Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прыехалі да стогадовай юбіляркі з падарункамі і віншаваннямі

Свой дзень нараджэння Канстанціна Мікалаеўна Аўсянік адзначае якраз напярэдадні праваслаўных Калядаў – 6 студзеня. Сёлета ў бабулі юбілей, дажыць да якога наканавана вельмі нямногім, – стагоддзе. Так склаўся лёс гэтай сціплай жанчынкі, што сустрэла гэтую дату, як кажуць, у казённым доме – у Іжскай бальніцы сястрынскага догляду. Не даў Бог ёй у свой час мець дзетак, пры якіх дажывала б яна век. Праўда, не забываюць яе пляменнікі, якія часта наведваюць цётку, улетку, бываючы ў адпачынках, заўсёды забіраюць яе пагасціць на некалькі месяцаў. А ўзімку родным домам Канстанціне Мікалаеўне становіцца бальніца, дзе яна ўжо, што называецца, свой чалавек – чацвёрты год тут.

Чысценькі цёплы пакойчык, смачная ежа, такія ж сціплыя, як і сама бабуля, яе тры суседкі, добразычлівыя медработнікі – што яшчэ трэба старэнькаму чалавеку, каб спакойна дажываць адведзенае Усявышнім?
На долю стогадовай юбіляркі выпала многае: і вайна, і пасляваенныя гады, і цяжкая праца. Жыла бабуля ў вёсачцы Крайскія Пасекі на Ільяншчыне. Доўгі час працавала на шклозаводзе «Залессе», затым – паляводам у саўгасе «Ільянскім», што пазней атрымаў назву «За мір». У лістападзе ўжо такога далёкага 1972-га ў 58-гадовым узросце Канстанціна Мікалаеўна выйшла на заслужаны адпачынак. Праўда, адпачынкам жыццё вясковай працаўніцы можна назваць умоўна – агароды, «соткі», гаспадарка патрабуюць столькі сіл і працы, штодзённай, нялёгкай, без святаў і выхадных. Напэўна ж, узгадвае Канстанціна Мікалаеўна і тыя гады, і ўсё-ўсё перажытае. А ўбачыць за доўгае жыццё ёй давялося нямала…
Напярэдадні юбілею клапатлівыя пляменнікі прыехалі да бабулі з падарункамі і віншаваннямі. Нават своеасаблівы прывітальны адрас для яе напісалі і павесілі над бабуліным ложкам. І цяпер, хто б ні зайшоў у пакойчык, бачыць: тут жыве стогадовая юбілярка.
З віншаваннямі і падарункамі паехала ў Іжу і наша група, у складзе якой былі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Ляцяга, начальнік аддзела гэтага ўпраўлення Алена Чаўлытка, старшыня Ільянскага сельсавета Мікалай Русак. Падзяка ад раённай улады, цёплыя пажаданні і падарункі расчулілі Канстанціну Мікалаеўну літаральна да слёз, шчыра дзякавала яна за такую да сябе ўвагу.
– Сціплая, добразычлівая бабулька, – характарызавала юбілярку загадчыца бальніцы Іна Занкавіч. – І пляменнікі ў Канстанціны Мікалаеўны добрыя, клапатлівыя, не забываюць яе.
Не ведаю, ці пачула бабулька гэтыя словы (слых моцна яе падводзіць), толькі тут жа стала дзякаваць за тое, што жыве ў цеплыні, чысціні ды клопаце. А ўжо колькі яшчэ наканавана пражыць, вядома толькі Усявышняму. Няхай будзе іх, гадоў яе жыцця, яшчэ многа-многа!
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries