Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Памяць злучыла родныя сэрцы

Невялічкі завулак Гарбузава ў Вілейцы, Ніжні Ноўгарад, Масква і Санкт-Пецярбург – што аб’ядноўвае гэтыя аддаленыя ў прасторы кропкі на карце? Чалавечая памяць, непадуладная часу, і жаданне ведаць свае карані.

Гэта гісторыя пачалася летам. У Вілейскі краязнаўчы музей звярнуліся родныя Георгія Гарбузава, партрэт якога змешчаны на музейным стэндзе “Яны вызвалялі Вілейшчыну”. Гвардыі капітан, камандзір трэцяга мотастралковага батальёну сёмай гвардзейскай механізаванай брыгады Георгій Гарбузаў удзельнічаў у баявых дзеяннях на Вілейшчыне і загінуў 2 ліпеня 1944 года пры вызваленні Вілейкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пахаваны Георгій Емяльянавіч быў ў брацкай магіле на плошчы Свабоды, а пасля перезахаваны на могілках па вуліцы 1 Мая.
Навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава працуе ў ім з дня заснавання.

Тэма памяці пра Вялікую Айчынную вайну і яе герояў ёй блізкая – таму што пошук звестак пра віляйчан-удзельнікаў вайны, і тых, хто вызваляў горад і ваяваў на тэрыторыі раёна, прайшоў праз яе рукі і сэрца. Людзі і лёсы падчас вайны і ў пасляваенныя гады – да гэтай тэмы немагчыма ставіцца раўнадушна. У той час асноўным сродкам зносін была паштовая перапіска – лісты з Вілейкі ішлі ва ўсе куточкі Савецкага саюза.

На іх таксама ў канвертах прыходзілі адказы – з фотаздымкамі і дакументамі, якія карпатліва сістэматызаваліся і дазвалялі ўзнавіць ход падзей і роднасныя стасункі. Такім чынам тады выйшлі на сувязь з роднымі Георгія Гарбузава. Дзякуючы Галіне, дачцы Георгія Емяльянавіча, расказала Вольга Коласава, у экспазіцыі музея з’явіліся арыгінальныя фотаздымкі, дакументы і лісты з фронту. Колькі ў той час нітачак людскіх лёсаў, бязлітасна пераблытаных, а часам і перарваных вайною, прайшло праз рукі супрацоўнікаў музея, можна толькі здагадвацца. Але ўсё было недарма – памяць засталася жыць.


– Чым больш часу праходзіць, тым большае жаданне ў нашчадкаў Перамогі ведаць свае карані, – дзеліцца назіраннямі Вольга Коласава. – Сем’і працягваюць шукаць сваіх родных, пашыраюцца сувязі з родзічамі, нават з тымі, пра каго дзясяткі год не было звестак.


Так адбылося і ў гэты раз. Родныя Георгія Емяльянавіча Ксенія Несцерава з Ніжняга Ноўгарада са стрыечным братам Сяргеем Гаўрыленкам, які жыве ў Маскве, захацелі наведаць Вілейку, горад, дзе ў 1944-м скончыўся зямны шлях Георгія Гарбузава.
З Ксеніяй і Сяргеем мы сустрэліся ў музеі, дзе Вольга Аляксандраўна правяла для іх экскурсію.

– Вызвалялі, ваявалі, загінулі, пахавалі… Мы ведаем гэта. Але трэба ведаць значна больш, – заўважыла Ксенія, расказваючы пра тое, як пошук родных прывёў іх з Расіі ў Вілейку. З удзячнасцю яна адзначыла людзей, якія дапамаглі з жыллём, а таксама супрацоўнікаў музея – за дапамогу і ўвагу да сямейнай гісторыі.
Пошукам родных Ксенія занялася гады два таму. Родныя людзі пачалі паміраць, і яна зразумела, што некалі не будзе з кім пагаварыць, каму патэлефанаваць, каб спытаць, як справы. Гэта думка не адпускала – таму яна заказала генеалагічны пошук па бабулінай лініі, так знайшла траюрадную сястру ў Новасібірску. І пачала шукаць родных па лініі дзядулі.


Тое, што літаральна напярэдадні іх візіту ў музеі адбыўся тэлефонны званок з просьбай заказаць экскурсію на 9 жніўня, простым супадзеннем нельга назвать. Бо з Санкт-Пецярбургу тэлефанавалі родныя… Гарбузава, і іх цікавіла ўсё, што можа быць звязана з яго памяццю на вілейскай зямлі. Так Ксенія пазнаёмілася з траюраднай сястрой Валерыяй. У Георгія Гарбузава былі два браты, якія таксама ваявалі, яны прайшлі вайну і вярнуліся з фронту, і сястра, якая падчас вайны загінула. Што недзе ў Санкт-Пецярбурзе жывуць родзічы, Ксенія ведала, але яны ніколі не бачыліся і не ведалі пра лёс адзін аднаго. Падчас знаходжання ў Вілейцы адбылася іх першая размова з Валерыяй – па «Ватсапу», жанчыны абмяняліся фотаздымкамі. Эмоцый і хвалявання было нямала. Ксенія з Сяргеем наведалі завулак Гарбузава ў мікрараёне «Воўкаўшчына» – такое стаўленне да памяці іх вельмі кранула.
– Вайна раскідала ўсіх, – заўважыў Сяргей. – У той час не было інтэрнэту, сувязі губляліся. Сёння стала намнога прасцей – і пошук працягваецца.

– Мы адкрылі тут людзей, – падзялілася ўражаннямі ад Беларусі Ксенія. – Якія яны тут добрыя, шчодрыя, гатовыя дапамагчы.
Гісторыя не скончылася – у жніўні на Вілейшчыне пабывалі госці з Санкт-Пецярбургу. Зноў музей, зноў завулак Гарбузава. А потым родныя людзі, якім знайсці адзін аднаго дапамагла памяць пра Георгія Гарбузава, сустрэліся ў Расіі – каб ужо не губляцца.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries