У дзяржаўнай установе адукацыі «Вілейская гімназія № 1 «Логас» адбылася Пятая адкрытая раённая краязнаўчая канферэнцыя «Шлях да вытокаў», прысвечаная Году моладзі. Сардэчна віталі ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі гімназісты. Са сцэны гучала сакавітая родная мова, беларускія вершы і песні.
Да ўдзельнікаў канферэнцыі з пажаданнямі поспехаў і ўдачы звярнуліся дырэктар гімназіі Наталля Жыбуль, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Лобан. Іх шчырыя словы прагучалі як наказ-пажаданне ўсім удзельнікам канферэнцыі поспехаў і моцнага здароўя. Наталля Жыбуль адзначыла: “Памяць продкаў, традыцыі, звычаі – усё гэта прыходзіць да нас з мінулага, перадаецца з пакалення ў пакаленне ад прадзеда да дзядулі, а потым і да нас. Будучае немагчыма без мінулага. Мінулае дазваляе даведацца аб памылках і поспехах іншых і зрабіць так, каб у будучым не здарылася нічога дрэннага або ўдасканаліць штосьці, каб нашчадкам жылося яшчэ лепш, чым нам. Вельмі сімвалічна, што канферэнцыя адбываецца ў Год моладзі. Гэта ў чарговы раз даказвае тое, што моладзь непарыўна звязана з родным краем, яна неабыякава да будучага роднай краіны. На эмблеме нашай канферэнцыі – дуб. А дуб – гэта сімвал прыгажосці і магутнасці. Дуб дапамагае зарадзіцца станоўчай энергіяй”.
Напэўна, і пранікнёныя словы выступаючых, і атмасфера гасціннасці, добразычлівасці і цеплыні, якая панавала ў гімназіі, – усё разам дапамагло многім вучням дасягнуць поспехаў, атрымаць узнагароды. А іх сёлета было нямала.
Усяго для ўдзелу ў канферэнцыі было дапушчана 45 работ з 14 устаноў адукацыі Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў Міншчыны, а таксама горада Віцебска. Упершыню прынялі ўдзел у рабоце канферэнцыі прадстаўнікі Дзяржаўных устаноў адукацыі: «Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна»,«Чысцінская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна», «Пагосцкая базавая школа-дзіцячы сад Вілейскага раёна». Традыцыйна шматлікая колькасць работ была прадстаўлена ад наступных устаноў адукацыі: «Вілейская гімназія № 1″Логас» – 15, «Вілейская гімназія № 2» – 6, «Гімназія № 4 г. Віцебска» – 5, «Ільянская сярэдняя школа ім. А. А. Грымаця Вілейскага раёна» – 5.
На канферэнцыі працавалі наступныя секцыі: “Філалогія і культуралогія”, “Геаграфія і біялогія”, “Гісторыя” і “70 год Вялікай Перамогі”. Самыя разнастайныя даследчыя работы прадэманстравалі вучні: ад сакрэтаў бабулінага куфэрка да стварэння бізнэс-кампаніі, ад аповедаў пра гераізм родных у гады Першай і Другой сусветных войн да вывучэння якасці вады і камянёў у родным мястэчку. У працы журы прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі і грамадскіх арганізацый Вілейскага раёна, супрацоўнікі краязнаўчага музея і раённай бібліятэкі, краязнаўцы, члены Саюза пісьменнікаў і Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
У выніку кожны вучань атрымаў сертыфікат удзельніка і падарунак. А прызавыя месцы ганаровае журы размеркавала так: у секцыі “Геаграфія і біялогія” Дыплом І ступені атрымалі Цярохіна Дзіяна і Сільвановіч Ганна з Палачанскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, а вучні Вілейскай гімназіі № 1 “Логас” Гапуцін Ілья і Дунаеў Віктар занялі 2-е месца. Трэцяе раздзялілі Ількевіч Вольга з Вілейскай гімназіі № 1 “Логас”, Самсонава Кацярына і Ярмоленка Лізавета з гімназіі № 4 г. Віцебска; у секцыі “ 70 год Вялікай Перамогі” Дыпломам І ступені ўзнагароджана Кабак Валерыя з Вілейскай гімназіі № 2, 2 і 3 месцы – у Ігнатовіча Івана і Сячко Марыі з Вілейскай гімназіі № 1 “Логас”; у секцыі “Гісторыя” Дыплом І ступені ў Хабарава Ільі з гімназіі № 4 г. Віцебска, Дыплом ІІ ступені ў Паўлавай Арыны з Вілейскай гімназіі № 2, а 3-е месца ў Шатлікавай Аляксандры з СШ№ 1 г. Вілейкі; у секцыі “Філалогія і культуралогія” Дыплом І ступені атрымалі Сопрых Валерыя і Ляшковіч Валерыя з гімназіі № 1 “Логас”, Дыплом ІІ ступені ў Ількевіч Юліі з Нарацкай СШ і Кабак Валерыі з Вілейскай гімназіі № 2, Дыплом ІІІ ступені ў Томкавіч Эміліі з Вілейскай гімназіі № 1 “Логас”.
Такім чынам, юныя краязнаўцы ў чарговы раз абмяняліся сваімі даследаваннямі, вытрымалі іспыт на веданне гісторыі роднага краю і сваёй сям’і. Спадзяёмся, што ўсе ўдзельнікі канферэнцыі зарадзіліся станоўчай энергіяй на будучае, таму хочацца пажадаць вучням і настаўнікам здароўя, творчых сіл, любві да роднага краю і поспехаў у даследчай працы.
Толькі той, хто ведае свае карані, зможа пабудаваць годную будучыню.
Алена МАЧЭЛЬ, настаўнік гімназіі № 1 “Логас”.
Фота прадастаўлена аўтарам
Пятая адкрытая раённая краязнаўчая канферэнцыя «Шлях да вытокаў», прысвечаная Году моладзі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ




