На сваю жаночую долю Алена не скардзіцца. Наадварот, яна дзякуе лёсу, што на яе жыццёвым шляху сустрэўся Валерый, з якім яны разам ідуць па жыцці без малога два дзесяткі гадоў. І ні разу Алена не пашкадавала аб сваім выбары. Працавіты, раўнадушны да спіртнога, клапатлівы, чаго яшчэ хацець ад мужа?
– Праходзьце, калі ласка, праходзьце, – запрасіла гаспадыня ў дом. Яшчэ толькі ступіўшы на гэты панадворак у Крывым Сяле, я зразумела, што жывуць тут працавітыя людзі і дбайныя гаспадары. Усюды чысціня, парадак. Гаспадарчыя пабудовы хаваюцца за домам, таму адразу і не скажаш, што трымаюць людзі розную жыўнасць. Непадалёк ад дома – нядаўна сабраны рукамі гаспадара-умельца трактар…
Чысціня і парадак і ў доме. І ў гэтым, вядома ж, вялікая заслуга гаспадыні, Алены Мікалаеўны.
– Як сказаць, – адрэагавала на гэта яна. – А вось электрабытавыя прыборы – і тэлевізар, і мікрахвалевую печ, і DVD, і нават электрачайнік – заваяваў для сям’і наш гаспадар. Уяўляеце, якая эканомія для сямейнага бюджэту…
І тут трэба крыху растлумачыць, дзе і як заваёўваў усё пералічанае Валерый Дуровіч. Справа ў тым, што ён працуе лесніком у Куранецкім лясніцтве. Старанны, працавіты, вопытны, Валерый Іванавіч пастаянна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і спаборніцтвах, у якіх мераюцца сіламі і вопытам работнікі лесу. І атрымліваецца, што без прызавых месцаў, за якія ўручаюцца памятныя падарункі і дыпломы, дамоў вяртаецца рэдка. Такі вось ён, муж і тата дружнай сям’і Дуровічаў. Ды і сын, дзесяцікласнік Аляксандр, бярэ прыклад з бацькі. Не без гонару расказала Алена Мікалаеўна, што хлопец з задавальненнем займаецца акрабатыкай, таксама ездзіць на спаборніцтвы і займае прызавыя месцы. Аляксандр мяркуе звязаць са спортам і сваё далейшае жыццё, і бацькі сынаў выбар адабраюць. Як і выбар старэйшай дачкі Вольгі, якая вучыцца зараз у медыцынскім каледжы. А ў вольны ад вучобы час сын і дачка – найпершыя памочнікі бацькам у немалой гаспадарцы.
– Маем дзвюх кароў, кабанчыкаў, трусоў, курэй, – расказвае гаспадыня. – Канешне ж, працаваць даводзіцца многа, але ж і падспор’е для сям’і ад гаспадаркі адчувальнае. Да таго ж маем два гектары зямлі, якую засяваем і бульбай, і збожжавымі, і травой. Трактары два на падворку, складзеныя і перабраныя мужавымі рукамі. На гэтай тэхніцы і працуюць нашы хлопцы.
Здавалася б, пры такой вялікай гаспадарцы Алене толькі б і працаваць на ёй. Ды не, сваё робіцца ў выхадныя ды у час, вольны ад працы паштальёна. Дзве вёскі – Чыжэвічы і Касуту – абслугоўвае жанчына. Газеты, часопісы і не толькі гэта дастаўляе яна вяскоўцам. Улетку – на веласіпедзе, зімою – пешшу ці на машыне з мужам. У кожнай хаце чакаюць гэту прыветную жанчыну, якой можна задаць пытанне, параіцца або проста пагутарыць пра жыццё-быццё. І яна стараецца ўдзяліць час , якога ніколі не бывае многа, кожнаму…
– Мяне мая мама заўсёды вучыла жыць з людзьмі ў згодзе, ніколі нікога не крыўдзіць, – гаворыць Алена. – Гэтага і прытрымліваюся ў жыцці. А што пра вольны час, дык пры жаданні яго знойдзеш на ўсё. Вось і я яшчэ і на мастацкую самадзейнасць знаходжу яго.
Жаночае шчасце. Кожны разумее яго па-свойму. І, разам з тым, кожны хоча, каб у яго была моцная сям’я, дзе панавалі б узаемныя клопат, дабрыня і любоў, і дзе яму спакойна і светла. Падумалася, што ў сям’і Дуровічаў па вялікім рахунку так. А гэта і ёсць простае шчасце людское.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: Алена Дуровіч ля свайго дома
Фота аўтара
Простае шчасце людское…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


