Дарогі, дарогі, да роднага дому, як лёгкія мары спяшаюцца… – успамінаюцца некалі даўно прачытаныя і незабытыя радкі. Успамінаюцца тады, калі пад колы аўтамабіля куляецца тая самая шэрая стужка, таксама ўжо неаднойчы апетая ў вершаваных і песенных куплетах. Для лірыкаў дарога – каштоўны сюжэтны матэрыял. Для работнікаў дарожнай службы – аб’ект іх штодзённага фізічнага клопату.
Па добрых дарогах людзі дадому вяртаюцца, – гаварыў мой даўні знаёмы, былы старшыня аднаго з некалі перадавых калгасаў суседняй Маладзечаншчыны. У вёску Заскавічы, цэнтр гаспадаркі, заўсёды вялі дыхтоўныя, з асфальтавым пакрыццём, дарогі. І калгас «Светлы Шлях» у тыя часы ніколі не меў дэфіцыту працоўных рук. Часы змяніліся. Клопат пра дарогі застаўся. Ускладзены ён, як вядома, на дарожныя службы. Адно з такіх на Вілейшчыне – філіял ДЭУ-63 унітарнага прадпрыемства «Мінскаўтадор-Цэнтр».
Рамонт, утрыманне рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, збудаванняў на іх – яго асноўная задача. На балансе філіяла больш 288 тысяч кіламетраў дарожнага палатна, 46 мастоў. Гэта цэлы комплекс аб’ектаў, які патрабуе інтэнсіўнага абнаўлення. Паколькі эксплуатуецца бесперапынна. Як кажуць, у прасторы і ў часе. Найбольш інтэнсіўны рух транспартных сродкаў – па аўтадарогах Мінск-Маладзечна-Нарач, Мінск-Калачы-Мядзель. Пралягаюць яны па двух раёнах – Вілейскім і Мядзельскім. Клопату дарожнікам прыбаўляе сезонная непагадзь. Яна хоць і прагназуецца, але па заказу не прыходзіць. Таму заўсёды нагатове аўтамабілі-раскідвальнікі пясчана-солевай сумесі.
– У мінулым годзе для мэт бяспекі дарожнага пакрыцця філіялу ўдалося прыдбаць тры «МАЗы», – расказвае галоўны інжынер ДЭУ-63 Андрэй Пісарук. – Мы разумеем, і гэта практыкай пацверджана, што аварыйнасць залежыць ад стану дарог. Ёсць такое паняцце – крытычная ямістасць. Яна вельмі часта правакуе дарожна-транспартныя здарэнні,яе ўхіленне – наша задача. Для бяспекі руху важны выразны выгляд дарожных знакаў.
Андрэй Ігаравіч гаворыць аб зразумелых кожнаму рэчах. Узнаўляе сітуацыі, якія, пэўна, многія перажылі на дарогах. І колы траплялі ў выбоіну і дэфармаваныя знакі выклікалі непаразуменні. У кожным канкрэтным выпадку адно радавала: ёсць служба, якая нясе адказнасць і абавязана адмежаваць нас ад падобных сітуацый.
З маім суразмоўцам мы ўспамінаем яшчэ жывыя ў памяці моманты падрыхтоўкі да абласных дажынак. Калі перыядычна збіраліся пасяджэнні рабочых груп, размяркоўваліся заданні паміж службамі. Маштабнае мерапрыемства, якое мелася адбыцца на Вілейшчыне, рабіла нам гонар. І кожнаму хацелася ўнесці свой уклад у новы імідж вілейскай зямлі і яе насельнікаў. Шмат у гэтым сэнсе зроблена філіялам «ДЭУ-63». Па навядзенню парадку ў палосах адводу, рамонце і ўкладцы новага асфальта-бетоннага пакрыцця. Абноўленыя бардзюры (на прафесійнай мове – бартавы камень), свежыя гарызантальныя разметкі і «зебры», пафарбаваныя турнікеты…
– Прайшліся пешшу ўздоўж дарожнай сеткі і сабралі ўсё смецце, – расказвае Андрэй Ігаравіч. Пакінутае ці выкінутае намі з вокнаў аўтамабіляў, – з горыччу хочацца дадаць да гэтых слоў. Але вырысоўваецца, як кажуць, тэма іншай размовы.
А ў выніку – асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў мінулым годзе склаліся. Рост аб’ёма падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі, роўны 320,9 працэнта. На 7 працэнтаў зніжаны расход паліўна-энергетычных рэсурсаў, выручка ад рэалізацыі прадукцыі,паслуг павялічана на 158,1 працэнта. Атрыманы прыбытак у 448 мільёнаў рублёў. Лічбы – рэч упартая і красамоўная. Яны сведчаць аб бясспрэчнай наяўнасці ў дарожнай арганізацыі адпаведнага патэнцыялу развіцця.
…Па добрых дарогах людзі дамоў вяртаюцца. І забяспечваюць іх удалае вяртанне людзі ў рабочых спяцоўках з пазначанымі на іх надпісамі: «ДЭУ-63 «Мінскаўтадор-Цэнтр».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА




