У цяперашні час, час імклівага развіцця новых тэхналогій, рэзка ўзраслі запатрабаванні грамадства ў людзях, якія валодаюць нестандартным мысленнем, якія ўмеюць ставіць і вырашаць новыя задачы. Школьная адукацыя аператыўна рэагуе на гэтыя змяненні і дае вучням не толькі трывалыя веды, але і актыўна выхоўвае ў іх імкненне да творчасці, жаданне і ўменне праводзіць уласныя даследаванні і рабіць свае, няхай яшчэ невялікія, адкрыцці.
У нашай школе пастаянна знаходзілася дастаткова здольных і неабыякавых вучняў, якія паспяхова прадстаўлялі школу на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню, таму лагічным працягам стала стварэнне ў рамках дзяржаўнай праграмы ў 2007 годзе навуковага таварыства вучняў “Квант”. Яно аб’яднала вучняў Даўгінаўскай АСШ, якія зацікаўлены ў павышэнні свайго інтэлектуальнага ўзроўню, імкнуцца да паглыблення ведаў па асобных прадметах і правядзення навуковага пошуку. Актыўна падтрымала і заахвоціла дзейнасць таварыства новы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Зубель Т. Ф. Пры ўступленні ў навуковае таварыства ўлічваюцца рэкамендацыі школьнага псіхолага Яноўскай Н. М., прапановы настаўнікаў-прадметнікаў, а самае галоўнае, – жаданне саміх вучняў. У цяперашні час у школе працуюць два аддзяленні: прыродазнаўча-матэматычнае і грамадска-гуманітарнае. Двое вучняў нашай школы прымаюць удзел у рабоце раённага навуковага таварыства, якое функцыянуе пры Вілейскім інтэлектуальна-адукацыйным цэнтры. На працягу вучэбнага года ўдзельнікі таварыства працуюць над выбранай тэмай даследавання, асвойваюць метады работы з інфармацыяй, выказваюць гіпотэзы, праводзяць эксперыменты. Кіруюць гэтым працэсам вопытныя настаўнікі. І трэба адзначыць, што праца навуковага таварыства не была б эфектыўнай без захопленых, творча працуючых педагогаў – С. І. Ляпуновай, Н. П. Пташнік, І. С. Сяліцкай, В. В. Малашэвіч, В. Я. Ляшковіч, М. Т. Асаенка. Вынікам становяцца навуковыя работы, якія абараняюцца спачатку на школьнай,а лепшыя работы – на раённай канферэнцыі.
Сёлета таварыства “Квант” прыняло ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў з работамі “Вывучэнне экраннага эфекту” па фізіцы (аўтары Зяновіч Павел і Анішкевіч Вадзім), “Рашэнне матэматычных задач з выкарыстаннем розных сістэм лічэння” па матэматыцы (аўтары Малашэвіч Надзея і Ляшковіч Кацярына), “Ономастика. Значение антропонимов” па рускай мове (аўтары Манулік Анастасія, Асаенка Ганна, Леберт Вольга). Работы па фізіцы і рускай мове былі адзначаны ганаровымі лістамі.
У новым навучальным годзе навуковае таварыства вучняў “Квант” расшырылася за кошт далучэння вучняў пачатковых класаў. Таварыства развіваецца, ставіць новыя задачы і глядзіць з аптымізмам у будучыню.
Уладзімір МАЛАШЭВІЧ,
кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Квант” Даўгінаўскай АСШ
На здымку – удзельнікі школьнай навукова-практычнай канферэнцыі
Фота аўтара



