Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Праект «Віляйчанка». Ёсць высокае званне – служыцель культуры

Канцэрты людвіноўскіх артыстаў – на якіх бы сцэнах яны ні выступалі – гледачамі заўсёды ўспрымаюцца з асаблівай цеплынёй. Людзям у зале бачна, калі перад імі сапраўдныя артысты. Няхай і самадзейныя, але таленавітыя, творчыя. Некалькі разоў мне здаралася бываць на святах у Людвіноўскім клубе, быць гледачом захапляльнай дзеі, што адбывалася на сцэне. Заўважыла адно: была гэта тэатральная пастаноўка ці гучала песня, выступалі танцоры ці дэкламаваўся верш, збоку, у кулісах, заўсёды стаяла невысокая стройная жанчына і глядзела на ўсё, што адбываецца на сцэне. І як глядзела! Яе позірк падтрымліваў, падказваў, павучаў, падбадзёрваў, дзякаваў… Урэшце, яна мае поўнае права на гэта, бо менавіта яна – дырэктар Людвіноўскага сельскага клуба Лілія Пратасава – і падняла планку сельскай самадзейнасці ў Людвінова на тую вышыню, за якую не сорамна. Забягаючы наперад, скажу, што сама Лілія Іванаўна пры размове гэтыя мае словы адразу ж аспрэчыла, падкрэсліўшы, што адзін у полі не воін. Нічога не атрымалася б без яе аднадумцаў, людзей, якія падтрымліваюць культуру на вёсцы, разумеюць, наколькі важная яе роля для сяльчан.
У маладосці Лілія нават і не думала, што будзе жыць і працаваць у роднай вёсцы. Так атрымалася, што замуж яна выйшла ў Латвію. Ёсць там прыгожы гарадок Ліяпая, дзе і жылі маладыя. Напэўна, і да сёння жылі б там, калі б не ліхія дзевяностыя… Тады і вырашыла маладая сям’я Пратасавых прыехаць на радзіму Лілі, у Людвінова. Было гэта дваццаць адзін год назад.

– Напачатку я працавала ў Касцяневіцкім сельскім клубе, – прыгадвае Лілія Іванаўна, – а затым тагачасны кіраўнік мясцовай гаспадаркі Генадзь Міргалоўскі параіў мне ўзначаліць гэту ўстанову ў Людвінова. Будынак зусім новы, мастацкая самадзейнасць была на высокім узроўні і тады. Так і пачалася мая праца на малой радзіме. Праца нялёгкая, далёка не самая высокааплачваемая, але такая любімая! Муж заўсёды мне паўтарае, што гэта шчасце – рабіць любімую работу і яшчэ атрымліваць за гэта грошы. А яно і сапраўды шчасце…

З самага пачатку кіраўніцтва клубам і да сёння Лілія Пратасава прытрымліваецца свайго галоўнага прынцыпа: цесна супрацоўнічаць са школай, кіраўнікамі сельвыканкама і мясцовай гаспадаркі, калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў, што размяшчаюцца і на тэрыторыі сельсавета, і ў раёне. Разам, упэўнена яна, можна зрабіць вельмі многае. Важна толькі пераканаць людзей, наколькі важную справу яны робяць разам, і гэта ўжо справа культработніка.

– Сёлета вясной мы арганізавалі дабрачынны канцэрт, сродкі ад якога перадалі на аднаўленне пасля пажару царквы ў Рэчках, – расказвае Лілія Іванаўна. – Я запрасіла выступіць у нас артыста, які, ведала, займаецца дабрачыннасцю, і ён не адмовіў. Папярэдне правялі вялікую работу: выпусцілі лістоўкі, у якіх расказалі пра канцэрт, прайшлі па дамах, наведаліся ў мясцовую гаспадарку. І, ведаеце, ніхто не адмовіў, усе падтрымалі добрую справу. Як і дабрачынны канцэрт «Дзеці супраць раку», які прайшоў у нас два гады назад. Наша глядзельная зала ўмяшчае 260 чалавек, і свабодных месцаў не было. Ну як не сказаць словы падзякі такім людзям! Таму ў канцы кожнага канцэрта, які ў нас праходзіць, я абавязкова выходжу на сцэну са словамі падзякі гледачам. А яны ў Людвінова асаблівыя – культурныя, усёразумеючыя, шчодрыя на апладысменты.
Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што людвіноўская самадзейнасць – адна з лепшых у раёне. Ды і ці толькі ў раёне… У свой час, расказала Лілія Іванаўна, іх установа вырашыла прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Клуб года». Многа прыйшлося папрацаваць, хапіла, канешне, і перажыванняў, але ўсё гэта не было дарэмным – па выніках конкурсу ўстанова заняла прызавое месца. Значыць, работа тут і сапраўды на належным узроўні. Ды, удакладняе мая суразмоўца, людзі таленавітыя, творчыя, якія хочуць жыць цікава і напоўнена. Да таго ж ёсць усе ўмовы для працы: выдатная апаратура, дастойная зала, адрамантаваныя памяшканні. Некалькі гадоў таму, сюды, у Людвінова, прыязджалі з выступленнем беларускія зоркі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Пасля канцэрта артысты вельмі цёпла адгукаліся і пра ўстанову, і пра самадзейнасць, і пра гледачоў, і пра яе, Лілію Пратасаву – сапраўднага кіраўніка і прафесіянала.

Даволі доўгай была наша размова пра культуру ўвогуле і яе служыцелях у прыватнасці. Што і казаць, культработнікі – асаблівая каста людзей, для якіх важней за ўсё – стварыць настрой іншым, парадаваць, падарыць сапраўднае свята. Дзеля гэтага ходзяць на частыя рэпетыцыі вясковыя самадзейныя артысты, часам адкладваючы ўбок нейкія гаспадарчыя справы, і гэта дорага каштуе. Дык як жа ім, такім людзям, не дзякаваць? Лілія Пратасава не стамляецца гэта рабіць.

Загаварылі пра сям’ю, і мая суразмоўца тут жа адзначыла, што без падтрымкі блізкіх было б вельмі складана, а то і немагчыма, працаваць у культуры. Вечарамі, у выхадныя і святы даводзіцца ёй, як і кожнаму культработніку, працаваць, і дома да гэтага даўно прывыклі. Ужо дарослыя і самастойныя дочкі, усміхаецца Лілія Іванаўна, выраслі на сцэне. Адна, як і мама, стала культработнікам, другая выбрала прафесію праграміста.

– Праляцеў час, аж не верыцца, што ўжо дарослыя, самастойныя, – дзеліцца жанчына. – У кожнай сваё жыццё. Цяпер вось прывезлі нам з мужам уцеху – пяцігадовую ўнучачку. Няўрымслівая наша непаседа… А што датычыць маёй жыццёвай пазіцыі, то я, канешне, спачатку мама, жонка і бабуля, а ўжо пасля культработнік.

А ўнучка, мне падумалася, напэўна, пераняла гены ад сваёй гэтакай жа няўрымслівай бабулі, якая паспявае не толькі на працы і дома, але і з вялікай грамадскай работай спраўляецца. Яна і стараста вёскі, і член ініцыятыўнай групы сельвыканкама, і актывістка «Белай Русі» і раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын… Усяго і не пералічыць. А ўнучачка… Я чамусьці ўпэўнена, што яна, калі падрасце, абавязкова выйдзе на сцэну, каб дарыць людзям свята. Інакш проста не можа і быць.

Фота са старонкі ok.ru

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 50 queries