Гэтай публікацыяй у газеце адкрываецца новая рубрыка «Перазагрузка» – пра людзей, якія, у свой час атрымаўшы адну прафесію, знайшлі сябе ў другой. А такіх сярод нас нямала. Спадзяёмся, што вы, паважаныя чытачы, ведаеце цікавыя гісторыі пра такіх людзей. Тады пішыце ў рэдакцыю або званіце па тэлефоне 5-48-01. Будзем рады вас чуць і бачыць.
Па прафесіі Марына бібліятэкар. Нікім іншым яна сябе і не ўяўляла, заканчваючы сярэднюю школу.
– Памятаю, упершыню зайшла ў школьную бібліятэку першакласніцай, – прыгадвае жанчына. – А там у нас працавала такая прыгожая дзяўчына! І, што вельмі важна, яна ўмела знайсці агульную мову з кожным юным чытачом. Мне яна раіла, што варта прачытаць. Пачыналі з ярка ілюстраваных казак, а закончылі сур’ёзнай літаратурай і сваіх, і замежных аўтараў. Валянціна Сяргееўна – так звалі нашу бібліятэкарку – і дапамагла мне вызначыцца з прафесіяй.
Закончыўшы навучальную ўстанову, Марына атрымала накіраванне ў суседні раён. Працавала ў сельскай бібліятэцы, дзе, прызнаецца, за кожнага чытача трэба было змагацца. Ну,школьнікі яшчэ не праміналі чытальню, а людзі ва ўзросце ды і сельская моладзь да чытання цягнуліся не вельмі.
– Я за мясцовага хлопца і замуж выйшла перш за ўсё за тое, што чытаць любіў, – жартуе зараз жанчына. – І не памылілася. На лёс не скарджуся, чытаем разам і цяпер.
Замужжа, нараджэнне адной, а затым і другой дачкі – усё ішло, здавалася, як і трэба. Марына нават і не думала пра нейкія змены ў жыцці, але ўсё здарылася даволі нечакана – бібліятэку ў іх вёсцы зачынілі, маўляў, нерэнтабельная ўстанова. Чым было заняцца Марыне? Варыянтаў амаль што і не было, акрамя аднаго – паляводства ў мясцовай гаспадарцы.
– Я не з тых, хто дзеліць работу на прэстыжную і не, лічу, што кожная прафесія заслугоўвае павагі, – дзеліцца Марына. – Проста ў нас у сям’і ўжо быў адзін працаўнік гаспадаркі – муж, зарплату прыносіў, самі разумееце, не вельмі. Падумалі-падумалі мы з ім і вырашылі пачаць свой бізнэс. На той час мы мелі такія-сякія зберажэнні (пасля смерці маіх бацькоў мы прадалі дом на Вілейшчыне і бацькаву машыну), якія і вырашылі ўкласці ў справу.
Пачала Марына з гандлю. Зарэгістравалася прадпрымальнікам, закупіла належны тавар і калясіла на сваёй машыне з прычэпчыкам па населеных пунктах, блізкіх і далёкіх. Было па-рознаму, прызнаецца сёння, часам здавалася, што не за сваю справу ўзялася і наўрад ці будзе мець прыбытак. Аднак паступова наладжваліся сувязі з вяскоўцамі, і прыйшоў той час, калі яе сустракалі ў вёсках як блізкага чалавека. «Ты мне, Марынка, прывязі яшчэ…» – так звычайна сустракалі і праводзілі яе людзі. І яна старалася як мага хутчэй выканаць кожны заказ.
Праз некалькі гадоў сям’я назбірала належную суму і адкрыла ў сваім населеным пункце (ужо, дарэчы, аграгарадку) прыватны магазінчык. Марына тут і за прадаўца, і за забеспячэнца, і за бухгалтара. Нялёгка…
– Канешне, – пагаджаецца жанчына. – Гэта ж усё трэба ў галаве трымаць, усё ведаць і ўмець. Засынаю і прачынаюся з думкамі пра свой бізнэс. Гэта не тое, што пайшоў з работы ўвечары і ўсё, нават і думак пра яе няма…
Вялікіх прыбыткаў, па словах Марыны, пакуль што ад магазіна няма, але на ўсё неабходнае сродкі ў сямейным бюджэце ёсць. Затое планаў на перспектыву ў сям’і мноства. Здзейсняцца яны ці не, залежыць толькі ад іх саміх. Самае галоўнае, што працаваць цікава, што кожны дзень напоўнены мноствам пытанняў і праблем – не заўсёды лёгкіх і прыемных, якія трэба вырашаць. Затое, смяецца Марына, няма калі сумаваць.
Чаму расказала гэту гісторыю? Каб яшчэ раз нагадаць, што мы з вамі самі гаспадары свайго жыцця. А значыць, плыць па цячэнні – не заўсёды правільная пазіцыя. У сённяшнім непрадказальным жыцці трэба шукаць сябе, не баяцца спрабаваць сілы ў новай справе, якая вам цікавая і, што немалаважна, дае сродкі для існавання. Так, як зрабіла гэта Марына, былы бібліятэкар, а сёння гаспадыня свайго магазінчыка. А чытае, дарэчы, яна і зараз многа, душа, прызнаецца, просіць…
Вядучая рубрыкі Ірына БУДЗЬКО


