Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пленум Вілейскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

Што можа прафсаюз? На гэта пытанне пастараліся адказаць на традыцыйным, пятым па ліку, пленуме Вілейскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які нядаўна прайшоў у раёне. Галоўным пытаннем на ім была размова аб рабоце прафсаюзнай арганізацыі па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. У рабоце пленума прынялі ўдзел намеснік старшыні абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Окунеў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Шляпо, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксей Пашкевіч, галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Святлана Кужаль, старшыні пярвічных арганізацый.

З дакладам перад прысутнымі выступіў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч. Ён адзначыў, што райкамам, пярвічнымі арганізацыямі праведзена пэўная работа па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюза, стварэнні ўмоў працы і быту, арганізацыі інфармавання людзей. Прыярытэтнай задачай, адзначыў Леанід Яўгенавіч, былі і застаюцца ахова працы, забеспячэнне належных санітарна-бытавых умоў на вытворчасці. У прафсаюзнай арганізацыі заўсёды на кантролі пытанні працоўнага спаборніцтва, якія нацэльваюць працаўнікоў на дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і дысцыплінуюць.
Асаблівая ўвага ў выступленнях, якія прагучалі на пленуме, была звернута на калектыўныя дагаворы, якія з’яўляюцца важным інструментам для эфектыўнай прафсаюзнай работы. У гэтых дакументах дакладна прапісаны правы і абавязкі бакоў, увесь комплекс гарантый і льгот, якія павінны прадастаўляцца работнікам. Гаварылася і пра тое, што любы калектыўны дагавор можа быць рэалізаваны пры добрай матэрыяльна-фінансавай базе, а яна, як вядома, ствараецца працай саміх працаўнікоў. Такая вось узаемасувязь.
Перад прысутнымі выступілі таксама Вольга Шляпо, Аляксей Пашкевіч, старшыні пярвічак Алена Рысявец (Ільянскі аграрны каледж), Уладзімір Судніковіч (камбікормавы завод), Алеся Навойчык (дзяржсортстанцыя). Пра задачы і прыярытэты ў дзейнасці прафсаюзных арганізацый аграпрамысловага комплексу расказаў у сваім выступленні Пётр Окунеў.
Прафсаюзны актыў. Сёння час прад’яўляе ўсё больш высокія патрабаванні да яго прафесіяналізму і кампетэнтнасці. Таму падрыхтоўцы прафсаюзных кадраў павінна надавацца сур’ёзная ўвага. І падобныя мерапрыемствы, падчас якіх ажыццяўляецца абмен вопытам, якраз і з’яўляюцца адной з формаў гэтай вучобы.
Ірына БУДЗЬКО.

На здымках: моманты пленума.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries