Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прафесія – быць з людзьмі

У жыцці кожнага з нас быў і ёсць чалавек, які нейкім чынам дапамог вызначыцца з выбарам свайго шляху ў жыцці. Для некага гэта школьны настаўнік, для іншага – добры знаёмы, для кагосьці – кніжны герой. Для гераіні гэтага матэрыяла жыццёвым прыкладам заўсёды быў яе бацька, калгасны старшыня , які пачаў кіраваць гаспадаркай на Астравеччыне ў цяжкі пасляваенны час.

– Жыла наша сям’я каля самага Астраўца, у вёсачцы Бялькінішкі, – вярнулася ў думках у далёкае дзяцінства старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Прэпесць, з якой мы сустрэліся напярэдадні яе прыгожага юбілею. – Як і ўсе вяскоўцы, трымалі гаспадарку, працавалі на прысядзібным участку. У сям’і нас, дзяцей, было чацвёра. А што з татам у нас былі вельмі цёплыя адносіны, дык гэта сапраўды так. Ён заўсёды цікавіўся нашымі інтарэсамі,даваў добрыя парады. На вялікі жаль, бацькі рана пайшлі з жыцця, маглі б яшчэ пажыць, парадавацца за нас…

Препесть Н.Д., Вилейское РОПАле гэта было ўжо пазней. А вось што любімая дачка пайшла па яго слядах, бацька, вядома ж, адобрыў. Пасля школы Наталля паступіла ў Гродзенскі сельгасінстытут на спецыяльнасць «зааінжынерыя». Вучылася старанна, была актывісткай. Тут, у інстытуце, і сваё каханне сустрэла. Будучы муж пасля армейскай службы прыйшоў на падрыхтоўчае аддзяленне, калі дзяўчына была ўжо чацвёртакурсніцай. Жылі ў адным інтэрнаце, дзе і пазнаёміліся. У калгас «Чырвоны Кастрычнік», адкуль дзяўчына прыехала на вучобу, яна вярнулася дыпламаваным спецыялістам. Спачатку сама, а пасля прыехаў і малады муж.

– Я пачынала загадчыцай фермы, пасля была галоўным заатэхнікам ужо калгаса «Кімелішкі», – расказала пра свой працоўны шлях Наталля Дзянісаўна. – А ў 1995-ым мне даверылі стаць кіраўніком гэтай гаспадаркі. Канешне ж, было нялёгка і вельмі адказна. Праца ў поўным сэнсе слова ад цямна да цямна і практычна без выхадных. Штодня ў шэсць раніцы нарад – і ўвесь дзень клопаты, клопаты… Бывала, едзем з вадзіцелем на машыне раненька на працу, а я паспяваю за гэтыя пятнаццаць хвілін нават крышку прыдрамаць. А што ж, да ўсяго гэтага і дома была гаспадарка, агарод, дачушка малая. Дарэчы, быў час, калі мы з мужам трымалі на сваім падворку аж дзвюх кароў. Упраўляліся па гаспадарцы разам, я адну карову даю, а ён – другую. І на агародзе мне дапамагаў. Было такое, што палолі грады пры электрычным святле…

Жанчына-кіраўнік. Наколькі гэта нялёгка, можа ведаць толькі той, хто на сабе адчуў усе складанасці гэтага сумяшчэння. Наталля Дзянісаўна, маючы даволі вялікі вопыт кіраўніцкай дзейнасці, пагаджаецца: так, быць добрым кіраўніком і ўсюдыпаспяваючай жонкай і маці вельмі няпроста. Можа, і немагчыма было б, каб не дапамога блізкіх, сяброў. Удзячнымі словамі ўзгадвае жанчына і сёння тых, з кім жыла побач і сябравала. У радасці і горы былі разам, у будні і святы – таксама. Наталля ведала, што сябры-суседзі пры неабходнасці прыгледзяць за яе дачкой, дапамогуць ва ўсім.

– Ніколі не забудуся, як у рэдкія вольныя хвіліны якім-небудзь летнія дзяньком мы з сяброўкай выцягвалі на вуліцу дзве пральныя машынкі і браліся за работу: спачатку для адной сям’і мылі бялізну, затым – для другой. І ўсё рабілася хутка, з жартамі і смехам. Жылі як адна сям’я. А што ж, маладыя былі…

У вачах Наталлі Дзянісаўны ўбачыла асаблівую цеплыню – значыць, прыгадала яна вельмі дарагое і светлае. А пасля знайшла цёплыя словы і для тых, кім ёй, маладой жанчыне, давялося кіраваць у калгасе. Было, адзначыла, рознае, нярэдка прыходзілася і свой моцны характар дэманстраваць. Але ж,у асноўным, зараз пра сваё старшынёўства ўзгадвае цёпла і з удзячнасцю.

– Калгасныя спецыялісты былі ўсе старэйшымі за мяне, – расказала мая суразмоўца. – Людзі вопытныя, практыкі. А я ж прыехала пасля інстытута, як звычайна, тэарэтыкам, усё, як кажуць, з навуковага пункту погляду разглядала… Бывала, і спрачаліся, нават да крыкаў даходзіла. І ўсё ж заўсёды знаходзілі агульную мову, бо яны, мае падначаленыя, былі мудрымі людзьмі. Асабліва я ўдзячна свайму былому намесніку, намнога старэйшаму за мяне чалавеку. Гэта шчасце, што мне давялося з такім папрацаваць. Цудоўны чалавек, сапраўдны прафесіянал. Мінула многа гадоў, а мы і зараз трымаем сувязь, сазваньваемся.

Так склалася, што Наталлі Прэпесць выпала кіраваць не толькі сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Нейкі час ёй даверылі ўзначальваць спажывецкае таварыства на Астравеччыне, а ў канцы 2001 года прызначылі старшынёй Вілейскага раённага таварыства. А са студзеня 2015-га яна на новай пасадзе – старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў. Здавалася б, розныя накірункі дзейнасці, са сваёй спецыфікай і праблематыкай, ды самае галоўнае і важнае, лічыць Наталля Дзянісаўна, што працуе яна і заўсёды працавала непасрэдна з людзьмі. А гэта даволі няпроста і адказна.

– Вось такое яно, маё жыццё, – сказала ў канцы размовы жанчына. – Як і ў кожнага, са сваімі радасцямі і выпрабаваннямі. Мая вялікая аддушына – дачка з зяцем, двое ўнукаў. Мы разам перажылі вялікае гора – смерць майго мужа, іх таты і дзядулі, які пайшоў з жыцця ў 48 гадоў. З дзецьмі ездзім на маю маленькую радзіму, у бацькоўскую хату. Там у нас і агарод, і сад вялікі, і маё хобі – кветкі. Мне камфортна ў доме, дзе расла, дзе ўсё нагадвае пра светлыя моманты дзяцінства і маладосці. А тут, у Вілейцы, іншыя клопаты – работа, новыя сябры, догляд за хворым братам… Карацей, звычайнае жыццё.

Сваю юбілейную дату Наталля Дзянісаўна сустрэла на курсах, на якія яе, прафсаюзнага лідара раёна, накіравалі. Гэта значыць, будуць у яе дзейнасці навацыі, рэалізуюцца нейкія задумкі, з’явяцца новыя планы – жыццё працягваецца.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома Наталлі ПРЭПЕСЦЬ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 130 queries