Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Паўсотні праляцела вёснаў, паўсотні прамінула зім…

28 лютага адзначылі залатое вяселле віляйчане Людміла Аляксандраўна і Мікалай Міхайлавіч Узгорак

 Людміла Аляксандраўна і Мікалай Міхайлавіч з дочкамі Інай і Таццянай
Людміла Аляксандраўна і Мікалай Міхайлавіч з дочкамі Інай і Таццянай

Іх сумеснае жыццё пачалося ў далёкім ужо лютым 1970 года. Распісваліся ў Вілейскім ЗАГСе на завяршэнні зімы, а вяселле згулялі аж… улетку.  Так атрымалася зза хваробы аднаго з блізкіх людзей. 28 лютага таго далёкага года і стаў пачаткам сумеснага жыцця герояў гэтай публікацыі – жыцця,  у якім  было многа працы і клопатаў. Ды ўсё гэта здавалася нязначным і нават дробязным, бо заўсёды звязвала і звязвае гэту пару вялікае пачуццё, якое робіць іх шчаслівымі.

Людміла і Мікалай нарадзіліся ў суседніх вёсачках Жукавічы і Путрычы тагачаснага Рэчкаўскага сельсавета. Пазнаёміліся на танцах, якія ладзіліся штосуботу і на якія збіралася моладзь з бліжэйшых  вёсак. Чым прыглянуліся адно аднаму? Мікалая зразумець няцяжка –  цемнавалосую ўсмешлівую прыгажуню не заўважыць было немагчыма. Людміла ж выдзеліла хлопца сярод іншых за яго тактоўнасць, сціпласць, спакойны характар, акуратнасць («Штаны, бывала, так адпрасуе, – дзеліцца зараз жанчына, – што, здаецца,  муха аб канцік парэжацца»). Ацаніла яна і тое, што Мікалай  раўнадушны да спіртнога, не з тых,  хто любіць высвятляць адносіны пры дапамозе кулакоў. Яны абое зрабілі тады свой выбар і ніколі за пяцьдзясят гадоў не пашкадавалі аб ім.

 Яны абое зрабілі тады свой выбар і ніколі за пяцьдзясят гадоў  не пашкадавалі аб ім
Яны абое зрабілі тады свой выбар і ніколі за пяцьдзясят гадоў не пашкадавалі аб ім

– Кожная маладая сям’я марыць  пра ўласнае жыллё, – пачала расказваць пра пачатак сумеснага жыцця Людміла Аляксандраўна. – Вось і мы таксама. Узялі ўчастак пад будаўніцтва, у хуткім часе ўзвялі на ім «врамянку» і залілі фундамент пад дом. Не без дапамогі сваякоў пайшла будоўля. Наш першынец, Аляксандр, нарадзіўся яшчэ ў «врамянцы», а дачцэ Іне было каля годзіка, калі перайшлі ў прасторны дом, дзе і жывём цяпер. У ім выраслі і выйшлі ў свет усе трое дзяцей, сюды, на вуліцу Пацаева, збіраецца па святах і ўрачыстасцях уся наша вялікая сям’я. Прыемна, што мы з мужам восем месяцаў назад сталі шчаслівымі  прабабуляй і прадзядулем.

Розныя прафесіі выбралі справай жыцця дзеці Узгоркаў. Аляксандр, як і бацька, стаў вадзіцелем і ездзіць у замежныя камандзіроўкі, Іна атрымала педагагічную адукацыю, а самая малодшая, Таццяна, стала медыцынскім работнікам і завочна вучыцца на юрыстапалітолага. З юрыспрудэнцыяй звязалі свае лёсы і два старэйшыя ўнукі, а ўнучка вучыцца ў першым класе.  Весела і шумна бывае ў доме Узгоркаў, калі ўсе яны –  дзеці, унукі і праўнук – збіраюцца тут разам. У такія моманты разумееш,  якое гэта шчасце – дружная сям’я…

Заўсёды ў ліку перадавікоў былі Узгоркі на прадпрыемствах, дзе адпрацавалі многа гадоў. З 1979 года і да выхаду на заслужаны адпачынак (а працавала яшчэ дзесяць гадоў і на пенсіі) аддала Людміла Аляксандраўна раённаму камбінату бытавога абслугоўвання. Комплексны прыёмны пункт у «Шанхаі», якім яна загадвала доўгія гады, заўсёды выконваў даведзеныя планы, удзельнічаў  у разнастайных выязных мерапрыемствах. З людзьмі працаваць трэба ўмець – у гэтым жанчына пераканана. Зацікавіць чалавека, умела прарэкламаваць тавар, не паленавацца лішні раз яго прадэманстраваць – усё гэта Людміла Аляксандраўна ўмела,  і за гэта кліенты не раз пісалі ёй падзячныя словы. А ўсё працоўнае жыццё Мікалая Міхайлавіча было звязана з аўтамабілямі. Напачатку працаваў у  колішняй аўтакалоне, заканчваў работу ў аўтапарку №5. Колькі скалясіў дарог за ўсе тыя гады, колькі перавёз грузаў! Як і жонка, ён яшчэ пэўны час працаваў і на пенсіі, удала сумяшчаючы гэта са шматлікімі клопатамі дома.  А іх у працавітага чалавека заўсёды хапала і хапае.

У час размовы Людміла Аляксандраўна шчыра прызналася: нават крыху не верыцца, што іх з Мікалаем Міхайлавічам сям’і  – паўвека. Час не прайшоў, а літаральна праляцеў. Не сакрэт, што яны з мужам удзячны Усявышняму за тое,  як склалася іх жыццё. Сваёй працай,  жыццёвай мудрасцю і прыгожымі ва ўсіх сэнсах узаемаадносінамі стварылі яны тую атмасферу дабрыні, шчырасці і любові, якая іх акружае.  І самае галоўнае, што яны заўсёды і ўсюды разам, падтрымліваючы і атульваючы адно  аднаго клопатам.  Так і ідуць па жыцці, з’яўляючыся ўзорам сапраўднай сям’і для дзяцей, унукаў  і праўнука.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома сям’і Узгорак

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries