Нядаўна Уладзімір Цанунін атрымаў узнагароду Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаль «За вялікі ўклад у літаратуру». Гэта і стала інфарматыўным повадам для сустрэчы. Падчас яе, аднак, высвелілася, што, нягледзячы на шырокую вядомасць на Вілейшчыне і па-за яе межамі, Цанунін – своеасаблівая «тэра інкогніта», якую яшчэ адкрываць і адкрываць.
І вось, перада мною паўстала складаная задача – расказаць пра таленавітага паэта і музыку, якому лёс наканаваў столькі яскравых падзей і цікавых сустрэч, што хапіла б на тузін артыкулаў. Сярод яго захапленняў у розныя перыяды жыцця былі – археалогія, нумізматыка і горны турызм, і ўвесь час – паэзія, музыка і гісторыя.
Мне б трошкі рассказаць аб гэтай цудоўнай, стракатай біяграфіі, а далей услед за класікам сказаць – астатняе чытайце ў яго вершах. І, сапраўды, яго паэтычныя радкі спаўна адлюстроўваюць асабістае жыццё: думкі і памкненні, убачаннае і пачутае, тое, што хвалявала і хвалюе зараз. Дык куды ж мне вас накіраваць, дарагі чытач? Вершаваныя зборнікі нашага земляка знайсці цяжка, калі толькі адзінкавыя экзэмпляры ў бібліятэцы. У крамах іх няма. Тыя зборнікі, што Уладзмір Яфімавіч выдаў на свае грошы, маюць вельмі малы наклад – да ста экзэмпляраў. Іх паэт проста раздае родным, сябрам і знаёмым, ды ўлюбёныя дзедавы ўнучкі – сваім сябрам прэзентуюць, употай узяўшы кніжачку. Такая вось папулярызацыя творчасці.
Зазначу, Уладзімір Цанунін – выдатны апавядальнік, яго ўчэпістая, дасканалая памяць і сакавітая мова робяць гутарку задавальненнем для субяседніка. Спадзяюся, гэтае задавальненне адчуеце і вы.
Такім чынам – Уладзімір Цанунін:
Пра маленства
Нарадзіўся я ў 1954 годзе ў вёсцы Батвінаўка Крычаўскага раёна. Месца найпрыгажэйшае ды адметнае тым, што паўз вёску працякаюць чатыры (!) рэчкі – Шышка, Струшня, Жукаўка, Волчас, а праз дзесятак кіламетраў – Сож. Натуральна, усе нашыя хлопцы – добрыя плаўцы і рыбакі. А яшчэ каля Батвінаўкі – самае вялікае на Беларусі скапленне старажытных курганоў – аж пяць курганных груп. Даследванне адных пачалося ў ХІХ стагоддзі, а да адкрыцця кургана ва ўрочышчы «Зялёнка» я спрычыніўся. Неяк летам,акурат пасля заканчэння школы мы з сябрам заўважылі размыты курган і нешта бліскучае на ім. Як потым аказалася, гэта былі шкляныя бусіны Радзімічаў, аж 28 штук. Усяго ж мы знайшлі больш за 900 прадметаў. На нашу знаходку прыязджаў паглядзець нават мой будучы дэкан гістфака Гаўрыла Іосіфавіч Іонэ. Добрым словам я ўспамінаю заўжды і свайго настаўніка гісторыі Івана Фёдаравіча Чаркасава. Мабыць, таму і абраў гісторыю, а не філалогію, як прарочылі многія, ведаючы маё захапленне вершамі.
Яскравыя ўспаміны з дзяцінства – час, праведзены с дзедам. Памятаю, мне было пять гадоў, калі дзед даў мне ўпершыню сякеру ў рукі ды вучыў, як ёй карыстацца. А дзядулю на той час было 96! Дык вось, мы займаемся з сякераю, ляціць бацька: «Навошта даў сякеру дзіцяці, яшчэ бяды наробіць!» Дзед зняў рэмень са штаноў і як перацягне бацьку праз плечы! Той завойкаў, махнуў рукой і адышоўся. Дзед мяне навучыў многаму. Заўжды казаў: «Што ўмееш – за плячыма не носіш». Пражыў ён 106 год, меў 14 дзяцей.
Пра турызм
Са студэнцкіх часоў займаўся горным турызмам. Вадзіў у паходы дарослыя і дзіцячыя групы. Пабываў амаль на ўсіх вяршынях Савецкага Саюза. На некаторых – Эльбрус, Гаверла, Ай-Петры – па шмат разоў. Не пакарыў толькі Пік Камунізму – спроба была, але пурга не пусціла. Таксама быў у Радопах, Гарцы, Руры, прайшоў усе Карпаты. Горы мяне захаплялі, быў слаўны час, калі па шэсць разоў на год даводзілася падымацца. Я «дакранаўся» да зор, заглядваў у бездані, адчуваў радасць пад’ёму і радасць вяртання дамоў. Быў сведкам трагедый на горных шляхах.
Дзяцей сваіх таксама браў у паходы: дачку Алену – з пяці год, сына Дзмітрыя – з трох. А вось жонка Святлана была са мною разам толькі раз – яна моўчкі, без вохканняў перажыла паход і больш ні-ні.
Даўно заўважыў – усе хваробы ад цывілізацыі, таму, каб палепшыць здароўе, накіроўвайцеся ў горы. Чыстае паветра, разумныя фізічныя нагрузкі – хадзьба з заплечнікам, простая ежа – вось складнікі добрай загартоўкі на ўвесь год.
Пра нумізматыку
Не ведаю, ці зацікавіўся я б нумізматыкай, каб не свіння з сарокаю. Раз бацька загадаў мне папасвіць свінню. Ну я і загнаў яе на паўвостраў на Жукаўцы, думаю: хай пагуляе там, не збяжыць жа, а я назіраць буду. Як пагляджу, нешта свіння там настойліва рые, наблізіўся, дык яна нейкі невялікі збаночак лычом падкідвае. Адагнаў жывёліну, агледзеў знаходку, а там манеты – каля 400 літоўскіх паўгрошаў пачатку ХVІ стагоддзя.
У другі раз з хлопцамі ў партызанаў гулялі, схаваўся і я, сяджу, чакаю покуль знойдуць мяне. Гляджу, сарока ў гняздо нешта бліскучае носіць, праз тры хвіліны туды-сюды лётае. Залез я на дрэва, бачу ў гняздзе некалькі дзясяткаў манет. Сарока ж перапудзілася і больш не прылятала. Дагэтуль сябе дакараю: чаму ж я не прасачыў за ёю, а адразу ў гняздо палез? Колькі год прачэсваў наваколлі ад таго дрэва, але больш нічога не знайшоў.
Увогуле за жыццё мне шчасціла пяць разоў знайсці скарбы. Самы вялікі з іх налічваў 82 тысячы манет. Гэта было ў Чавусах. Усе мае знаходкі ў музеях.
Калісь у мяне была досыць вялікая і цікавая нумізматычная калекцыя, але матэрыяльныя складанасці пэўных часоў значна яе «прарэдзілі». Аднак дагэтуль я добра арыентуюся ў грошах сярэднявечча, антычнасці, усхода.
Пра прыезд у Вілейку
У 1987 годзе да турыстычнага злёту я напісаў песню «Над Віліяй ракою». Сустракаўся не раз с вілейскімі турыстамі «Зурбагана». Тады аднак мне не думалася, што хутка лёс цесна звяжа і мяне з гэтым горадам. А адбылося ўсё так. З Батвінаўкі, дзе мы жылі ўжо разам з жонкай і дзецьмі, пасля чарнобыльскай аварыі мусілі з’язджаць. Напісалі больш за сотню лістоў у школы па ўсяму Савецкаму Саюзу, што настаўнікі гісторыі і матэматыкі шукаюць працу. Атрымалі 53 адказы. За лета я пазнаёміўся амаль з усімі месцамі ад Урала да Калінінграда. А выбралі вёску Папялёва Пружанскага раёна. Мясціны выдатныя, пры тым што гэта была малая радзіма майго дзеда. Польская Гайнаўка бліжэй за Пружаны, Віскулі побач. Вот з-за гэтых Віскулёў, дакладней з-за падзей, якія там адбыліся – развалу СССР – наша вёсачка прыйшла ў заняпад. Месца стала глухое, дабірацца цяжка і зноўку мы мусілі мяняць жыхарства. А тут «Надежда–ХХІ век» аб’явіла вакансіі настаўнікаў. Быў конкурс, я яго прайшоў, і хаця меў на пяць год больш заяўленага ўзросту кандыдата, аднак мяне ўзялі на працу. Праз год у Вілейку прыехала мая сям’я. У «Надежде» я працаваў амаль 20 год.
Пра творчасць
Мой першы верш у юнацкім часопісе «Бярозка» быў надрукаваны ў 1965 годзе. У раёнцы друкаваўся яшчэ раней. Як прыпамінаю, дык са студэнцтва ўжо аніводзін дзень мой без радка не абходзіцца. Пішу аб тым, што думаю, на заказ мая муза не прылятае. Натхняюць: прыгажосць прыроды, турыстычныя паходы, жанчыны, гістарычныя падзеі і постаці.
Натхняюць мяне і вершы маіх калег. Асабліва люблю творчасць Леаніда Галубовіча: у сціслых радках – глыбіня сэнсу і, нават, сэнсаў. Гэта высокі клас.
