Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Па просьбе знаёмага дзяўчына зарэгістравалася індывідуальным прадпрымальнікам

Зарабляючы грошы, чалавек адчувае сябе больш свабодным. Хтосьці працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, установе, а хтосьці вырашае займацца працай самастойна. І гэта добра, што ёсць свабода выбару. Але ў любым выпадку чалавек мае не толькі свабоду, але і абавязкі перад грамадствам. У пэўнай меры такія абавязкі выконваюцца праз выплату падаткаў.

У параўнанні з тым, якія умовы былі для рэгістрацыі сваёй справы раней, то цяпер гэты працэс даволі просты, празрысты і не аднімае шмат часу. Аднак існуе пэўная катэгорыя прайдзісветаў, якія зарабляюць грошы, а адказнасць за выплату падаткаў, адлічэнняў у пенсійны фонд перакладаюць на іншых. Віной гэтаму з’яўляюцца непрадуманыя дзеянні, нявопытнасць людзей. Могуць здарацца і больш непрыемныя гісторыі, у якія трапляюць найчасцей маладыя людзі. Прывядзём прыклад з кантрольнай практыкі і будзем спадзявацца, што камусьці ён паслужыць перасцярогай.
Па просьбе знаёмага дзяўчына зарэгістравалася індывідуальным прадпрымальнікам. Пры гэтым знаёмы на першым этапе дапамог ёй у афармленні дакументаў, даў грошы на адкрыццё справы, вырашыў пытанні з арэндай гандлёвага месца і т.п. Дзяўчына сама не займалася пошукам тавару, яго аплатай, усё гэта рабіў знаёмы, яна ж толькі ставіла подпіс на паперах. Атрыманы даход залежаў ад сумы прададзенанга тавару. Такая ідылія працягвалася амаль год. Аднойчы ад імя дзяўчыны была заключана дамова з вядомай аптовай арганізацыяй на куплю тавару на буйную суму з адтэрміноўкай аплаты. Тавар на свае патрэбы забраў знаёмы (хутчэй за ўсё ён яго рэалізаваў за наяўныя грошы). Праз пэўны тэрмін арганізацыя пачала патрабаваць ад дзяўчыны грошы за тавар. Амаль адначасова “знаёмы” хуценька ад імя дзяўчыны скасаваў дамову на арэнду гандлёвага месца, вывез тавар з кіёска, памяняў у ім замкі. Арганізацыя звярнулася ў гаспадарчы суд з заявай аб спагнанні доўгу і выйграла працэс, таму што атрымальнікам тавару з’яўлялася дзяўчына. У выніку ўжо бацькам дзяўчыны прыйшлося разлічвацца па даўгах.
Яшчэ больш цяжэйшыя наступствы могуць быць, калі за невялікую плату (200 – 300 долараў ЗША) маладых людзей просяць даць пашпарт “на час”, альбо згадзіцца на просьбу выпадковага знаёмага “пабыць дырэктарам фірмы” – паставіць колькі подпісаў. Па такой схеме дзейнічаюць стваральнікі ілжэпрадпрымальніцкіх структур, якія за кароткі тэрмін могуць прагнаць праз разліковы рахунак дзесяткі мільярдаў рублёў. Жаданне “падзарабіць капейку” можа ў выніку прывесці (магчыма, нават праз некалькі гадоў) на лаву падсудных. Фармальны дырэктар не можа прадставіць ніякіх дакументаў кантралюючым органам пра паходжанне грошай, у той жа час ён нясе ўсю адказнасць за захаванне пярвічных уліковых дакументаў і бухгалтарскую справаздачнасць.
І яшчэ адзін напамінак – тэрміну даўнасці за нявыплату падаткаў не існуе.
Міхаіл ЦІМАШОЎ,
начальнік падатковай інспекцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries