Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Просты салдат, што вызваляў Еўропу

Лёс жыхара вёскі Стахі, што размяшчаецца на ўскрайку Вілейскага раёна – гэта лёс цэлага пакалення аваеннай моладзі, якім з-за вайны давялося ў адно імгненне стаць дарослымі. Аб
баявых буднях і пасляваенных выпрабаваннях мы гутарым з адным са старэйшых ветэранаў Вілейскага раёна Войцехам Антонавічам Цюрлікам.

З кожным годам застаецца ўсё менш і менш непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І гэта зразумела – гады ляцяць імгненна… І вось ужо мы адзначаем 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па статыстыцы самаму “маладому” ветэрану ў Беларусі – 92. Таму сустрэцца з ветэранам вайны і паслухаць успаміны і разважанні чалавека, які пражыў амаль стагоддзе – гэта вялікі гонар.

Войцех Антонавіч Цюрлік з вёскі Стахі амаль у Дзень Незалежнасці адзначыць 96-ю гадавіну з дня нараджэння. Гэта сціплы і вельмі мужны чалавек, з яснай памяццю і сур’ёзнымі разважаннямі. Яго жыццё – гэта лёс цэлага пакалення, маладосць якога выпала на перыяд Польшчы, а затым – прыход Саветаў, акупацыі і вайны.

– Мяне прызвалі ў 1944 годзе і адразу ў Войска Польскае (ад аўтара: агульнавайсковае аб’яднанне, сфармаванае ў СССР у 1944 годзе з палякаў, ваеннаслужачых Узброеных сіл СССР і іншых нацыянальнасцяў), бо меў пашпарт, які мне за Польшчай выдавалі, ды і школу ў Пагосце польскую скончыў – узгадвае Войцех Антонавіч. – Хаця камандзіры былі рускія ў польскай арміі, ды, наогул, там было ўсякіх нацыянальнасцяў. Ваявалі ва Усходняй Прусіі, вызвалялі Польшчу, прайшлі ад Балтыкі да Чорнага мора. Шмат вызвалялі нямецкіх гарадоў, а Перамогу сустрэлі ў Франкфурце-на-Майне, дзе сышліся з саюзнікамі. Потым вярталіся з Германіі ў Польшчу, а там у кожным горадзе людзі сустракалі з аркестрам, абдымалі, дарылі кветкі…

Усю вайну Войцех Антонавіч прайшоў пешшу за гарматай, бо служыў у артылерыі «орудийным» нумарам.

– Першыя дні былі жудасныя: толькі ўехалі ў лес – бамбёжка, паўсюль з артылерыі б’юць…, – распавядае ветэран. – А тады звыкліся: вайна вайной – ніхто не гладзіў. Колькі гарадоў вызвалялі, і ў кожным памятаю, як перабіраешся праз горад – паўсюль страляюць: коні валяцца мёртвыя, па людзях, як па суках у лесе ісці можна, усе дамы вакол падаюць, а на вуліцах поўна тэхнікі, забітых і параненых.

Старэйшы брат Войцеха Антонавіча загінуў на вайне, а траіх сясцёр немцы падчас вайны вывезлі ў Германію на прымусовыя работы.

– Усяго нас у сям’і было тры хлапцы і шэсць дзяўчат. Брата Пятра 1918 года нараджэння яшчэ ў 1940-м прызвалі ў савецкую армію. Ён служыў у Казані, а потым, калі пачалася вайна, іх пад Смаленск накіравалі, дзе падчас бамбёжкі брат і загінуў. Яшчэ адзін старэйшы брат застаўся ў Польшчы пасля вайны, туды ж выехалі сёстры, пасля таго як іх вызвалілі. Я ж быў малодшы з братоў і вярнуўся ў Стахі, тут засталіся старыя бацькі, іх даглядаць трэба было. Пасля вайны разам з бацькам адбудоўваў хату, бо ў 1947 годзе на Сёмуху вёска больш як напалову згарэла – сусед акурваў пчол і ад вугельчыка загарэлася пабудова, агонь перакінуўся на суседнія хаты, так большая палова вёскі і выгарэла. Мы таксама пад голай страхой засталіся.

У Войцеха Антонавіча залатыя рукі: ён паказаў нам самаробныя сталы з прыгожымі тачонымі ножкамі, што вырабляў сам. Ён з маленства зведаў гэтую навуку, бо бацька быў цесляром. А пасля вайны і сам Войцех Антонавіч працаваў і сталяром, і цесляром. Затым ажаніўся на дзяўчыне з Вітаўцаў, з якой хадзілі разам да касцёлу ў Даўгінава. Нарадзіліся дзеткі, жыццё пайшло сваёй чаргой.

– Любіў сталярнічаць: вырабляў вокны, дзверы, даводзіў да ладу дамы, якія будаваў міжкалгас, – узгадвае ветэран. – Я ад 15 гадоў хадзіў разам з бацькам з сякерай, бо трэба было зарабляць, каб пражыць. Як працаваў у калгасе пасля вайны, то па начах вырабляў шафы, каб потым прадаць на кірмашы ў Даўгінаве. Сам змайстраваў сабе такарны станок, выточваў розныя фігурныя дэталі. Спачатку прасіў мясцовага мастака фарбаваць мае вырабы, а потым паглядзеў і навучыўся сам гэта рабіць. Бывала, цэлую ноч шафу робіш, а на раніцу на працу ў калгас. Так за тыдзень шафа і гатова…

Вось ветэран надзеў свой пінжак з ўзнагародамі, сярод якіх больш за пяць баявых, прычым і польскіх, і савецкіх: польская баявая ўзнагарода «Медаль Перамогі і Свабоды. 1945», «Медаль за Одэр, Нейсе, Балтыку», як ўдзельніку баёў на межах Одэра, Нейсе і Балтыйскага мора, польскі медаль: «За Варшаву» і ўзнагарода Міністэрства нацыянальнай Абароны Польшчы «Грунвальдскі знак» (Odznaka Grunwaldzka), у гонар ўзяцця Берліна сумесна польскімі і савецкімі войскамі. А таксама ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і савецкі медаль «За ўзяцце Берліна», ужо не кажучы аб дзясятках юбілейных узнагарод.

– Польскія медалі потым прыслалі ў Вілейскі ваенкамат і мне іх уручылі. Ваенком сказаў, што належыць ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць, але я адмовіўся, бо гэта лішняе, сам прыехаў забраць у ваенкамат. Палякі выдалі і дакумент, недзе тут ляжыць, што можна выбраць любую хату, у любым горадзе, і пераехаць жыць. Але навошта мне чужое, са Стахаў не паехаў нікуды. Што казаць, дзякуй Богу, што застаўся жывы, хоць усю вайну на перадавой прабыў. А было такое, што папаў пад гармату і колы прайшліся па мне, паламаўшы грудную клетку. Але выжыў і вось ўжо 96 гадоў пражыў на свеце і нічога, здаровы. Праўда, зараз ужо ў дачкі зімой ў Мінску, а летам абавязкова еду ў сваю хату ў Стахі, сюды і сын прыязджае заўжды. Нас тут ужо мала засталося старажылаў: ёсць яшчэ адна жанчына – ёй 99, ды другой суседцы – 90. А так крыху дачнікаў – вёска жыве.

Войцех Антонавіч мае выдатную памяць, ён акрамя вайны цікава распавёў пра польскі час, калі тут у маёнтку Караліна жылі мясцовыя паны Незабытоўскія, пра іх гаспадарлівасць, а таксама пра заставы ў Пагосце і Караліне. Ён яшчэ памятае і паказвае, як плёў саламяныя кублы для зерня і мукі, памятае адметныя абрады вёскі – як на Станіслава 8 мая жанчыны вёскі збіраліся разам і ткалі спецыяльнае палатно, потым яго распрамлялі над галовамі і праганялі ўсю жывёлу пад сімвалічнай аркай, каб абараніць ад усяго ліхога на ўвёсь год. Затым гэта палатно неслі ў касцёл як ахвяру, дзе ксёндз спраўляў «градабітную», каб град не збіваў пасевы і агароды ў вёсцы. Адным словам, гэта чалавек-энцыклапедыя, бо, што казаць – амаль стагоддзе пражыў на свеце, таму ёсць што і аб чым распавесці.

– Лепш, дзеткі, вам не зведаць, што такое вайна, – зазначыў напрыканцы сустрэчы ветэран. І гэта важныя словы простага салдата, што вызваляў Еўропу.

Са святам Вызвалення Беларусі!

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 189 queries