Здараецца, пішу і ў стане раздражнёнасці, тады вершы для мяне – бы лекі, улагоджваюць душу. Пішацца мне не заўжды лёгка, ды я люблю «пашукаць» трапнае слова. Станоўча адношуся да крытыкі. Есць у мяне цудоўны крытык – Міхаіл Петух, і хаця сам ён ні радка не напісаў, аднак паэзію адчувае вельмі тонка. Да яго заўваг я прыслухоўваюся. Традыцыйна, у нас адбываюцца такія дыялогі:
– Уладзімір, вось у гэтым радку не так павінна быць.
Я, перарабіўшы:
– Можа так?
– Не.
Я, страціўшы цярпенне:
– Дык як? Падкажы.
– Не ведаю, а толькі не так.
І зноў не сплю, думаю, перапісваю, шукаю. І ўрэшце: «Ну можаш жа, калі захочаш», – кажа мой дарагі крытык.
Я выдаў некалькі паэтычных зборнікаў: «Хто ж адкажа?», «Неотправленные письма», «Зачараваная чаромха», «У струменях часу», «Пушчанскія галасы», «Да вогнішча далёкага юнацтва». Мае вершы можна знайсці таксама ў калектыўных зборніках, якіх каля 30. Яшчэ больш вершаў ляжаць падрыхтаваныя да друку. Я аб’яднаў іх у восем зборнікаў, аднак, калі яны выйдуць у свет, не ведаю. Скажу аб паэзіі так – для мяне гэта спосаб існавання, без яе не ўяўляю свайго жыцця. І без музыкі таксама.
Упершыню я пазнаёміўся з музыкальным інструментам у пяць год. Гэта быў бацькаў гармонік, які той вельмі шанаваў. Клаў яго высока на шафу, каб я не дастаў. Аднак вышыня не была для мяне праблемай: бацька за дзверы – я за гармонік. Пайграю сабе, вярну назад. А аднойчы бацька дастаў гармонік, стаў іграць і кажа: «Хацеў бы я, каб і ты калі навучыўся гэтай мелодыі». Я папрасіў інструмент ды і зайграў – бацька выскачыў з хаты, ну, думаю, за дрынам пабег, біць будзе. А ён маму пазваў і абодва былі ў такім здзіўленні.
А ў хуткім часе купіў мне акардэон. І здаецца, гэта выратавала мне слых. Пасля цяжкага атыту я страціў слых, але ўсё роўна іграў на акардэоне, адчуваючы толькі вібрацыю мяхоў. Таму і думаю, што музыка вярнула мяне ў мір гукаў. З гітарай пазнаёміўся ў школе: неяк дзяўчына, што мне падабалася, запытала, чаму не ўмею іграць на гітары. Адказаў – праз два тыдні буду іграць. Так і адбылося.
Спецыяльнай музычнай адукацыі ў мяне няма, хаця гэта не перашкодзіла ўступіць у Саюз музычных дзеячаў Беларусі. А адбылося гэта так: за перамогу нашага калектыву «Элегія»на фестывалі польскай песні ў Маладзечна нас аўтаматычна ўключылі ў Саюз. Я прыехаў забіраць дакументы, пытаюць мяне аб музычнай адукацыі, адказваю – няма ніякай. Як? Для члена Саюза музычных дзеячаў спецыяльная адукацыя абавязкова. Потым параіліся і сказалі, зробім для вас выключэнне, возьмем як «дыназаўра». Выступаў я на шматлікіх конкурсах: у Беларусі, Польшчы, Расіі. Былі і гран-пры, і лаўрэацкія дыпломы.
P.S: Напрыканцы некалькі дасціпных радкоў ад Уладзіміра Цануніна. Карціць назваць іх «цанунікамі», але Уладзімір Яфімавіч супраць. Не хоча паўтарацца, бо «гарыкі» Ігара Губермана ўжо ёсць. Сам майстра называе іх «карацелькі». Аднак, як не назаві, няхай гэтыя сціслыя, змястоўныя, іранічныя вершы пацешаць вас.
«Я выдаць кніжкі не магу, –
Сказаў паэт гаротна. –
Бо калі стану на чаргу,
То выйдзе пасмяротна».
Аднойчы, прытуліўшыся да таты,
Сур’ёзна гаварыў хлапец малы:
«Як вырасту, збудую круглай хату,
Бо вельмі надакучылі вуглы».
Даўно ўжо напісаць пара
Суровы надпіс на бетоне:
«Што ў нас выходзіць з-пад пяра –
Звычайна ў вадзе не тоне».
У жыцці бываюць перашкоды,
Час ніколі іх не размяжуе.
Марым першай скрыпкай быць заўсёды,
Ды танцуем пад дуду чужую.
Ірына ТРУБАЧ.
Фота з архіва рэдакцыі