Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пераможца конкурсу «Чалавек года-2011» Андрэй Тузкоў

Падведзены вынікі чарговага этапа папулярнага ў віляйчан конкурсу «Чалавек года». Як і ў папярэднія гады, сёлета свае галасы за лепшых з лепшых аддалі людзі розных узростаў і полу, веравызнання і адукацыі. А дастойных насіць гэта званне прапаноўвалася некалькі. І асаблівая барацьба разгарэлася паміж двумя кандыдатамі: дырэктарам цэнтра эстэтычнага выхавання Таццянай Захарыч і намеснікам дырэктара ТАА «Радуга Строй» Андрэем Тузковым.

Тыя, хто выказваўся за кандыдатуру Таццяны Захарыч, падкрэслівалі яе мэтанакіраваную работу па духоўным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі на хрысціянскіх і нацыянальных традыцыях беларускага народа. Стварэнне клуба духоўнай культуры «Крыніцы чысціні» і яго цікавыя праграмы, мерапрыемствы, прысвечаныя Калядным святам, паломніцтва ў Іерусалім за Благадатным агнём – у гэтым несумненная заслуга Таццяны Мікалаеўны. З году ў год, кожны дзень, робіць яна сваю высакародную справу ў імя нашага заўтрашняга. І робіць гэта годна, дастойна.
Мноства віляйчан аддалі свае галасы і за кандыдатуру Андрэя Тузкова, прадстаўніка самай зямной і ўсім нам неабходнай прафесіі – будаўніка. Андрэй Леанідавіч – намеснік дырэктара ў ТАА «Радуга Строй». Арганізацыя даўно зарэкамендавала сябе як надзейная, дзе працуюць высокапрафесійныя спецыялісты. І гэта яшчэ раз пацверджана ў мінулым годзе, калі ў нашым горадзе за кароткі тэрмін і з вялікімі намаганнямі будаўнікі гэтай арганізацыі ўзвялі і своечасова здалі будынак гасцініцы. Работамі тут кіраваў Андрэй Тузкоў, а само з’яўленне адноўленай сучаснай гасцініцы і сапраўды стала падзеяй года.
Усё гэта, безумоўна, улічвала камісія пад старшынствам старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч, калі выбіралі пераможцу. У складзе камісіі былі: намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Жанна Петух, начальнік упраўлення справамі райвыканкама Яўген Ігнатовіч, начальнік аддзела культуры Сяргей Паўлоўскі, старшыня Савета ветэранаў Ганна Шэпелева і аўтар гэтых радкоў. Пасля абмеркавання і аргументацыі дзейнасці кандыдатаў на званне «Чалавек года-2011» прагаласавалі за кожнага з іх. Пераважнай колькасцю галасоў перамога была аддадзена Андрэю Тузкову, з чым шчыра віншуем і яго, і ўвесь калектыў ТАА «Радуга Строй». Далейшых поспехаў у нялёгкай працы на карысць роднай Вілейшчыны! Па добрай традыцыі, ушанаванне пераможцы конкурсу «Чалавек года-2011» адбудзецца на раённым свяце перадавікоў.
Ірына БУДЗЬКО
Фота Марыны ПУЦЭЙКА

Андрэй Тузкоў, пераможца конкурсу "Чалавек года-2011"

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries