Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Радкі, што пісала матулі рука…

Гэты старэнькі альбом з выцвілай ад часу вокладкай і абшарпанымі лістамі, які ў рэдакцыю прынесла Тамара Супрановіч, яна беражліва захоўвае як сямейную рэліквію. Некалі, дзясяткі гадоў таму, яго пісалі дзве сястры-настаўніцы – Марыя Юльянаўна Нарэйка, якая выкладала ў Вязынскай школе геаграфію, і Кацярына Юльянаўна Кляпец, настаўніца замежнай мовы гэтай школы. Марыя Юльянаўна – маці Тамары Супрановіч, таму ў дачкі і захоўваецца гэты альбом.

Адна са старонак альбома, які прынесла ў рэдакцыю Тамара Супрановіч
Адна са старонак альбома, які прынесла ў рэдакцыю Тамара Супрановіч

– Мама з цёцяй нарадзіліся і выраслі ў вёсцы Ясманаўцы на Вязыншчыне, – пачала расказваць Тамара Міхайлаўна. – Вывучыліся на настаўніц, працавалі. Мамы ўжо няма на гэтым свеце, дзевяць гадоў, як памерла, а Кацярына Юльянаўна жыве ў вёсцы Кузьмічы Любанскага сельсавета. Гадоў з сорак, а можа і болей назад яны аформілі гэты альбом – «Гісторыя вёскі Вязынь». Для нас, дзяцей і ўнукаў…. Вось я і захоўваю.

Каліграфічнымі почыркамі – літарка ў літарку – чарнільнай ручкай запоўнены старонкі альбома. Інфармацыя тут самая розная – пра Вязынь і навакольныя вёскі, іх геаграфічнае становішча, ваеннае ліхалецце, прадпрыемствы, установы на тэрыторыі Вязыншчыны і многае іншае. Так, расказваючы аб паходжанні назвы вёскі Вязынь, сёстры-настаўніцы пішуць: «Адны сцвярджаюць, што назва «Вязынь» узнікла ад слова «вязаць». Каля ракі жылі людзі, якія вязалі прыгожыя карункі і верхняе адзенне. Другія мяркуюць, што Вязынню вёску назвалі таму, што важнай галіной гаспадаркі з’яўлялася нарыхтоўка лесу і яго сплаў па рацэ. Да 1950 года тут яшчэ сплаўлялі лес. Для таго, каб яго сплаўляць, патрэбна было яго звязваць».

Цікава і з веданнем справы расказана ў альбоме пра мінулае: жыццё жыхароў Вязыншчыны ў часы прыгнёту, павіннасці, якія плацілі людзі, і іншае. І пра паходжанне сваёй роднай вёсачкі Ясманаўцы сёстры-настаўніцы таксама пісалі. «Па расказах старэйшых жыхароў нашай вёскі мы даведаліся, што вёска Ясманаўцы была заснавана ў XVIII стагоддзі. Да 1812 года ў ёй налічвалася каля 12 дамоў, размешчаных па правым беразе ракі. У першай палове XIX стагоддзя, у часы прыгону, у вёсцы засталося 7-9 хацін. Чаму? Людзі перасяліліся ў іншыя вёскі нашай мясцовасці. Жыццё сялян было вельмі цяжкім. Пасля адмены прыгоннага права (1861 год) нашы дзяды не ведалі аб гэтым яшчэ два гады». Цікава, што аўтары нават назвалі людзей, ад якіх у свой час вяскоўцы пачулі тую ці іншую інфармацыю пра гэтыя мясціны, – Мікалая Генрыхавіча Вяжэвіча 1889 года нараджэння Александрыну Міхайлаўну Вяжэвіч 1889 года. Даўно няма гэтых людзей на свеце, а вось іх успаміны жывуць, перадаюцца нашчадкам.

Уяўляю, як нехта з чытачоў, пазнаёміўшыся з гэтай публікацыяй, расчаравана заўважыць: «Падумаеш, альбом. Пайдзі ў музей – знойдзеш усю патрэбную інфармацыю пра любы куточак Вілейшчыны». Канешне ж, знойдзеш. Толькі вось радкі, напісаныя прыгожым маміным почыркам, успрымаюцца, згадзіцеся, зусім па-іншаму. Таму гэта і ёсць дарагая сямейная рэліквія.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries