Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пераможцамі конкурсу «Жанчына года Міншчыны» сталі 28 жанчын са сталічнага рэгіёна

У прыгожы сакавіцкі дзень у Маладзечна ўшаноўвалі самых яскравых і паспяховых прадстаўніц Міншчыны ў рамках абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2018».

У адзінаццаты раз самая аўтарытэтная жаночая арганізацыя нашай краіны – Беларускі саюз жанчын – па выніках дзейнасці за 2018 год адзначала найбольш паспяховых актывістак жаночага руху.

Віляйчанкі Святлана Лях і Жанна Старадуб

Пераможцамі конкурсу «Жанчына года Міншчыны» сталі 28 жанчын са сталічнага рэгіёна. Кожная – паспяховая і патрэбная на сваім месцы, прафесіянал, які займаецца любімай справай, а яшчэ – клапатлівая маці або ўжо бабуля, якая валодае ўласцівымі сапраўднай жанчыне якасцямі – спагадлівасцю, чуласцю, здольнасцю паспачуваць і дапамагчы.

Месцам правядзення ўрачыстасці стаў Палац культуры Маладзечна. Такое мерапрыемства заўсёды праходзіць у адмысловай атмасферы. І сёлета яго арганізатары зрабілі ўсё, што ад іх залежала, каб яно ўразіла і запомнілася. Радасць, усмешкі, віншаванні – фарбаў для пазітыўных эмоцый хапіла.

Сярод пераможцаў – нашы зямлячкі. У намінацыі «Гаспадыня сяла» перамагла Ірына Супрановіч, старшыня Крывасельскага сельскага выканаўчага камітэта. У намінацыі «Актыўная жыццёвая пазіцыя» – Святлана Лях, старшыня Вілейскай раённай арганізацыі Беларускага Аб’яднання Чырвонага Крыжа. Дыпломам спецыяльнай прэміі была таксама ўзнагароджана прадстаўніца Вілейскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Жанна Старадуб. Наша калега, намеснік рэдактара раённай газеты «Шлях перамогі» Ірына Будзько, была адзначана падзякай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын за актыўны ўдзел у абласным конкурсе сярод журналістаў сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны «СемьЯ» за публікацыю серыі матэрыялаў. “Віляйчанка” – так называецца сумесны праект рэдакцыі газеты і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, дзякуючы якому мы знаёмімся са шматдзетнымі сем’ямі Вілейшчыны, глядзім на асобу жанчыны-маці як захавальніцы сямейнага ачага і прафесіянала на сваім рабочым месцы.

«Прысвячэнне жанчыне» – святочны канцэрт з такой назвай стаў выдатным дадаткам да ўрачыстасці. Выступленне заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь, сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі, было прысвечана ім, прыгожым, паспяховым, таленавітым, актыўным і непаўторным – сапраўдным жанчынам.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота з сайта oobsg.by 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries