Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Перадавік жніва на абласных Дажынках-2018 у Мядзелі — Анатоль Кавалёнак

Уборачная кампанія 2018 года падыходзіць да свайго завяршэння. Зараз сельгаспрадпрыемствы завяршаюць уборку кукурузы, а засекі раёна і краіны запоўнены збожжам новага ўраджаю. Традыцыйна жніво на Беларусі завяршаецца вялікім святам. Сталіцай абласных дажынак Мінскай вобласці ў гэтым годзе выбраны Мядзел, дзе 29 верасня праходзіць вялікі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2018». Напярэдадні свята мы сустрэліся з галоўным інжынерам ААТ «Нарачанскія зоры» Анатолем Кавалёнкам, які стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод іншых перадавікоў жніва-2018.

Анатоль Уладзіміравіч Кавалёнак чалавек вельмі сціплы і аддае перавагу працы, а не расповедам пра сябе. Таму пагутарыць з перадавіком удалося няшмат, бо восеньскія клопаты аграрыяў не дазваляюць надоўга адрывацца ад справы, тут галоўнай з’яўляецца народная мудрасць: «Дзень год корміць».

У «Нарачанскіх зорах» Анатоль Кавалёнак працуе чатыры дзясяткі гадоў. Сам родам з суседніх Бараўцаў, ён яшчэ ў 1977 годзе прыйшоў у калгас. Закончыў Мар’інагорскі тэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-механік. Служыў у арміі, спачатку ў вучэбнай частцы ў Пячах, затым у аўтабаце ў Ветрына, у Манголіі. З 1979 года, як кажуць, звязаў сваё жыццё з калгасам назаўсёды, так і працуе тут па сёння. З 1986 года з’яўляецца галоўным інжынерам гаспадаркі, жыве тут, у Нарачы.

– Мае галоўныя абавязкі – гатоўнасць машына-трактарнага парку, – распавядае Анатоль Уладзіміравіч. Калі пачынаў працаваць у калгасе пры Андрэю Цярэнцьевічы Мар’янкову, то было ў гаспадарцы каля 114 адзінак машын. Цяпер тэхніка больш магутная, і у маім падпарадкаванні сярод іншага 44 трактары, 28 машын, 7 камбайнаў. Зараз заканчваем сяўбу азімых і нарыхтоўку кукурузы на корм.

Анатоль Кавалёнак падрабязна можа ахарактарызаваць кожны трактар, камбайн ці іншую машыну – як айчыннай вытворчасці, так і замежнай. Усё ж такі вопыт. На пытанне аб напружанай пары, бо здавалася б, восеньская пара адна з самых напружаных часін для галоўнага інжынера, Анатоль Уладзіміравіч гаворыць, што ўсё ідзе як заўжды.

– Калі да ўборкі, восенЬскіх ці вясенніх работ рыхтавацца загаддзя – ніякага аўралУ не бывае. Напрыклад, мы ўжо цяпер заказваем запчасткі для камбайнаў на будучую ўборачную.

Толькі станоўча адзываецца аб сваіх калегах, механізатарах калгаса галоўны інжынер, але адзначае, што хацелася б,каб больш моладзі ішло ў гаспадарку. У сваю чаргу калегі Анатоля Уладзіміравіча таксама гавораць аб ім як аб вялікім прафесіяналу, які заўсёды працуе на перспектыву. Такія ж характарыстыкі дае і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, для Анатоля Кавалёнка мядзельскія дажынкі не першыя, дзе яго будуць ўзнагароджваць. У 2006 годзе на рэспубліканскіх дажынках у Кобрыне ён атрымліваў падзяку з рук Прэзідэнта краіны. Былі ўзнагароды на на абласных “Дажынках” у Смалявічах у 2002 годзе, Мар’інай Горцы, Уздзе, Лагойску. Адным словам, яго працу заўважаюць.

– Мы, у асноўным, людзі нябачнага фронту, – усміхаючыся, кажа Анатоль Кавалёнак. – Але справу робім важную для гаспадаркі.

Аб сям’і наш герой расказвае таксама сціпла. Жонка родам з Крывога Сяла, пазнаёміўся з ёй тут, у Нарачы. Яна працавала ў мясцовым дзіцячым садку памочніцай выхавацеля, зараз на адпачынку. Разам Кавалёнкі выгадавалі дзвюх цудоўных дочак, якія падаравалі ім галоўную радасць – унука і ўнучку. Адным словам, па жыцці у Анатоля Кавалёнка склалася ўсё добра, і цяпер галоўнае, што ёсць для каго жыць і працаваць далей. А вопыт Анатоля Уладзіміравіча, безумоўна, яшчэ будзе доўга запатрабаваны.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 64 queries