Стала ўжо добрай традыцыяй напярэдадні Дня Вялікай Перамогі на месцы дыслакацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанскіх брыгад, недалёка ад вёскі Ляскі Любанскага сельскага Савета, праводзіць урачыстыя мерапрыемствы. Звычайна ў такія дні тут адбываецца сустрэча прадстаўнікоў розных пакаленняў для таго, каб успомніць падзеі вайны, хвілінай маўчання ўшанаваць памяць тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, ускласці кветкі да помнікаў.
На партызанскай базе Ляскі, 8 мая 2012 г.
А яшчэ тут навучэнцаў вілейскіх школ урачыста прымаюць у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Месца выбрана не выпадкова. Тут у Вялікую Айчынную вайну базіраваліся Вілейскі падпольны гарадскі камітэт ЦК КП(б)Б і гаркам ЛКСМБ, Куранецкі падпольны раённы камітэт КП(б)Б і райкам ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя Л.М. Даватара і “За Савецкую Беларусь”.
Вілейскі падпольны гаркам КП(б)Б быў створаны 12 красавіка 1944 года і зацверджаны Вілейскім падпольным абкамам партыі 16 красавіка 1944 года. Базіраваўся ў партызанскай брыгадзе “За Савецкую Беларусь”, дзейнічаў да 2 ліпеня 1944 года. Сакратар – Кавалёва Кацярына Ігнацьеўна. Члены гаркама – Валынец Андрэй Іванавіч і Голаў Пётр Іванавіч.
Вілейскі падпольны гаркам ЛКСМБ дзейнічаў са жніўня 1943 года да 2 ліпеня 1944 года пад кіраўніцтвам Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ і Вілейскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Кіраваў барацьбой моладзі Вілейкі супраць акупантаў. Сакратары: Бельская Надзея Сцяпанаўна, Валынец Міхаіл Нікадзімавіч. Члены гаркама: Каркоцкі Мікалай Кузьміч, Ількевіч Уладзімір Ільіч, Усціновіч Раіса Сафронаўна.
Сустрэча партызан брыгады імя Даватара,Ляскі. 1960-я гг..
Куранецкі падпольны райкам КП(б)Б створаны Вілейскім падпольным абкамам партыі 17 кастрычніка 1943 года і дзейнічаў да 2 ліпеня 1944 года. Базіраваўся ў партызанскай брыгадзе імя Л.М. Даватара. Сакратар – Папок Васіль Фёдаравіч. Члены райкама: Кадоўба Даніла Якаўлевіч, Аўсяннікаў Андрэй Паўлавіч. Друкаваны орган падпольнага райкама – газета “Народный мститель”, рэдактар Баронкін Павел Мікалаевіч. Вядома 11 нумароў (з лістапада 1943 года па май 1944 года) на рускай мове. Пасля вызвалення выдавалася пад назвай “За Савецкую Радзіму”, з 1962 года і да сённяшняга часу газета выходзіць пад назвай “Шлях перамогі”.
Куранецкі падпольны райкам ЛКСМБ прыступіў да работы 10 кастрычніка 1943 года і дзейнічаў да 2 ліпеня 1944 года. Яго асноўная база знаходзілася ў партызанскай брыгадзе імя Л.М.Даватара. Сакратары: Андрэеў Сяргей Нікандравіч, Кашыцкая Ганна Сямёнаўна, сакратар па прапагандзе. Член райкама – Мядзведская Марыя Мікалаеўна. Райкамы партыі і камсамола арганізоўвалі і ўзначальвалі камуністычнае і камсамольскае падполле, партызанскі рух, барацьбу супраць нацысцкіх акупантаў.
У раёне вёсак Талуць, Заазер’е, Любоўшы, Ляскі падчас Вялікай Айчыннай вайны дыслацыраваліся і дзейнічалі партызанскія брыгады “За Савецкую Беларусь” і імя Л.М. Даватара.
Сустрэча партызан брыгад За Савецкую Беларусь і імя Будзённага, Ляскі, 1979 г.
Вясной 1942 года ў Куранецкім раёне пачала дзейнічаць партызанская група на чале з А.І. Валынцом, якая пазней улілася ў атрад “Барацьба” брыгады “Народныя мсціўцы”. У жніўні 1943 года па ўказанні Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) група А.І Валынца была вылучана і накіравана ў Куранецкі раён для арганізацыі партызанскага атрада. У кастрычніку 1943 года аформлена ў атрад “За Савецкую Беларусь”. Дзейнічаў у Куранецкім раёне. 2 ліпеня 1944 года атрад у складзе якога быў 421 партызан, злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі, пасля злучэння БШПР вызначыў атрад як брыгаду ў складзе 5 атрадаў.
Камандзір брыгады – Валынец Андрэй Іванавіч, камісар – Цалуйка Васіль Фёдаравіч, начальнік штаба – Лятушкін Георгій Іванавіч. Камандзіру брыгады Валынцу А. І., ураджэнцу вёскі Жаўткі Вілейскага раёна, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем названа адна з вуліц Вілейкі, усталявана мемарыяльная дошка.
Партызанская брыгада імя Л.М. Даватара створана ў снежні 1942 года на базе атрада Ф.С. Шляхтунова, пазней імя Я.М. Свярдлова. Да канца 1943 года дзейнічала ў Докшыцкім раёне, пасля перабазіравалася ў Мядзельскі раён, дзе аб’ядналася з брыгадай імя К.Я. Варашылава. 16 сакавіка 1943 года загадам БШПР брыгада імя Варашылава разбуйнена. 2 ліпеня 1944 года злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў складзе 7 атрадаў з агульнай колькасцю 568 партызан. Камандзіры брыгады – Шляхтуноў Фёдар Сазонавіч і Іваноў Іван Аўксенцьевіч, камісары: Кадоўба Даніла Якаўлевіч, Паўленка Павел Андрэевіч, Папок Васіль Фёдаравіч, начальнікі штаба – Вашчыла Сцяпан Арцёмавіч, Дудкоўскі Барыс Восіпавіч.
Партызанам брыгад патрэбна было не толькі выжыць у цяжкіх умовах акупацыі побач з ворагам, калі кругом дрымучы лес і балота, летам хмары камароў, зімой вялікія маразы і гурбы снегу, але і весці барацьбу з захопнікамі. Праводзілі дыверсіі на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах. Разам з іншымі брыгадамі нападалі на варожыя гарнізоны, дапамагалі часцям Чырвонай Арміі ў вызваленні населеных пунктаў ад акупантаў.
У 1970 годзе ў гонар Вілейскага падпольнага гаркама КП(б)Б і гаркама ЛКСМБ, Куранецкага райкама КП(б)Б і райкама ЛКСМБ, партызанскіх брыгад імя Л.М. Даватара і “За Савецкую Беларусь” усталяваны помнік на брацкай магіле партызан, адноўлены зямлянкі. У 1983 годзе зямлянкі рэстаўрыраваны, пры ўваходзе на тэрыторыю партызанскага лагера пастаўлены дзве бетонныя сцяны з сімвалічным вечным агнём паміж імі. На адной са сцен устаноўлена мемарыяльная дошка. На 22-м кіламетры шашы Вілейка – Нарач, каля павароту да лагеру, пастаўлена сцяна-паказальнік.
У 2006 годзе па ініцыятыве і пад непасрэдным кіраўніцтвам былога партызана брыгады “За Савецкую Беларусь” Мартынава Сцяпана Іванавіча старыя зямлянкі былі разбураны і пабудаваны занава. Тут працавалі навучэнцы Вілейскага сельгасліцэю. Цяпер тут падтрымліваюцца чысціня і парадак, калі патрэбна, мяняюцца навесы над зямлянкамі, пакрываюцца свежымі яловымі галінкамі, добраўпарадкаваецца тэрыторыя.
Сёння партызанскую базу “Ляскі” любяць наведваць школьнікі і моладзь. Тут адкрываецца новы погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сціраюцца межы паміж матэрыяльным і духоўным, аднаўляецца страчаная сувязь з гістарычным мінулым.
Пабачыць, што ўяўляе сабой партызанскі лагер, прайсці па партызанскіх сцяжынках, зазірнуць у зямлянку камандзіра атрада або штабную зямлянку, даведацца, дзе знаходзіліся медсанчасць і сталовая.
У адной групы школьнікаў пасля наведвання партызанскага лагера я спытала пра ўражанні. У адказ пачула: “Як быццам бы час павярнуўся назад, і ўсе мы сталі ўдзельнікамі тых ваенных падзей”.
Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея. Фота прадстаўлена аўатарам