Работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі можна было сустрэць у розных куточках горада. Рабочыя працавалі на сваіх месцах, адміністрацыя – на аб’ектах горада. Не абышлі сваім клопатам яны і бераг вадасховішча, і гарадскі пляж па вуліцы Савецкай. Як расказала Марына Андрыеўская, намеснік дырэктара дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Вілейская ЖКГ», асноўнае ў справе навядзення парадку зроблена даўно – засталося, як кажуць, навесці фінішны бляск. У той дзень супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі граблі сухое лісце ў ніжнім парку, грузілі яго на пагрузчык. Поруч – і маладыя кадры, і тыя, хто ў арганізацыі не першы год.
Ля Казінага мастка, як завуць гэта месца, уздоўж берага Віліі за расліннасцю цяжка было разгледзець людзей. Тут таксама працавалі прадстаўнікі камунальнай службы. Ідучы літаральна на голас, выйшла якраз да іх. Смецце ўжо было ў мяшках, але па іх колькасці можна было меркаваць, наколькі “ашчадна” да малой бацькаўшчыны ставяцца самі віляйчане. Цэлафан, шкло, пластыкавыя бутэлькі і іншае смецце – гэта тое, што прынеслі “на прыроду” і пакінулі ёй людзі, тое, што сапсавала выгляд гэтага маляўнічага куточка.
На цэнтральнай плошчы ў камунальшчыкаў была іншая задача – фарбавалі лавачкі, сметніцы. Усё астатняе было зроблена раней – пасаджаны кветкі, прыбрана сухая лістота і падмецена тэрыторыя. Згадзіцеся, многія спяшаюцца праз плошчу па сваіх штодзённых справах, іх удзячны позірк на створаную прыгажосць – нібы «дзякуй» тым, хто пастараўся дзеля яе. Нездарма гэта месца палюбілі мамы з дзеткамі, моладзь і тыя гараджане, што выйшлі з кватэры, каб здзейсніць вячэрні праменад. Ужо не за гарамі пачатак мая – тая пара, калі заструменіць з гарадскога фантана вада, і ў яе празрыстых кроплях, як і летась, заззяе сонца… «Прыемна, што жыве традыцыя суботніка, – заўважылі, на хвілінку адарваўшыся ад працы, жанчыны, дадаўшы: – І прыемна ўдвая, што папрацаваць ў гэты дзень выйшлі не толькі камунальшчыкі, але і тыя, хто кожны дзень крочыць па горадзе, не задумваючыся нават, што яго прыгажосць – праца многіх чалавечых рук».
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
Работнікі ЖКХ на рэспубліканскім суботніку
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов






