Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прадавец, які на сваІм месцы

Добрасумленны, адказны, вопытны, працалюбівы і ініцыятыўны работнік – так характарызуюць Валянціну Шафігуліну, прадаўца 6-га разрада прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства «Чыркова», на рабочым месцы. А яшчэ яна – усмешлівая і шчырая жанчына, з якою лёгка і прыемна мець справу. Менавіта сукупнасць гэтых прафесійных і чалавечых якасцяў і стала прычынай вылучэння Валянціны Іванаўны ў лік перадавікоў.

DSCN2197

…У прыгранічным Гудагаі, адкуль яна родам, не было шматлікіх магазінаў з шырокім асартыментам. І, калі даводзілася бываць у суседнім Астраўцы, заўсёды падабалася і было цікава, прыйшоўшы ў мясцовы ўніверсам, назіраць за прадаўцом. Як размаўляе з пакупнікамі, нешта тлумачыць, прапаноўвае тавар, узважвае марожанае… Такая зацікаўленасць не прайшла дарэмна. Калі яна скончыла дзесяцігадовую школу ў Астраўцы, ваганняў з выбарам будучай прафесіі не было. Спачатку яны з сяброўкай збіраліся паступаць у Маладзечна, але ў рэшце рэшт выбралі Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум. Пасля яго заканчэння было размеркаванне, ёй – у Вілейку. Як тэатр з вешалкі, горад пачаўся з вакзала – які, як сёння ўспамінае жанчына, прыемных пачунняў не выклікаў. Але першае ўражанне аказалася падманлівым…

Па размеркаванні яна прыйшла ў «Садружнасць», два гады адпрацавала ў магазіне №13, што па вуліцы Савецкай. Былі планы пасля адпрацоўкі вярнуцца дадому, але лёс зрабіў свае карэктывы. Падчас працы ў «старой «Зорачцы» (так,бывае, называюць гэты магазін) адбылося знаёмства з будучым мужам – ён жыў насупраць магазіна, каля аптэкі, і часта заходзіў як пакупнік. Адбылося знаёмства, узнікла сімпатыя – і так нарадзілася іх сям’я. Пытанне са зваротам на радзіму вырашылася адмоўна.

DSCN2210

А потым нарадзіўся першы сын – Дзмітрый. З дэкрэтнага Валянціна Іванаўна выйшла на працу ў магазін №10 гандлёвага прадпрыемства «Садружнасць» – універсам «Вілія». Пазней у маладой сям’і з’явіўся і другі сын, Ігар. Сёння ў старэйшага ўжо свая сям’я, двое сыноў, а ў Валянціны Іванаўны з мужам, Васілём Давыдавічам, – двое ўнукаў. Муж Валянціны Іванаўны ўсё жыццё працуе на Вілейскай мэблевай фабрыцы, ён – аператар кацельных установак.

У «Віліі» Валянціна Шафігуліна працавала да 2007 года. Яна і сёння ўдзячна сваім былым калегам і загадчыцы Тамары Іосіфаўне Сасімчык за той працоўны вопыт, які набыла падчас працы разам з імі. Практыка была добрая – папрацаваць прыйшлося ва ўсіх аддзелах універсама.

У першапачатковы магазін гандлёвага прадпрыемства «Чыркова» Валянціна Шафігуліна прыйшла, калі ў штаце былі толькі дырэктар, загадчык магазіна і два прадаўцы на змене. І ўжо потым працоўны калектыў вырас да дваццаці чалавек.  Валянціна Іванаўна ўспамінае:

– Калектыў мы самі, можна сказаць, падбіралі, абмяркоўвалі – наш дырэктар не ўмешваўся, і за давер мы яму вельмі ўдзячныя.

Усталяванню добразычлівай атмасферы ў калектыве спрыяе і сумесны адпачынак. Дырэктар гандлёвага прадпрыемства Дзмітрый Круглік сам прымае актыўны ўдзел у арганізацыі розных паездак – у тэатр, караоке або на прыроду, заўсёды віншуе свой калектыў з прафесійным і іншымі святамі, дапамагае вырашыць жыццёвыя пытанні.

Пра сваіх калег Валянціна Іванаўна расказвае з цеплынёю – за амаль дзесяць год працы разам яны сталі як адна сям’я. У калектыў прыходзіць і моладзь – і з імі таксама атрымоўваецца наладзіць кантакт. Няма падзелу працы на «сваю» і «чужую» – так вядзецца ў іх даўно. Разам працавалі, разам пераязджалі на новае месца – спачатку з вуліцы Незалежнасці ў будынак на вакзале, дзе працавалі два гады, а нядаўна – у магазін у новым мікрараёне «Паўночны». Падчас такіх змен калектыў не распаўся – і загадчыца магазіна Людміла Петрашэвіч, і прадаўцы  прывыкаюць сёння да новых сваіх пакупнікоў, вывучаючы попыт, улічваючы заўвагі. І згодна з гэтым фарміруючы гандлёвы асартымент.

Прафесія прадаўца – гэта значна больш, чым выкананне ім непасрэдных абавязкаў і  матэрыяльная адказнасць. Гэта штодзённае ўзаемадзеянне з пакупнікамі, кожны з якіх – асоба са сваім характарам, густам і патрабаваннямі. І прадавец, калі ён на сваім месцы, адказны, з якім настроем (і якімі пакупкамі)  выйдзе з магазіна кліент.
Валянціне Шафігулінай, гераіне гэтай публікацыі, удаецца знайсці паразуменне з пакупнікамі. Бо яна – чалавек на сваім месцы і прафесіянал сваёй справы. А на раённай Дошцы гонару – лепшы работнік сферы прадпрымальніцтва.

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 38 queries