бо людзям з глыбокай верай прыходзяць і новыя перамены, і духоўны рост. Але галоўным у нашым жыцці павінна заставацца наша вера і малітва.

І пакуль адны ў храмах Вілейшчыны напаўнялі ёмістасці святой вадой, іншыя рыхтаваліся акунуцца ў халодную ваду. Перахрысціўшыся, людзі з галавой тройчы акунаюцца ў асвячоную ваду купеляў. Пасля, «падбадзёраныя» марозам, энергічна расціраюцца ручнікамі. Як адзначаюць свяшчэннікі, думаць, што проста купанне ў вадохрышчанскай палонцы «змывае» з чалавека ўсе грахі – няправільна. Заходзіць у вадохрышчанскую палонку трэба з верай, з малітвай, памятаючы пра сапраўдны сэнс гэтага дзеяння. Само па сабе акунанне ў вадохрышчанскай вадзе не ачышчае ад грахоў. Свята Хрышчэння робіць людзей адзінымі з Богам. Падчас абраду ў вадзе, якая з’яўляецца крыніцай новага жыцця, чалавек памірае для граху і ўваскрасае для Бога.

Адчуванні пасля акунання на Вілейскім вадасховішчы цяжка перадаць, кажуць людзі, якія выходзяць з купелі. У першую гадзіну пасля асвячэння вады акунуцца прыйшло чалавек пад сотню, прычым каля паўтара дзясятка з іх – жанчыны.

Уладзімір, жыхар Вілейкі: «Ужо які год прыязджаю сюды на свята ў любое надвор’е. Пачуцці пасля таго, як акунуўся ў ваду, асаблівыя. Я атрымліваю велізарны зарад бадзёрасці, сілы, адчуваю ачышчэнне. Эмоцыі толькі станоўчыя, таму буду працягваць традыцыю».

Маладая віляйчанка Кацярына: «Сёння акунацца буду ўпершыню, крыху боязна, але трэба гэта пераадолець, – дзяўчына акунаецца і, ідучы пераапранацца, дзеліцца ўражаннямі. – Гэта таго каштавала. Вельмі незвычайныя пачуцці. Хаця пакуль не ведаю, змагу ці не так зрабіць і на наступны год».

Прыхаджанка Марыя: «Менавіта тут я першы раз. Мне ў маі споўніцца 71 год. Але раней больш за дзесяць гадоў з мужам купаліся ў рэчцы і летам, і зімой. Дзякуючы гэтай вадзе я па міласэрнасці Божай збавілася ад многіх хвароб. Абавязкова перад акунаннем тры разы чытаю «Ойча наш» і тады ўваходжу ў ваду. Галоўнае – вера і Божая дапамога».

І сапраўды, толькі вера і малітва могуць прынесці карысць пры акунанні ў вадохрышчанскую купель. Вадохрышчанская вада ачышчае цела, а малітва – душу.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries