Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пад кіраўніцтвам Арама Хачатрана

– Вуліца стала, хоць ты каціся, – словы гэтыя некалькі разоў за мінулыя выхадныя давялося пачуць ад знаёмых аўтамабілістаў.
Гаворка ішла пра Вадап’янава, дзе апошнім часам інтэнсіўна вяліся рамонтныя работы. Мы назіралі і адчувалі неабходнасць занатаваць гэтую з’яву на старонках газеты: рэдакцыя раёнкі вокнамі выходзіць на гэту вуліцу. Мы расказвалі, як абнаўляецца тратуарная плітка, устанаўліваюцца так званыя барты, ствараецца аснова пад асфальтавае пакрыццё. Мяркуецца, што ўздоўж Вадап’янава падчас абласнога фестывалю-кірмашу размесцяцца гандлёвыя рады.

Хутка «каціцца» можна будзе і па вуліцы Кастрычніцкай, – запэўнівае старшы майстар водаканала Арам Хачатран. Нязвыклае для нашых мясцін прозвішча дазваляе блытаць Арама Мікаэлавіча з яго знакамітым земляком. Хоць па роду заняткаў адрозненні паміж вядомым маэстра і спецыялістам па водазабеспячэнню даволі-такі істотныя. А калі сур’ёзна, то да вуліцы Кастрычніцкай неяк не даходзілі рукі адпаведных службаў. Дажынкі, як кажуць, стымульнулі працэс. Быць ці не быць поўнай рэканструкцыі – гэта пытанне вырашалася па сітуацыі. Так расказвалі дарожныя работнікі. Поўная рэканструкцыя прадугледжвала ліўнёвую каналізацыю. Інакш пры ўсталяванні «бартоў» – між імі магла пастаянна плёхацца дажджавая вада. Сярод нагрувашчвання камунікацыйных трас спецыялістам водаканала ўдалося адшукаць ліўнёвы калектар. І пачаліся работы па пракладцы ліўнёўкі. Яна праходзіць паралельна з толькі што замененай цеплатрасай ад скрыжавання вуліц Горкага і Кастрычніцкай у накірунку старога рынка.
Сюжэты маштабных вулічных работ уключаюць у сябе, як правіла, сучасную дарожную тэхніку. Але часцяком даводзіцца бачыць, як «удакладняюць» яе работу імпэтныя мужчынскія рукі, узброеныя звыклай прыладай працы ўсіх, як кажуць, эпох і народаў – звычайнай рыдлёўкай. Падобны сюжэт давялося назіраць на аб’екце ў мінулую нядзелю. Там, дзе ліўнёўка павінна выйсці на каналізацыйна-помпавую станцыю,робіцца падкоп пад цеплатрасу, які і карэктуецца рыдлёўкамі.
– Па дажджавых калодзежах вада будзе трапляць у цэнтральную трасу, а па ёй выходзіць з горада, – тлумачыць працэс Арам Хачатран.
Як да парушальнікаў звыклага рытму вулічнага жыцця ставяцца сёння некаторыя да людзей у рабочай спецвопратцы. Уладальнікаў транспартных сродкаў раздражняюць усемагчымыя ўказальнікі, на якіх абазначаны напрамкі нетрадыцыйных віражоў. Хтосьці ўскочыць на тратуар, нехта, азірнуўшыся па баках, адсуне пластыкавую тумбу, «самадазвольна» адчыняючы сабе праезд. Сюрпрыз чакаў тых аўтаўладальнікаў, якія выбралі сабе шлях праезду па тэрыторыі вілейскага дзяржаўнага каледжа.У адзін цудоўны час яны апынуліся перад зачыненнымі варотамі. Гэта толькі асобныя нюансы, з якімі мы сутыкнуліся падчас рэканструкцыі гарадскіх вуліц і якія ў цэлым па-вартасці ацанілі. Бо перш чым па дарозе каціцца, варта і з «сюрпрызамі» змірыцца. Бачыце, нават у рыфму атрымалася.
Дні праз тры водаканал з ліўнёўкай па вуліцы Кастрычніцкай справіцца. Інтэнсіўнасць работ на аб’екце – відавочная. Пачатак – у восем гадзін раніцы, заканчэнне – а дзясятай гадзіне вечара. І без выхадных. Ля «вузлоў скаплення» людзей і тэхнікі – прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, электра- і цепласетак. Яны сочаць, каб у працэсе работ не былі пашкоджаны іх камунікацыі. Настолькі шчыльна размешчаны пад вулічным пакрыццём падземныя трасы.
Валерый Мычко – машыніст экскаватара на напружнасць работ не наракае. За час працы ў водаканале прывык да ўсякіх сітуацый. Мікрараён «Паўночны-2», плошча Свабоды, вуліца Чайкоўскага – па гэтых адрасах апошні месяц можна было бачыць давераную яму тэхніку.
– Рабіў усё, што звязана з вадой і каналізацыяй, – канкрэтызуе Валерый Міхайлавіч.

У тэму: Выкананнем праграмы падрыхтоўкі да абласных дажынак заняты шэраг дарожных арганізацый. Сярод вілейскіх таксама – ДЭУ-63.
– Побач з трасай з боку Маладзечна адрамантавана альтанка, прыведзены ў парадак турнікет на пешаходнай сцяжынцы, – пералічвае ўжо зробленае кіраўнік арганізацыі Андрэй Квяткевіч. Сумесна з маладзечанскімі спецыялістамі, ДЭУ-63 абнавіла асфальтавае пакрыццё па вуліцы Валынца. У паласе адводу каля дарог высякаецца кустоўе, вядзецца абкошванне ўзбочын. Аднаўляецца дарожная разметка…
Адным словам, спяшайцеся госці на слынную вілейскую зямлю. Няхай запомніцца яна вам прыроднымі краявідамі, людской гасціннасцю і бачным плёнам чалавечых рук.
Да дажынак засталося 10 дзён.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара




Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries