Журналісцкія сцежкі мяне нярэдка зводзілі з жанчынамі-маці. Былі цікавыя сустрэчы, з’яўляліся газетныя матэрыялы. З аднымі гераінямі публікацый пасля першага знаёмства так і не ўдавалася зноў сустрэцца , з другімі станавіліся добрымі знаёмымі, амаль што сяброўкамі.
Шчырыя і цёплыя адносіны звязваюць мяне з гераіняй колішніх газетных матэрыялаў Ірынай Васільеўнай Чарток. Маці дзесяцярых дзяцей, яна прысвяціла ім, сынам і дочкам, усё сваё жыццё. І няхай жыццёвы шлях Ірыны Васільеўны не быў усланы кветкамі, аднак яна лічыць сябе шчаслівай. І яно, шчасце, – у яе дзецях.
«Ірыну Васільеўну ведаю ўжо даўно. Нярэдка сустракаемся, па-жаночы гутарым пра дзяцей і жыццё ўвогуле. І калі б спытаў хто ў мяне, якая жанчына найбольш адпавядае мацярынскаму ідэалу, адказала б: мама і Ірына Чарток. Дабрынёй сваёй, усеабдымнай любоўю, бязмежнай, цярплівасцю ды святой самаахвярнасцю заслугоўваюць яна гэтага». Так напісала я без малога шэсць гадоў назад у матэрыяле пра Ірыну Чарток. За гэтыя гады толькі ўмацавалася ў гэтым перакананні.
Сыночкі Андрэй, Саша, Дзіма, Грыша, Міша, Сярожа, Юрка і Жэня; дачушкі Аня і Даша – вось яно, багацце маці. Гэта некалі ў іх дагледжаным доме ў Журыхах было цесна і шумна ад дзіцячых галасоў. Зараз дома засталіся толькі школьнікі Юра і Жэня. Старэйшыя ж дзеці Ірыны Васільеўны знайшлі свае жыццёвыя сцежкі, некаторыя ўжо маюць свае сем’і. Андрэй з жонкай Ленай і Дзіма з Наташай жывуць у Вілейцы, Грыша з Наташай – у Вязыні. Саша з Галяй звілі гняздо ў Фаніпалі. Міша пакуль халасцяк, працуе ў Мінску Заканчвае вучобу ў каледжы старэйшая з дачок, Аня, а Даша вучыцца яшчэ першы год. Сяргей працуе і таксама завочна вучыцца ў каледжы. Асаблівая радасць Ірыны Васільеўны – яе ўнукі Уладзік, Танечка, Каралінка і Мілана.
– Весела бывае ў хаце, калі збіраемся на святы, – усміхаецца жанчына. – І так добра. Усе разам вырашаем самыя розныя пытанні, плануем на сваім сямейным савеце, што і як рабіць. Так у нас было заўсёды, так і будзе.
У прафесійнае свята журналістаў Ірына Васільеўна забегла ў рэдакцыю, каб павіншаваць мясцовых газетчыкаў. Разгаварыліся пра жыццё-быццё.
– Ёсць у мяне адна работа, якую трэба неадкладна зрабіць, – падзялілася жанчына. – Трэба ўчастак прадыскаваць, а ў выхадныя будзем з дзецьмі сеяць. Вось толькі кіраўніку райаграсервісу Бядрыцкаму пазваню, папрашу, каб дапамог…
І ў гэты ж момант у рэдакцыю зазірнуў… Аляксандр Бядрыцкі. Пытанне вырашылася. Падумалася, што мнагадзетную маму пачуў Усявышні…
Ёсць у паэта Аляксандра Быкава цудоўныя радкі:
У матери четыре торжества,
Четыре срока и четыре долга:
Родить его, измучившись сперва,
Вскормить, взрастить
И отпустить в дорогу.
У Ірыны Чарток гэтыя чатыры важнейшыя для кожнай жанчыны вехі трэба памнажаць на дзесяць. За гэта нізкі паклон ёй, сапраўднай маме, святой жанчыне.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара
Паклон сапраўднай маме
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов