Напрыканцы навучальнага года кіраўнік турысцкага клуба «Чарапашкі» раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міхаіл Петух правёў шэраг сустрэч з вучнямі і настаўнікамі Вілейскай гімназіі №2.
Бывалы вандроўнік цікава і змястоўна расказаў пра турысцкія маршруты Вілейшчыны, пра паездкі, паходы, паломніцтвы па Беларусі. Прысутныя з вялікай цікавасцю прагледзелі аўтарскія фільмы з жыцця турклуба пра водныя і пешыя вандроўкі па родным краі. Невыказная прыгажосць прыроды, рамантыка вечароў ля вогнішча з песнямі пад гітару, палаткі пад зорным небам, новыя сябры-аднадумцы і навыкі жыцця сярод жывой прыроды ў суладдзі з ёю.
Міхаіл Мікалаевіч паведаміў, што слова «паход» можа абазначаць і трохдзённы сплаў на байдарках, і двухсоткіламетровую вандроўку пешшу, і спуск у пячоры, і пад’ём на горныя вяршыні. У пахода ёсць некалькі абавязковых прыкмет: наяўнасць мэты і распрацаванага маршруту, фізічная нагрузка і выхад са звыклай зоны камфорту.
Паходы бываюць пешымі, воднымі, лыжнымі, веласіпеднымі… У залежнасці ад мэты – паходы спартыўныя, вучэбныя, даследчыя, экскурсійныя, краязнаўчыя, валанцёрскія, для адпачынку і іншыя. Па відах маршрутаў – лінейныя, колавыя, радыяльныя і камбінаваныя.
Калі ствараўся турклуб «Чарапашкі», напэўна, першая задача, якая ставілася перад ім – гэта арганізаваны вольны час дзяцей і падлеткаў, праз які ў натуральных абставінах выхоўваюцца высокія каштоўнасці здаровага ладу жыцця. Затым дадаліся этнаграфія, экалогія, гісторыя і культура роднага краю, навыкі выжывання ў прыродзе, рухомыя гульні, спаборніцтвы, аздараўляльныя гімнастыкі, творчыя майстэрні – добрым вынікам якіх сталі фільмы пра цікавыя вандроўкі, помнікі прыроды і архітэктуры, знакавыя мясціны Вілейшчыны і ўсёй Беларусі.
Турклуб за доўгія дзесяцігоддзі сваёй працы стаў для велізарнай колькасці вілейчан добрым асяродкам аздараўлення, творчасці, асабовага развіцця, радаснага сяброўства і супрацоўніцтва. Навыкі, атрыманыя на занятках турклуба, у паходах і паездках запатрабаваныя і ў дарослым жыцці. Яны нагадваюць пра дзяцінства і навяваюць цёплыя і ўдзячныя ўспаміны.
У савецкія часы турызм меў масавы характар і сваю непаўторную культуру, якую мы амаль паўсюдна страцілі. Зараз «пайсці на прыроду» хутчэй азначае «на шашлыкі» або «на дачу», а каб з заплечнікамі на некалькі дзён ад выгод за прыгодамі… Такое цяпер рэдка сустрэнеш. Мы можам ганарыцца, што ў Вілейцы захавалася, дзякуючы нязменнаму кіраўніку турклуба Міхаілу Мікалаевічу, жывая традыцыя турызму са шматбаковымі яе праявамі. Вось і зараз пасля расказаў і фільмаў у многіх падлеткаў засвяціліся цікаўнасцю вочы. Гэта значыць, што выхаванне (духоўна-маральнае, фізічнае, працоўнае, патрыятычнае, экалагічнае) праз турызм будзе мець працяг.
Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №2. Фота аўтара