Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прарочы сон радавога Супрановіча

Змяняюцца пакаленні – з кожным годам меншаюць рады сведкаў Вялікай Перамогі. Але жыве Памяць. І для пакаленняў сённяшніх – не выбухамі, не балючымі ранамі, не страшнымі снамі, а ўспамінамі пра родных, якія ваявалі, і ўжо не могуць адтуль, з вечнасці, расказаць самі праўду вайны, жыве друкаванымі радкамі і музейнымі экспазіцыямі пажаўцелымі ад часу дакументамі і фотаздымкамі.

Памяць пра вайну жыве і ў сям’і Міхаіла Супрановіча. Нешматлікія, прызнаецца Міхаіл Аляксандравіч, даведкі засталіся ў яго пра бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай Аляксандра Міхайлавіча Супрановіча. Нешматслоўнымі былі яго ўспаміны, няпростым для чалавека, які на вайне страціў нагу, пасляваеннае жыццё. Нарадзіўся Аляксандр Супрановіч 28 ліпеня 1921 года ў Рабуні. А мабілізаваны на фронт быў 20 ліпеня 1944-га, калі большая частка краіны была вызвалена з-пад фашысцкай акупацыі. Краснаармеец, радавы – такое воінскае званне, поводле матэрыялаў Цэнтральнага архіву Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, меў Аляксандр Супрановіч.

У электронным банку дадзеных перыяду Вялікай Айчыннай вайны “Памяць народа”, складзеным згодна з узгаданым архівам, адзначана, што Аляксандр Супрановіч быў актыўным ўдзельнікам баёў на 2-м Беларускім фронце са студзеня 1945 года. Удзельнічаў у наступальных баях у якасці стралка 1240-га стралковага палка 372-й стралковай дывізіі, пры наступленні на горад Данцыг 21 сакавіка 1945 года быў цяжка паранены асколкам міны ў левую нагу з пашкоджаннем косткі. У выніку ранення левая нага вышэй калена была ампутавана…

Як гэта адбылося, дзецям (а іх у Супрановічаў пасля вайны нарадзілася трое – дачка і два сыны) расказвала маці, Надзея Пракопаўна. Пасля аднаго з баёў салдаты для адпачынку выбралі нейкі хляўчук. Вясна, разводдзе – і да яго ішлі па драўляных кладачках. Кароткі і трывожны быў той салдацкі сон. Ды Аляксандру Супрановічу паспела прысніцца, нібыта бяжыць ён па драўляным мастку – даганяе кагосьці. І раптам яго нага правальваецца ў нейкую яму… На гэтым моманце сон перарваўся, і салдаты, зноў па тых драўляных кладачках, вярталіся на маршрут. Раптам прагучаў неспадзяваны выбух – аказалася, што пад насцілам была закладзена міна. Адзін чалавек загінуў адразу, дваіх цяжка параніла. Прарочым аказаўся сон радавога Супрановіча, які атрымаў раненне ў нагу.

У Рабунь Аляксандр Супрановіч вярнуўся ў 1946 годзе інвалідам. Гэта было ўжо пасля лячэння ў шпіталі. Параненую нагу тады ампутавалі да калена, зрабілі пратэз.

– Маці расказвала, што даволі спрытна рухаўся бацька з гэтым пратэзам – і касіў, і хату будаваў, і па гаспадарцы працаваў. А пасля пачалася гангрэна – і параненую нагу аднялі зусім, – успамінае сын Міхаіл Аляксандравіч. Ён быў малодшым з дзяцей, і калі ў 1978-м бацькі не стала, толькі-толькі вярнуўся з арміі. Паспеў яшчэ ўбачыць яго ў бальніцы, куды той трапіў з інфарктам, а болей і не давялося…
Радавы Аляксандр Супрановіч, які не любіў узгадваць пра вайну і скардзіцца, быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, Ордэнам Славы ІІІ ступені за нумарам 571888 і медалём “За баявыя заслугі”. З удзячнасцю памятаюць пра Аляксандра Супрановіча нашчадкі. Пра такіх людзей павінна памятаць наша Вілейшчына і ўвесь беларускі народ.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries