Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Праца настаўніка вельмі патрэбная, але даволі цяжкая

Дзень настаўніка! Прафесійнае свята не толькі настаўнікаў, але і ўсіх людзей. Яно сапраўды вельмі важнае для ўсіх нас. Кім бы мы былі без настаўнікаў? Напэўна, нікім. Не было б тых ведаў, якія мы зараз маем, каб вучыцца, паступіць, працаваць. Свет быў бы пустым. Не было б нават тых дасягненняў у розных абласцях жыцця, каб нехта з першых крокаў старанна не ўкладваў у галаву чалавека веды.

Праца настаўніка вельмі патрэбная, але даволі цяжкая. Паспрабуйце падабраць ключык да кожнага з класа (а ў класе больш за 20 чалавек), паспрабуйце навучыць хоць аднаго чалавека, асабліва калі ён не хоча, а такіх вучняў многа.

Мне пашанцавала. На маім шляху сустрэўся цудоўны чалавек, настаўнік, які мне дапамог не толькі набыць веды, але і стаў другой матуляй, дарадцам, дапамог раскрыць і развіць мой талент.
Помню, як у пятым класе я няўпэўнена прыйшла першага верасня ў гімназію №1 «Логас». Баялася моцна: многа настаўнікаў, новы класны кіраўнік. Якія яны будуць? Нас сустрэла такая добрая, ветлівая настаўніца. Яна ўсміхнулася, і мой страх кудысьці знік. Мне захацелася яе слухаць і слухаць. А яна падышла да кожнага, пастроіла нас і павяла на лінейку. Пасля мы з цікавасцю слухалі яе аповед пра наш горад на чыстай беларускай мове. Многія словы я не разумела, але гэты голас хацелася слухаць. Проста слухаць. Яна спрабавала стаць сябрам для кожнага з гэтых дзесяцігадовых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія яшчэ не разумелі, што далейшае жыццё будзе больш складаным і сур’ёзным. Цяжка сказаць чаму, але за пару дзён яна ўпэўніла, што ёй можна давяраць. Так і пачалася новая глава нашага жыцця з пятага па дзявяты класы…

Пяць год проста праляцелі. Але побач заўсёды была яна, мая любімая настаўніца. Яна часта вырашала мае праблемы ва ўзаемаадносінах з аднакласнікамі, яна правярала мае сшыткі і не забывалася пахваліць, але самае важнае, на маю думку, яна разгледзела ў мяне талент, запрасіўшы ў літаратурна-творчы гурток. Я з самага маленства штось пісала, нешта фантазіравала, складала казкі і аповеды. Але толькі ў гуртку пазнаёмілася з законамі літаратурна-творчага пісьма. А яшчэ мая настаўніца дапамагала нам рабіць першыя крокі ў выбары прафесіі, таго занятку, якім мы гатовы з задавальненнем займацца на працягу ўсяго жыцця.

Чытаючы гэтыя радкі, кожны ўзгадае свайго любімага настаўніка. І я таксама сёння хачу сказаць вялікі дзякуй Алене Лявонцьеўне Мачэль і маім дарагім настаўнікам гімназіі №1 «Логас» за іх працу, чалавечнасць і мудрасць. Шчыра жадаю, каб вы не гублялі веры ў вартасць працы настаўніка, мелі невычарпальны запас сіл і натхнення, каб здзейсніць усе задумы і намеры. Жадаю, каб святло вашай душы і надалей асвятляла шлях малодшага пакалення. Вашы ўрокі я з аднакласнікамі будзем памятаць вечна.

Паліна ГАРДЗЕВІЧ, вучаніца 11 класа Вілейскай гімназіі №1 «Логас».
Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries