Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

ПРЭМ’ЕРА ПРАЕКТА. Ваш субяседнік – «Віляйчанка»

Сёння мы даем старт новаму праекту – «Віляйчанка». Сама назва гаворыць пра тое, што на гэтай старонцы будуць змяшчацца матэрыялы для жанчын і пра жанчын хоць, безумоўна, будзем рады, калі жаночую старонку ацэняць і з задавальненнем будуць чытаць прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. Раз у месяц вы, паважаныя чытачы, будзеце бачыць «Віляйчанку» – дзецішча рэдакцыі газеты і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» – у газеце, чытаць матэрыялы пра жанчын нашага краю, іх клопаты і захапленні, праблемы і дасягненні. Будзем расказваць і пра самае галоўнае, прыродай наканаванае прадназначэнне жанчыны – мацярынства, захаванне сямейнага ачага.

На жаночай старонцы плануем даваць слова ўрачам, юрыстам, педагогам і іншым спецыялістам, якія дапамогуць знайсці адказы на самыя розныя пытанні. Вядома ж, будуць тут і цікавыя жыцейскія гісторыі зямлячак. Гераінямі публікацый будуць жанчыны самых розных прафесій і рознага ўзросту. Думаецца, вы, нашы паважаныя чытачы, станеце і актыўнымі ўдзельнікамі праекта. Будзем рады пачуць вашу думку пра жаночую старонку, выслухаць аб’ектыўныя заўвагі і атрымаць слушныя парады і прапановы. У добры шлях, «Віляйчанка»!

Ірына БУДЗЬКО і вядучая праекта

Святлана ДЗЯРУГА, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»:

З першых дзён жыцця маленькі чалавечак знаходзіцца ў клапатлівых жаночых руках: медыцынскіх работнікаў, выхавальнікаў і нянечак у садку, першай школьнай настаўніцы. І на працягу ўсяго жыцця – у мацярынскіх руках, пад усеабдымнымі клопатамі і любоўю самай роднай жанчыны на свеце. Прырода надзяліла нас, прадстаўніц слабай паловы, найвялікшым дарам, высокай місіяй – даваць жыццё новаму чалавеку, гадаваць і выхоўваць тых, хто некалі заменіць нас і ад каго залежыць наша агульная будучыня. На Вілейшчыне вельмі многа сціплых і дастойных журналісцкага пяра жанчын-мам, і пра іх, я ўпэўнена, абавязкова трэба расказваць іншым. Бо няма большай радасці і вышэйшага цуда, чым стаць мамай і выгадаваць дастойных дзяцей.

Разам з тым, велізарнае значэнне жанчын у жыцці нашага грамадства, і з гэтым, напэўна, ніхто не будзе спрачацца. Беларускі ўносяць неацэнны ўклад ва ўмацаванне нашага грамадства, у развіццё ўсіх яго сфер. Нашы сучасніцы не застаюцца ў баку ад самых актуальных праблем сённяшняга жыцця, набываюць новыя прафесіі, асвойваюць сучасныя тэхналогіі. Несумненна, жанчыны сёння ўжо іншыя, чым былі ўчора, іх патрабаванні да грамадства і свайго сацыяльнага статуса ў ім значна ўзраслі. Сучасніцы арыентаваны не толькі на моцныя сем’і, але і на сваю паспяховую кар’еру, духоўнае і творчае развіццё. Яны ўмеюць быць прыгожымі ў любым узросце, самадастатковымі, арыентаванымі на поспех. І ў той жа час нашы сучасніцы захоўваюць лепшыя душэўныя якасці, праяўляюць вялікі мацярынскі клопат аб падрастаючым пакаленні. Такія яны, нашы зямлячкі, пра якіх і будзе расказваць праект «Віляйчанка».

Пяць «я» Жалабковічаў

Ці задумваліся вы, паважаныя чытачы, якую важную ролю ў жыцці кожнага з нас адыгрывае выпадковасць? Вось і галоўныя героі гэтага матэрыяла пазнаёміліся выпадкова. І не дзесьці на дыскатэцы, у кіно ці на канцэрце, а ў… бальніцы. Так-так, у жыцці некаторых бывае і такое. Яна – маладзенькая медсястрычка Каця, толькі-толькі пасля каледжа, і ён – Вадзім, які пасля аварыі трапіў у траўматалогію з пераломамі. Прыгожая медсястрычка спадабалася хлопцу вельмі, хоць на той час яму было зусім не да рамантычных пачуццяў… Аднак боль паступова адступаў, бо дапамога медработнікаў была своечасовай і кваліфікаванай. У тым ліку і дапамога медсястрычкі перавязачнага кабінета траўматалагічнага аддзялення Каці, пра якую Вадзім ужо не мог не думаць.

– А было гэта больш за чатырнаццаць гадоў таму, – расказвае зараз Кацярына. –  Час праляцеў так хутка! Сёння ў нас з Вадзімам  ёсць самае важнае – нашы дачушкі, наша радасць і надзея. І ў кожнага з нас – любімая работа. А гэта, напэўна, і ёсць шчасце.
Сям’і Кацярыны і Вадзіма Жалабковічаў пятнаццаты год. У самым пачатку сумеснага жыцця маладыя з дапамогай бацькоў  купілі домік па вуліцы Партызанскай, паступова дабудоўвалі-рамантавалі яго, падводзілі камунікацыі. Цяпер, прызнаецца Кацярына,  сваё сямейнае гняздзечка яна не прамяняе ні на якую  кватэру з выгодамі. Дарэчы, не так даўно Жалабковічы пабудавалі і кааператыўную кватэру – атрымалі такую магчымасць як мнагадзетная сям’я, дзе падрастаюць тры дачушкі-прыгажунькі. Трынаццацігадовая Ліза і дзесяцігадовая Ілона вучацца ў трэцяй гарадской школе, малодшанькай, Ксюшцы, у жніўні спаўняецца чатыры годзікі. Пра іх, сваіх крывінак,  Кацярына можа расказваць бясконца. Дзяўчынкі падрастаюць актыўнымі, творчымі, захопленымі прыгожым. Ліза сур’ёзна займаецца маляваннем у студыі Эдуарда Мацюшонка, удзельнічае ў конкурсах, пленэрах.
– У мінулым годзе «Еўраопт» праводзіў конкурс малюнкаў, – прыгадала Кацярына. – Ліза наша ўдзельнічала і выйграла веласіпед. Што і казаць, для сям’і ён рэч патрэбная.
Сярэдняя дачка Жалабковічаў сур’ёзна захапляецца плаваннем, ездзіць на спаборніцтвы, прывозіць узнагароды. І ўсё гэта, адзначае Кацярына, дзякуючы трэнерам-прафесіяналам Яўгеніі Асмалоўскай і Галіне Перапечынай.
Пра захапленні малодшай дачушкі бацькі могуць толькі здагадвацца, аднак што творчыя здольнасці ў яе ёсць – гэта бясспрэчна. Кацярына ўпэўнена, што ўсе дзеткі маюць нейкія таленты, трэба толькі своечасова ўбачыць іх і развіваць.
– Нярэдка бывае такое, што бацькі, прыйшоўшы з працы, не знаходзяць часу ці сіл на дзяцей, адмахваюцца ад іх пытанняў, стараюцца заняць малых планшэтамі і камп’ютарамі, – разважае Кацярына. – Я не з такіх. Не магу ўявіць, як можна не пацікавіцца ў дочак навінамі ў школе, іх поспехамі, планамі. Мы, бацькі, павінны жыць інтарэсамі нашых дзяцей і старацца як мага болей часу праводзіць  разам за карыснымі заняткамі.
У Жалабковічаў так і бывае. Мама з дачушкамі (з дапамогай, канешне ж, таты)  удзельнічае ў самых розных конкурсах, якія праводзяцца ў горадзе да святаў.  Не засталіся яны ў баку ад конкурсаў калясак, рэтратэхнікі, парасонаў, экасумак, якія ў свой час захапілі віляйчан. Зараз вось актыўна рыхтуюцца да конкурсу «Уся справа ў капелюшы», які пройдзе ў рамках свята ў горадзе 2 ліпеня.
Ёсць у Кацярыны і яшчэ адно хобі, якое падтрымліваюць і дочкі. Яна навучылася вырабляць розныя заколачкі, абручыкі, банцікі для дзяўчатак. Гэтым актыўна займалася і ў час дэкрэтных, і цяпер, калі выпадае вольная хвіліна. Паступова  прыгожых упрыгожванняў сабралася нямала, і Кацярына вырашыла стаць рамеснікам, каб рэалізоўваць іх людзям. Яна разумела, што вялікага матэрыяльнага прыбытку ад гэтага не будзе, аднак для сям’і, дзе падрастае трое дзяцей, і гэта не будзе лішнім. Так майстрыха са сваімі вырабамі стала ўдзельніцай розных кірмашоў і святаў. А што датычыць матэрыяльнага, то наконт гэтага ў Кацярыны свой пункт погляду:
– Ніколі не лічыла і не лічу, што ў выхаванні дзяцей галоўнае грошы. Так, яны патрэбны, але, на маю думку,  галоўнае ўсё ж увага да дзяцей.
Жалабковічы вельмі любяць свой горад, і гэта адразу адчуваецца. Яно і зразумела, бо тут іх родныя, сябры, калегі, тут растуць іх дзяўчаткі. Кацярына шчыра радуецца ўсім станоўчым пераменам, якія робяцца ўладай і актывістамі для таго, каб у Вілейцы цікава і камфортна жылося людзям любога ўзросту. Сям’я многа падарожнічае, ездзіць на экскурсіі ў іншыя гарады, але заўсёды з такой радасцю вяртаецца сюды, у ціхі зялёны гарадок, дзе так добра і спакойна.
У наш прагматычны час не так часта пачуеш  ад чалавека прызнанне, што ён лічыць сябе шчаслівым. Часта нават паспяховыя, забяспечаныя людзі  знаходзяць нейкія прычыны для незадаволенасці. Кацярына Жалабковіч не з такіх. Яна шчаслівая, што ідзе па жыцці з каханым чалавекам, які любіць, паважае і ва ўсім падтрымлівае сваіх дзяўчат. Шчаслівая і таму,  што пятнаццаць гадоў з радасцю спяшаецца на любімую работу, без якой не ўяўляе свайго жыцця. Тут яе калегі,  што сталі нібыта роднымі, тут усёразумеючы кіраўнік Тадэвуш Люля, загадчык аддзялення, прафесіянал, якога паважаюць і цэняць. А яшчэ Кацярына ўдзячна калектыву Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра  сацыяльнага абслугоўвання – людзям, якія робяць жыццё іншых цікавейшым, лягчэйшым і святлейшым.
Пазітыўны, светлы чалавек Кацярына Жалабковіч. За час нашай гутаркі  я не пачула ў яе голасе ні адной ноткі незадаволенасці, раздражнёнасці, наракання на цяжкасці. Чула толькі пазітыў, толькі падзячныя словы, толькі аптымізм людзей – Кацярыны і Вадзіма, якія самі ствараюць сваё жыццё і не чакаюць, што гэта зробіць за іх нехта іншы. І гэта, упэўнена, вельмі правільная пазіцыя для таго, каб быць паспяховымі і шчаслівымі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома Жалабковічаў
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 31 queries